“Нясвіж”: гісторыя адраджэння

Сотні тысяч турыстаў штогод прыязджаюць у Нясвіж. Любуюцца архітэктурай замка і атрымліваюць асалоду ад прагулкі па дзівосным парку. Асцярожна шамацяць бахіламі па бліскучым паркеце палацавых залаў, зачаравана разглядаюць гіпсавую зорку на столі ды кафлі на камінах, дзівяцца на сервіроўку стала. Узіраюцца ў партрэты былых уладальнікаў, слухаюць легенду пра Чорную панну і шчыра абураюцца каварствам каралевы Боны. І, перапоўненыя ўражаннямі, наўрад ці задумваюцца, што аднаго з найпрыгажэйшых гісторыка-культурных комплексаў Беларусі магло б і не быць у тым шыкоўным выглядзе, у якім ён паўстае перад намі сёння.

ПАДТРЫМКА І КАНТРОЛЬ

Як ішло адраджэнне Нацыянальнага гісторыка-культурнага музеязапаведніка “Нясвіж”, што ўнесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, распавёў даследчык, экскурсавод і летапісец рэстаўрацыі — старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. 

— Палацава-паркавы ансамбль “Нясвіж” стаў першым у нашай краіне аб’ектам, дзе вялася такая маштабная рэстаўрацыя. І калі б не падтрымка дзяржавы — работы фінансаваліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва — і не пільная ўвага з боку Аляксандра Лукашэнкі, які даваў даручэнні і кантраляваў усе працэсы, створанае хараство так і засталося б проста марай, — заўважыў Сяргей Чысцякоў. 

Палац князёў Радзівілаў да рэстаўрацыі 2012 года

Па словах спецыяліста, знайсці адну арганізацыю, якая выканала б усе віды работ, не выпадала. Змянілася некалькі падрадчыкаў, якія займаліся будаўніцтвам. За інтэр’еры ўзялася “Белрэстаўрацыя”. Пры правядзенні работ выяўляліся моманты, якія вымушалі ўносіць змены і ў праект, і ў каштарыс. Хапала пытанняў і па выбары методык ды тэхналогій. У спрэчных і незразумелых сітуацыях на дапамогу прыходзіла спецыяльна створаная кансультатыўная рада. Часам залучалі рэстаўратараў з іншых краін, у прыватнасці з Расіі. 

— За 2004—2012 гады было зроблена вельмі шмат. Калі пераглядаю фатаграфіі тых часоў і бачу цяперашні замак, разумею: пры жаданні і падтрымцы на самым высокім узроўні беларусы могуць зрабіць усё! — падкрэслівае Сяргей Уладзіміравіч.

З ГЛЫБІНІ СТАГОДДЗЯЎ

Узнікненне ў Нясвіжы каменнага замка звязана з дзейнасцю Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. 

— Афіцыйным днём заснавання Нясвіжскага замка прынята лічыць 7 мая 1583 года, аб чым сведчаць лічбы, выбітыя на пліце, якую знайшлі падчас рэстаўрацыі над парадным уваходам у палацавую частку. Але ёсць доказы таго, што гаспадарчы корпус разам з вежай з’явіліся да закладкі палаца, — здзівіў фактамі Сяргей Чысцякоў. — У гісторыі замка трэба вылучыць тры асноўныя этапы, калі яго архітэктура, інтэр’еры і тэрыторыя перажывалі найбольш радыкальныя змены. Першы з іх — рэканструкцыя ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, пасля нашэсця шведаў. Другі — аднаўленне рэзідэнцыі роду Антоніем Вільгельмам і Марыяй дэ Кастэлян пасля працяглага запусцення замка, звязанага з наступствамі вайны 1812-га. Найбольш важны для нас трэці этап — рэстаўрацыя, праведзеная ў 2004—2012-х, калі падставай для маштабных работ стаў аварыйны стан пабудоў, а таксама неабходнасць размяшчэння ў замку сучаснага музейнага комплексу. 

З 1945-га тут дзейнічаў санаторый “Нясвіж”, дзе адпачывалі паэты, пісьменнікі, мастакі. Але ўжо за савецкім часам аб’ект пачаў прыцягваць увагу і як архітэктурны шэдэўр. Да сярэдзіны 1980-х неабходнасць прыняцця дзейсных мер для захавання замка стала відавочнай, і для санаторыя вырашылі ўзвесці новы будынак. 

