Аднаўленне, захаванне, выкарыстанне

Апублiкавана: 10 снежня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Стан работы па ахове аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і ўключэнні аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, у гаспадарчы і турыстычны абарот разгледзелі 25 лістапада на пасяджэнні ў Міністэрстве культуры.

Жыровіцкі манастыр

Як адзначыў міністр Анатолій Маркевіч, Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей налічвае 5685 пазіцый, на шэрагу аб’ектаў сёння адбываюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Разам з тым варта заўважыць, што 237 аб’ектаў знаходзяцца ў незадавальняючым стане і ўключаны ў план на 2023—2025 гады па захаванні аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. 

З мэтай скарачэння колькасці такіх аб’ектаў усімі абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарвыканкамам распрацаваныя і ўзгодненыя пакрокавыя планы дзеянняў да 2025 года, накіраваныя на захаванне помнікаў архітэктуры, у тым ліху шляхам уключэння аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, у гаспадарчы і турыстычны абарот. У адпаведнасці з зацверджанымі дакументамі да канца 2025-га неабходна ўключыць у гаспадарчы абарот 49 аб’ектаў, а ў турыстычны — 52. Станам на 1 лістапада 2024 года ў гаспадарчы абарот уключана 15 аб’ектаў, у турыстычны — 28. Аналіз паказаў недастатковасць тэмпаў работы ў гэтым напрамку. Прытым заканадаўствам спрошчаны парадак работ, прадастаўленыя падатковыя льготы, спрошчаныя працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі і правядзення аўкцыёнаў для аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. 

Палац у Жылічах

Падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні арганізацыі работы па размяшчэнні інвестыцыйных прапаноў на сайтах камітэтаў дзяржаўнай маёмасці абласных выканаўчых камітэтаў, а таксама выкананне мэтавага паказчыка Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” па колькасці складзеных дасье на аб’екты спадчыны і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, распрацаваных і прадстаўленых у ЮНЕСКА. 

НОВЫЯ МАРШРУТЫ 

З асноўным дакладам выступіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская, якая падкрэсліла, што сёння рамонтна-рэстаўрацыйныя работы вядуцца на такіх аб’ектах, як Спаса-Праабражэнская царква ХІІ стагоддзя ў Полацку, касцёл Божага Цела XVI стагоддзя ў Нясвіжы, Навагрудскі замак ХІІІ стагоддзя, будынак ешывы ХІХ стагоддзя ў Валожыне, замак XIV стагоддзя ў Крэве Смаргонскага раёна, палацава-паркавы ансамбль XVIII—XIX стагоддзяў у Жылічах Кіраўскага раёна, палацавы комплекс XVIII—XIX стагоддзяў у Ружанах Пружанскага раёна, будынак Клімавіцкага краязнаўчага музея, а таксама шэраг аб’ектаў Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра ў Слонімскім раёне. На мерапрыемствы па рэалізацыі планаў для работы з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія не выкарыстоўваюцца, на 2024 год было выдаткавана каля 26 мільёнаў рублёў. 

Замак у Крэве

Сёння ў турыстычныя маршруты ўключана больш за 2170 аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. Варта адзначыць распрацаваныя сёлета турыстычныя маршруты па Мінску, Ваўкавыску, Нароўлі і Чачэрску. У Нацыянальным агенцтве па турызме за 10 месяцаў 2024 года прайшлі атэстацыю ў якасці гідаў-экскурсаводаў 46 супрацоўнікаў мінскіх музеяў, і плануецца, што да канца года пройдуць яшчэ шасцёра. 

ПАВЫСІЦЬ ТЭМПЫ 

Адным з важных аспектаў сістэмнага падыходу пры рабоце з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца мерапрыемствы па распрацоўцы праектаў іх зон аховы, што спрыяе выяўленню, аднаўленню, захаванню і выкарыстанню помнікаў гісторыі і культуры, а таксама ўключэнню аб’ектаў культурнай спадчыны ў гаспадарчы і турыстычны абарот. Праекты зон аховы размяшчаюцца ў адкрытым доступе і дазваляюць інвестарам, зацікаўленым у набыцці аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, ацаніць эканамічныя рызыкі і выгады, пралічыць акупальнасць. У адпаведнасці з планамі на 2022—2024 гады прадугледжаная распрацоўка 89 праектаў зон аховы, з якіх распрацавана 59, а таксама на разглядзе ў Міністэрстве культуры знаходзяцца сем, таму неабходна рэкамендаваць абласным выканаўчым камітэтам і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту ліквідаваць адставанне ад планаў. 

Навагрудскі замак

Важным аспектам з’яўляецца павелічэнне прысутнасці беларускіх аб’ектаў у спісах сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што спрыяе павышэнню прэстыжу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. У 2023-м у ЮНЕСКА накіраваныя дасье па намінацыях “Беларускае мастацтва выцінанкі” і “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”, у 2024-м накіраванае дасье “Культура беларускай дуды”. Таксама сёлета ўключаны ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Сёння існуе прапанова аб стварэнні на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі аддзела, які будзе рыхтаваць адпаведныя дасье для намінацыі ў спісы ЮНЕСКА. 

Фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку

З дапамогай сродкаў відэасувязі ў пасяджэнні ўзялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, якім было ўказана на неабходнасць актывізацыі работы па абмеркаваных кірунках і ліквідацыі адставання. 

Антон РУДАК