Сёння мы распачынаем другую частку серыяла, прысвечанага беларускім жанчынам-творцам з далёкай мінуўшчыны. Новая галоўная гераіня — Тэкля Урублеўская — марыла стаць прафесійнай літаратаркай, аднак лёс заламаў яе музе крылы.
Перш чым перайсці да таямніц біяграфіі Тэклі Урублеўскай, трэба паставіць кропкі над “і”. Справа ў тым, што дзявочае прозвішча творцы выглядала так: Buzymowska, Burzymowska (Бужымоўская; назва сямейнага фальварка паэткі пад Слонімам — Бужымаў). Гэта вынікае з дакументаў роду XVII—XIX стагоддзяў. У сваёй першай кнізе ў 1817-м аўтарка выбрала іншы варыянт: Tekla z Bórzymowskich Wróblewska (польскія літары u, ó чытаюцца як “у”). Пазней, пэўна, з-за нядбаласці пісараў і саміх прадстаўнікоў фаміліі з’явілася форма Borzymowska (пабеларуску, адпаведна, Бажымоўская ці нават Барымоўская), якая стварыла шырокае поле для маніпуляцый. Прыкладам, для атаясамлення Бужымоўскіх з Бажымоўскімі — іх у Рэчы Паспалітай было нямала. Узяўшы гэтую праблему пад увагу, рушым далей.
Пра Тэклю Урублеўскую пачалі пісаць адразу пасля выхаду яе першай кнігі, то бок у 1817 годзе. У 1821-м літаратуразнавец Ян Савіньскі зрабіў дэталёвы разбор твораў паэткі. Згадак Урублеўскай і яе спадчыны ў розных публікацыях, слоўніках было вельмі шмат. Але сямейных і родавых таямніц усё адно багата. Нават даты жыцця аўтаркі — прыблізныя.
Сярод прац навукоўцаў вылучым даследаванне Tekla Wróblewska z Dzisny — zapomniana literatka późnego Oświecenia (2005) літаратуразнаўца Дароты СамборскайКукуць. Яна зрабіла агляд ранейшых публікацый і прааналізавала творчасць паэткі, немалую частку тэксту прысвяціўшы спробам высветліць паходжанне Урублеўскай. Варта згадаць і артыкул Міколы Хаўстовіча “Тэкля з Бажымоўскіх Урублеўская: на подступах да рамантызму” (2010). Аўтар яшчэ раз спрабуе закрыць гештальт, злучаны з радаводам жанчыны. Праўда, беспаспяхова. Вядома ж, пра Тэклю ёсць невялікі нарыс у “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” (1985). Час ад часу імя паэткі гучыць у папулярных нататках, прысвечаных Дзісне: другая палова жыцця Тэклі шчыльна знітавана з гэтым горадам.
Паводле гербоўніка Каспара Нясецкага, а дакладней дапоўненага перавыдання (1842, першае выйшла ў 1740-х), Бажымоўскія герба “Бяліна” былі звязаны з БрэстамКуяўскім і іншымі мясцінамі Польшчы. Звязаны з ёй і род герба “Лада”, але існуе згадка, што Стані слаў Бажымоўскі перабраўся ў Полацкае ваяводства. Трэцяя фамілія, герба “Любіч”, адносіцца да Вялікага Княства Літоўскага — Брэсцкага ваяводства і Лідчыны.
Касцёл Святога Андрэя. Слонім, 2006
Звернемся да больш аба знанага геральдыка Адама Банецкага. Другі том яго гербоўніка пабачыў свет у 1900-м. У гэтай кнізе аўтар падаў важную інфармацыю пра вялікалітоўскі род герба “Любіч”. Станіслаў Бажымоўскі за вайсковыя заслугі атрымаў у 1620 годзе ад караля Жыгімонта ІІІ землі ў Невельскім павеце (там сяліліся самыя адчайныя людзі, бо гэта было памежжа). Сын Станіслава, Мацей Казімір, з дазволу караля Яна Казіміра ў 1659-м уступіў тыя землі Марцыяну Рэйтану. Банецкі называе і іншых прадстаўнікоў роду, што жылі пазней: Міхала, падчашага і каптуровага суддзю Лідскага павета, выбаршчыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага; Юзафа, лідскага земскага суддзю ў 1765-м; братоў Антона, ротмістра нацыянальнай кавалерыі войска ВКЛ, і Тадэвуша, слонімскага гродскага суддзю ў 1797-м.