Санаторый "Нясвіж" за савецкім часам

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” быў створаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у ліпені 1993 года. У склад увайшлі 10 аб’ектаў на тэрыторыі Нясвіжа, дамінантныя — замак Радзівілаў, гарадская ратуша з гандлёвымі радамі, Слуцкая брама, былы заезджы двор з карчмой... Асноўнай задачай музея-запаведніка стала злучэнне ўсіх помнікаў архітэктуры пад эгідай адной структуры, якая б займалася іх вывучэннем і захаваннем. 

Далейшы лёс комплексу быў вызначаны распараджэннямі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У першым, №148 ад 22 жніўня 1995 г., гаварылася аб правядзенні даследчых работ у Нясвіжскім і Мірскім замках. Другое — №363рп ад 2 снежня 1997 г. — прадугледжвала паэтапную ліквідацыю санаторыя “Нясвіж” і абавязвала шэраг міністэрстваў далучыцца да рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля. Асаблівую ролю ў лёсе замка адыграла і рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні культурнай і гістарычнай спадчыны на 2021-2025 гады “Культура Беларусі”. 

Работы былі ўмоўна падзелены на два этапы. Першы пускавы комплекс уключаў у сябе рэстаўрацыю брамы з вежай і прыбрамных карпусоў, замену купала надбрамнай вежы. А 1 верасня 2008 года для наведвальнікаў адкрылі тры залы і выставачную галерэю. 

Паўднёва-ўсходні фасад замка ў перыяд правядзення зандажных работ, якія пачаліся з 2001 года

Другі пускавы комплекс прадугледжваў рэканструкцыю і рэстаўрацыю палацавай часткі, дазорнай вежы, карпусоў Камяніцы і Арсенала, замкавай капліцы, падвальных памяшканняў. Работы завяршылі ў 2012-м: 20 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё галоўнага аб’екта Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” — музейнага комплексу ў замку князёў Радзівілаў з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

ПАД НОВЫЯ МЭТЫ

— Апошні адпачывальнік пакінуў санаторый “Нясвіж” у 2001-м. Памяшканні дасталіся нам у нядрэнным стане, — вярнуўся да гісторыі рэстаўрацыі Сяргей Чысцякоў. — Але яны не адпавядалі новым задачам — размяшчэнню тут сур’ёзнага культурна-музейнага цэнтра з інфраструктурай. Напрыклад, цяперашні гатэль пры гаспадарчым двары замка ў часы СССР уяўляў сабой водагразелячэбніцу. А ў арыгінале будынак быў замкавай стайняй. Ва ўспамінах пісьменніка Уладзіміра Бранеўскага ад 1810-га гаворыцца: “Канюшня невялікая, коней на 50. Па цэнтры ідзе каланада пад чырвонае дрэва з разьбянымі капітэлямі. Вісяць дываны, люстэркі, карціны, стаіць мэбля ручной працы і накурана пахошчамі”. 

Была праведзена рэканструкцыя, пабудаваны мансардны паверх — і цяпер гэта дастойны гасцінічны комплекс. 

Рэстаўрацыя печы ў кабінеце князя, 2009 

Гарадская ратуша Нясвіжа ўнікальная — найстаражытнейшая з тых, што захаваліся ў Беларусі, — 1596 года. Будынак магістрата, узведзены на сродкі і сіламі месцічаў, на працягу некалькіх стагоддзяў быў для членаў гарадской абшчыны галоўнай інстанцыяй для вырашэння надзённых пытанняў. Гравюра Томаша Макоўскага пачатку XVII стагоддзя сведчыць: на вежы былі гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка. 

Рэстаўрацыя ратушы вялася з 1997-га на працягу сямі гадоў. У выніку фасады набылі першапачатковае аблічча. Аднавілі і верхнія ярусы. Вежу зноў упрыгожыў гадзіннік, а інтэр’еры другога паверха рэканструявалі пад музейную экспазіцыю. У 2004-м ратуша стала функцыянаваць як асобнае падраздзяленне музея-запаведніка.

БУДЫНАК БЕЗ ПАДМУРКА

Пачынаючы з 2001-га ў замку праводзіўся комплекс навукова-пошукавых, ірыгацыйных і зямельных работ, без якіх немагчыма і гаварыць пра гарманічнае спалучэнне архітэктурных аб’ектаў з навакольным ландшафтам. Пасля дакладнага абследавання пабудоў былі пачаты зандажы і археалагічныя пошукі. Высветлілася: стан замка крытычна незадавальняльны. Ён быў узведзены на штучна насыпным грунце, які мае тэндэнцыю да нераўнамернага асядання, што моцна шкодзіць цэласнасці апорных канструкцый. 

