Ужо цягам 55 гадоў жыхароў аграгарадка і вакольных вёсак збірае ва ўтульнай атмасферы Маісееўшчынскі сельскі клуб у Барысаўскім раёне. Сюды з задавальненнем прыходзяць і дзеці, і дарослыя: загадчыца ўстановы Наталля Вевер імкнецца для ўсіх арганізаваць цікавы і карысны вольны час.
Наталля Пятроўна — кіраўнік новы, але яна вельмі паважае культурную спадчыну, якая дасталася ад папярэднікаў. Добрых традыцый закладзена нямала. Да сёння цёплым словам людзі ўспамінаюць загадчыцу клуба Зою Ізбавіцель: менавіта яна ў пачатку 1990х стала праводзіць у Маісееўшчыне дні вёскі і тэатралізаваныя народныя святы. Купалле ды іншыя адзначаліся шумна, з размахам, з захаваннем звычаяў. Наступны кіраўнік Віктар Цвяткоў прыйшоў у клуб з мясцовай сярэдняй школы, дзе выкладаў музыку. Увагу акцэнтаваў на мастацкай самадзейнасці, арганізаваў жаночы ансамбль, апрануў выканаўцаў у прыгожыя касцюмы — у той час пашыць такія было няпроста! У іх артысткі выступалі шмат гадоў. Нямала добрага паспелі зрабіць загадчыцы Наталля Друк і Таццяна Бабавоз.
Кіраўнік установы Наталля Пятроўна Вевер
Наталля Вевер па прафесіі прадавец, але жаданне займацца творчай працай падштурхнула да змены спецыяльнасці. Зараз Наталля Пятроўна вучыцца на рэ жысёра народных абрадаў і свят у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Набытыя веды ахвотна прымяняе на практыцы.
— Па душы вяскоўцам аказаўся абрад “Багатая Каляда”, — распавядае загадчыца клуба. — Мы з дзецьмі пераапраналіся: і Дзядуля з Бабуляй у нас былі, і Цыганка, і Каза. Па вуліцах крочылі з каляднай зоркай. Шэсце атрымалася яркае, шумнае, вясёлае. Людзі ў вокны выглядвалі, з дамоў выходзілі, каб нас павітаць. Мінакі спыняліся, здымалі на тэлефоны, апладзіравалі, падпявалі ды пускаліся ў скокі разам з намі. Мы наведвалі і жыхароў паважнага ўзросту — віншавалі песнямішчадроўкамі і цешылі тэатралізаванай пастаноўкай.
Удзельнічаем і ў іншых народных святах. Любім “Багач”, які ладзіць мясцовая школа. Вучні падыходзяць, разглядаюць, цікавяцца: як з гародніны такую кампазіцыю стварыць? Расказваем, паказваем — атрымліваюцца спантанныя, але захапляльныя і карысныя майстаркласы.
Наталля Вевер у клубе адзіны культработнік. Але гэта не перашкаджае ёй быць годным арганізатарам. Дэкаратыўнапрыкладным мастацтвам юныя госці ўстановы займаюцца ў гуртку “Умелыя ручкі”. “Наш край” далучае дзяўчынак і хлопчыкаў да краязнаўства: яны збіраюць інфармацыю аб роднай вёсцы і найбліжэйшых населеных пунктах, аб паважаных людзях і цікавых прафесіях. Школьнікі актыўна прычыняюцца да патрыятычных акцый, ладзяць віншавальныя імпрэзы для пажылых людзей у гонар дзяржаўных свят, упарадкоўваюць тэрыторыю каля помніка “Журботная маці”.
Дзецям у клубе заўсёды цікава!
Дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведваюць экалагічнае аматарскае аб’яднанне.
— Яны добрыя, працавітыя. На жаль, так атрымалася, што ўмовы жыцця ў гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак складаныя, — тлумачыць Наталля Вевер. — З розных вёсак прыязджаюць на ўрокі ў школу, а потым — да нас, у клуб. З задавальненнем! Разам даследуем навакольны свет, флору і фаўну, вучымся разумна абыходзіцца з бытавым смеццем і ў цэлым паважліва ставіцца да прыроды. Мы прыбіраем прылеглы лес, а яшчэ разбілі клумбы, пасадзілі ніцыя вербы. Вырастуць — атрымаецца прыгожая загарадзь, а заадно і матэрыял для лозапляцення будзе пад рукой.
Аматарскае аб’яднанне “Разам весялей” у клубе стварылі, калі ўстанове выдзелілі настольныя гульні. Яны аказаліся запатрабаванымі — працэс займальны, шмат магчымасцей для камандных спаборніцтваў: “Ваша лато”, “Манаполія”, “Капітал”, шашкі і шахматы. Ды і гульнявы пакой даступны цэлы дзень. Юныя наведвальнікі ахвотна ўдзельнічаюць у квэстах і дыскусіях на розныя тэмы, а летам шмат часу праводзяць на свежым паветры. Даганялкі і хованкі, класікі, пошук скарбаў, казакіразбойнікі…
Папулярныя ў дзяцей гадзіны творчасці, падчас якіх дзяўчынкі і хлопчыкі набываюць карысныя навыкі. Напрыклад, плятуць кілімкі і лепяць з гліны. Яшчэ адно цікавае традыцыйнае мера прыемства — старшакласнікі праводзяць экскурсіі па экспазіцыі работ мясцовых майстрых, размешчанай у кутку сялянскага побыту. Аматараў павесяліцца на танцпляцоўцы збірае моладзевая дыскатэка “Без жартаў”. Паслуга платная, што для сельскага клуба істотна.
Пра дарослых ва ўстанове таксама не забываюцца. Аматарскае аб’яднанне “Суразмоўніцы” сабрала жанчын, якія захапляюцца творчасцю, ведаюць народныя звычаі, гатуюць беларускія стравы. Кабеты разам адзначаюць святы ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі, спяваюць, дзеляцца рэцэптамі, вядуць душэўныя размовы за кубачкам гарбаты з траў, якія самі ж і нарыхтоўваюць. Яшчэ ўдзельніцы аб’яднання ўспамінаюць добрым словам старажылаў, якія пакінулі багатую культурную спадчыну.
Шмат ахвочых прыходзіць на майстаркласы па стварэнні народных лялек. Завітваюць і дзеці, і дарослыя. Наталля Пятроўна расказвае пра паходжанне лялькі, яе месца ў жыцці продкаў, пра нагоды, з якіх яе рабілі. Пазнавальна! Кіраўніца і сама наведвае заняткі па розных відах дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, якія ў Барысаве, у Цэнтры традыцыйнай культуры і раённым Цэнтры народнай творчасці, праводзяць вопытныя майстры.
Падчас Тыдня бацькоўскай любові
— Па-вашаму, якая асноўная задача сельскага клуба? — цікаўлюся ў Наталлі Вевер.
— Занятасць дзяцей і падлеткаў, арганізацыя карыснага вольнага часу для людзей рознага ўзросту, іх эстэтычнае выхаванне, — тлумачыць Наталля Пятроўна. — Імкнуся прыдумляць нешта новае, здзіўляць. Гэта няпроста: нашы сучаснікі, асабліва малодшае пакаленне, распешчаны забаўкамі анлайн. Таму хочацца паказваць рэальнае жыццё, далучаць да творчасці, аб’ядноўваць добрымі справамі, вучыць людзей шанаваць, захоўваць і развіваць культурныя традыцыі роднага краю.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва клуба