Тэкля Урублеўская — беларуская паэтка, перакладчыца, драматург. Частка яе работ выйшла з друку на заранку ХІХ ст. — аўтарка выдавалася ўласным коштам. Але большасць твораў так і засталася ў рукапісах. Дзякуючы Урублеўскай не знікла памяць пра нашага паэта з Быхаўшчыны Яна Аношку. Тэкля сабрала, апрацавала і выдала асобную кнігу яго вершаў.
Дарэчы, Марцыян Рэйтан — прадзед грамадскапалітычнага дзеяча ВКЛ Тадэвуша Рэйтана (1740—1780). Марцыян ажаніўся з Бажымоўскай і асеў на Невельшчыне (у Грушаўку яны перабраліся пасля 1693 года). А куды падзеўся Мацей Бажымоўскі і хто такія Антон ды Тадэвуш?
Вядомы яшчэ адзін род Бажымоўскіх (згаданыя ніжэй фаміліі — кальвінісцкая шляхта ВКЛ). У нашай гульні ён удзельнічаць не будзе, але, калі гаворым пра Бажымоўскіх, успомніць пра яго варта. Гэта продкі паэта Адама Міцкевіча, прабабуля якога — таксама Бажымоўская. Род пакінуў значны след у гісторыі ВКЛ, у XVII стагоддзі з Бажымоўскіх выйшла нямала вядомых людзей (кальвінісцкія святары, настаўнікі). Ёсць яшчэ адна цікавая паралель. Бабуля Адама Міцкевіча, кальвіністка Тадора Пянкальская, некаторы час пасля шлюбу з Якубам Міцкевічам судзілася праз пасаг з апекунамі Галухоўскімі — хутчэй за ўсё, са сваякамі паэткі Тэафілі Глінскай (яе маці належыць да Галухоўскіх).
Дарота Самборская-Кукуць мяркуе, што наш літаратар Ігнат Быкоўскі (сябар паэткі) і Бажымоўская пэўны перыяд маглі жыць па суседстве ў Слонімскім павеце. Быкоўскі, які часта пераязджаў, у красавіку 1792 года напісаў ліст да караля Станіслава Аўгуста з Луконіцы, што пад Слонімам.
Праверым. Луконіца (Лукавіца), як аказалася, здаўна належала Быкоўскім. Яе гаспадаром у 1690-м быў Дзімітрый ТышаБыкоўскі, ваўкавыскі мечнік. Літаратар Быкоўскі мог, завітваючы да сваякоў, некаторы час “суседнічаць” з Бажымоўскімі.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзісна, 1936
Акрамя таго, даследчыца выказала думку, што Бажымоўскія, пэўна, паходзілі з Бажымава (Бужымава) і жылі непадалёк, у вёсцы, уласнікамі якой пазней сталі іх сваякі Папроцкія. Праверым і гэтыя звесткі. Сапраўды, блізу Слоніма некалі быў фальварак Бужымаў, але сёння яго не існуе. Арыенцір для пошуку — вёска Талькаўшчына, якая таксама звязана з Бажымоўскімі.
Вось толькі спадарыня Самборская-Кукуць памыляецца, пішучы, што прозвішча Бажымоўскі з’яўляецца на гэтых абшарах у канцы XVIII стагоддзя (1797). Адным з першых Бажымоўскіх у Навагрудскім ваяводстве быў Мацей (1690) — пэўна, той самы, што ўступіў Марцыяну Рэйтану землі роду на Невельшчыне. Праўда, гэты чалавек жыў у 1690-м у Мазурках — на поўдні цяперашняга Ляхавіцкага раёна (у XVIII стагоддзі там будуць гаспадарыць Рэйтаны). Калі мы ўжо закранулі падымныя рэестры Навагрудскага ваяводства 1690 года, то згадаем іншых сваякоў слонімскіх Бажымоўскіх — Папроцкіх і Палубінскіх. Усе яны таксама жылі ў той мясцовасці ў 1690м.