У вельмі кепскім стане аказалася Усходняя галерэя. У архіўных дакументах ёсць згадка аб тым, што яна разбуралася нават падчас будаўніцтва. Даследаванні паказалі: будынак наогул не мае падмурка. Ён проста “прыклеены” з аднаго боку да палаца, з другога — да комплексу арсенала, а стаіць за кошт двухметровай таўшчыні знешніх сцен. Сцены ж, якія выходзяць у двор, былі ўсяго 75 см, і гэта для трохпавярховай канструкцыі стала вялікай небяспекай: яны пачалі адыходзіць ад асноўнай канструкцыі. З боку двара спатрэбілася ўстанавіць сістэму падпорак, каб сцены дачакаліся рэстаўрацыі. 

— Мы хацелі захаваць як мага больш, — распавядае Сяргей Уладзіміравіч. — Таму спачатку знялі толькі верхні паверх галерэі. Але высветлілася, што пралічаных нагрузак будынак усё роўна не вытрымае. Тады разабралі другі паверх, спадзеючыся пакінуць хаця б першы. Аднак, прасвідраваўшы падмурак, выявілі пад ім велізарную тарфяную лінзу з будаўнічым смеццем, якое засталося пасля рэканструкцыі XVIII стагоддзя. У выніку на мяжы 2007—2008-х галерэю поўнасцю разабралі. Асновай для ізноў узведзенай у лістападзе 2008-га пабудовы паслужылі 1100 паляў.

ПРЫГОЖЫ КУПАЛ 

Любы феадальны замак вядомы дазорнай вежай. Была такая і ў Нясвіжскім. У 2005-м на ёй узвялі купал паводле гравюры Томаша Макоўскага. Дарэчы, такая выява ўпрыгожвала і беларускую сторублёвую купюру першага ўзору. 

— Новы купал выклікаў спрэчкі сярод спецыялістаў. Бо ў часы Макоўскага збудаванне лічылася замкам і выконвала абарончую ролю. А цяпер мы маем палацавы комплекс з рэшткамі абарончых збудаванняў. І гэтая замкавая вежа з палацавай архітэктурай не спалучалася, — растлумачыў Сяргей Чысцякоў. — У выніку кансультацый вырашылі надаць купалу барочную форму, якую можна ўбачыць на пазнейшых малюнках і старых фатаграфіях. Новы купал устанавілі 14 красавіка 2012 года.

НЕЧАКАНЫЯ АДКРЫЦЦІ

— Што да палацавай часткі цэнтральнага корпуса, там да пачатку рэканструкцыі ў нядрэнным стане захаваліся роспісы і плафон парадных усходаў, печы, аўтэнтычныя каміны. У пакоях княгіні рэстаўратары знайшлі фрагменты роспісу XVII стагоддзя. Выявілі і некалькі закладзеных дзвярэй, схаваныя печы і каміны — дарэчы, іх для ацяплення замка выкарыстоўвалася 186! — расказаў Сяргей Уладзіміравіч. — Цікавай у плане даследавання стала цяперашняя зала архіва і бібліятэкі. У часы санаторыя яна выкарыстоўвалася як кінатэатр. Калі мы знялі нахільную падлогу, убачылі ў практычна ідэальным стане арыгінальную плітку, датаваную 1892 годам. Такое ж неверагоднае адкрыццё чакала нас і ў сучаснай зале гісторыі будаўніцтва і рэстаўрацыі замка. 

Спецыялісты доўга шукалі трохпавярховую замкавую капліцу. Аказалася, у бытнасць санаторыя яна была перакрытая на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў, дзе размясціліся ленінскі пакой і палаты для адпачывальнікаў. Паўстала пытанне: ці вытрымаюць апорныя канструкцыі аднаўленне таго архітэктурнага аб’ёму, які існаваў першапачаткова? Нарэшце архітэктары сказалі, што з улікам сучасных матэрыялаў зрабіць гэта можна. І зрабілі! Цяпер госці наведваюць выдатны дзейны храм — дакладную копію таго, у якім калісьці бывалі каралі ды знакамітыя асобы. 

— Колькі разоў Нясвіжскі замак знаходзіўся на краі поўнага разбурэння і гібелі! Але ўвесь час з дапамогай неабыякавых людзей ён адраджаўся. Упэўнены: і ў далейшым яго чакае доўгае цікавае жыццё, — падсумаваў Сяргей Чысцякоў. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара і з архіва Сяргея ЧЫСЦЯКОВА