Кім былі асобы, што ўпамінаюцца як падпісчыкі на кнігі Урублеўскай, — Канстанцыя Бажымоўская з Тупальскіх, Фердынанд Бажымоўскі, Канстанцыя Палубінская з Бажымоўскіх? Відаць, родзічамі. Канстанцыя Бажымоўская з Тупальскіх названа жонкай брата.
Фердынанд Бажымоўскі нарадзіўся каля 1790 года. У 1830-м ужо былы падкаморы Слонімскага павета ажаніўся з Зоф’яй Папроцкай. Фердынанд адышоў у лепшы свет у Бужымаве на пачатку 1862-га. Шляхціча пахавалі на могілках у Слоніме.
Цяпер — слова пра Людвіка Папроцкага. Ведаючы Тэклю, ён не раз распавядаў сябрам літаратурнай секцыі Таварыства філарэтаў гісторыі з жыцця паэткі. Людвік даводзіўся Зоф’і родным братам, таму мог атрымліваць інфармацыю пра аўтарку з першых добразычлівых вуснаў.
Сёе-тое ўдалося высветліць і пра Канстанцыю з Бажымоўскіх. У 1807-м яна выйшла замуж за пісара Вінцэнта Палубінскага. Памерла ў маёнтку Бужымаў у 1857-м. Нашчадкаў, як і брат Фердынанд, не пакінула.
Карта родных мясцін Тэклі Урублеўскай
А цяпер пра Тэклю. У 1800-м у касцёле Святога Андрэя (Слонім) пабраліся шлюбам Адам Урублеўскі і Тэкля Бажымоўская. Імаверна, што гаворка пра нашу гераіню, бо супадзенне надта красамоўнае.
Некалькі знойдзеных дакументаў сведчаць, што гэта Тадэвуш Бажымоўскі і Юзэфа Пясецкая. Тадэвуш, у адрозненне ад братоў Міхала і Антона, зрабіў добрую кар’еру. У 1776-м ён — лідскі харунжы, у 1781—1787-м — гусарскі паручнік, пазней абіраецца дэпутатам на Галоўны Трыбунал ВКЛ, у 1787—1797-м — слонімскі гродскі суддзя. Сканаў 30 кастрычніка (ст. ст.) 1828 года ў маёнтку Вераб’евічы, маючы 76 гадоў. Тадэвуша пахавалі, як напісана ў метрыцы, побач з магіламі продкаў ва ўніяцкай капліцы ў Талькаўшчыне. Ёсць у дакуменце яшчэ адна цікавінка: Тадэвуш Бажымоўскі памёр удаўцом, пакінуўшы сына Фердынанда і дачку Канстанцыю. Калі і Тэкля была яго дачкой, то чаму не згадваецца? Магчыма, таму, што жыла працяглы час ледзь не на іншым канцы свету, у Дзісне (каля Полацка), і бацькоў апякалі малодшыя дзеці.
Дзедам Фердынанда, Канстанцыі (і Тэклі?) быў Юзаф Адам Бажымоўскі, вельмі заўважны ў Лідскім павеце чалавек. Па кар’ерных прыступках ён падымаўся няспешна, але няўхільна. У 1744-м Юзаф — скарбнік, напрыканцы 1745-га атрымлівае прывілей на гараднічага, у 1754-м — падчашы лідскі. На пачатку 1765 года Бажымоўскі даслужыўся да адной з вышэйшых пасад павятовай іерархіі — пасады земскага суддзі, якую займаў да скону. У дадатак у 1771-м быў абраны дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ. Ажаніўся Юзаф Бажымоўскі з прадстаўніцай старога роду Мар’янай Нарбут, з якой меў сыноў Міхала (ротмістр лідскі), Тадэвуша (бацьку Тэклі?) і Антона Фердынанда (ротмістр кавалерыі). Валодаў фальваркамі Гімбуты, Шпыркаўшчына, Вераб’евічы, Дубрава, або Траццякоўшчына (Траццякоўцы), Жалудок і Сакаліншчына. Памёр 30 верасня 1782 года.
На гэтым аповед аб радаводзе завяршаецца. Далей прадставім жыццяпіс паэткі. Але архіўны пошук працягваецца: сухую і сціплую інфармацыю хочацца расквеціць цікавымі падзеямі, а іх, як правіла, апісваюць судовыя кнігі. Можа, нам пашанцуе.
Газета "Культура" №48 ад 29 лістапада 2024 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