Са святам, “Свята”!

Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята” спраўляе 40-ы дзень нараджэння. За гады працы артысты далі больш за 20 тысяч канцэртаў.

Калі трэба падняць настрой, выпраўляйцеся на імпрэзу з удзелам “Свята”. Правераны спосаб! Ужо чатыры дзесяцігоддзі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, заснаваны пры Белдзяржфілармоніі, цешыць публіку творчасцю. Кожны нумар — гарантаваныя станоўчыя эмоцыі. Артысты выступаюць з запалам на сцэне, а іскрыцца глядзельная зала. Адна ўсмешка салісткі — і сотні ў адказ. Першыя гукі народнай песні — і плошча танчыць. Магія! Але ўдзельнікі “Свята” не чараўнікі, а таленавітыя, апантаныя працай людзі, якія даюць усім магчымасць убачыць каларыт і прыгажосць беларускай культуры. 

ДЗІЎНЫЯ 

— Мы сталі першым у краіне фальклорным ансамблем, які пачаў адраджаць айчынную народную музычную спадчыну прафесійна, — распавядае мастацкі кіраўнік “Свята” Вячаслаў Статкевіч. — Стваральнік калектыву — музыкант, кампазітар, збіральнік і выканаўца фальклору, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Купрыяненка. Дзякуючы яму ў рэспубліцы і за мяжой гучаць цудоўныя творы: “Цячэ вада ў ярок” (наша візітоўка), “Мамачка родна, пусці на сяло”, “Мае вочы чорныя”, “Калі каліна не цвіла”… Васіль Аляксеевіч — аўтар песень на вершы айчынных паэтаў. Ён зрабіў больш за тры сотні інструментальных апрацовак народнай музыкі, якія слухаюць і зараз. А як артыст падчас выступлення садзіўся з баянам на шпагат! 

Жыццё Васіля Купрыяненкі аба рвалася летам 2021га, але яго справа жыве і развіваецца: ансамбль “Свята” застаецца ўнікальнай скарбніцай фальклору. А колькі жамчужын народнай творчасці знойдзена ў шматлікіх экспедыцыях па Беларусі! Пачыналі з Палесся, завітвалі ў самыя аддаленыя куткі, сустракаліся з мяс цовымі музыкантамі, запісвалі найгрышы і песні, якія потым выконвалі на традыцыйных інструментах. Цяпер матэрыял збіраецца па ўсёй краіне. 

ТАЛЕНАВІТЫЯ 

— Спярша рэпертуар “Свята” складалі акапэльныя песні і народная музыка. Потым з’явіліся танцы, далей песні з суправаджэннем, — паглыбіўся ў гісторыю Вячаслаў Статкевіч. — У калектыве працавалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Святлана і Уладзімір Салодкія, Міхаіл Ліпчык, Марыя Маршак, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка, фалькларыст і харэограф Мікалай Котаў, танцоры Валерый Ларыёнаў, Вера Варашылава, танцор і барабаншчык Андрэй Маханёк, аўтар песні “Чарка на пасашок” Аляксандр Балотнік, спевакі Міхась Пацук і Васіль Сатвароны… Анатоль Кашталапаў, які кіраваў ансамблем пасля Васіля Купрыяненкі, сам віртуозна граў на баяне, гармоніку, саломках, дудачцы, флейце, акарыне. Сцэнічныя ўборы ўжо 40 гадоў стварае легендарны Юрый Піскун — мастак па касцюмах, жывапісец, педагог і даследчык старажытнабеларускага мастацтва. 

ПРАДУКТЫЎНЫЯ 

Штогод “Свята” дае больш за 120 канцэртаў. Яго можна сустрэць і на вялікіх пляцоўках (Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, рэспубліканскія фестывалі “Пеўчае поле”, “Александрыя збірае сяброў”), і ў маленькіх вёсачках. Калектыў актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах да святочных, памятных дат. Праграмы ансамбля вылучаюцца разнастайнасцю: беларускія народныя і аўтарскія песні, хіты ў арыгінальнай апрацоўцы, танцы, што адлюстроўваюць нашы традыцыі і звычаі. Колькі разоў артыстаў выклікалі на біс пасля песень “Гуляй, душа”, “Застольная”, “На вяселлі”, “Малявана брычка”, “Ночкачараўніца”, “Вада бяжыць”, “Еду да цябе”, “Добрыя людзі”, “Завіруха”! Доўга не сціхаюць апладысменты пасля музычных замалёвак і найгрышаў “Шастак”, “Іванаўская полька”, “Абцасы з выкрунтасамі”, заліхвацкіх танцаў “Чобаты”, “Кракавяк”, “Крутуха”… 

ЦУДОЎНЫЯ 

— Самае радаснае — калі нашы творы блізкія і зразумелыя людзям, — кажа Вячаслаў Статкевіч. — Я ўдзячны лёсу, што маю такіх калег, як Людміла Кірыленка, Кацярына Булатоўская, Вікторыя Катлярова, Алена Літаш, Таццяна Карабкова, Вольга Казякоўская, Віталь Смусянок, Антон Пракапцоў, Богдан Мішкінь, Раман Вышынскі, Дзяніс Тапуць, Сцяпан і Лізавета Фёдаравы, Анатоль Казак, дырэктар ансамбля Наталля Трус. У Белдзяржфілармоніі цудоўнае кіраўніцтва — Юрый Гільдзюк і Аляксандр Нікіта. 

ЗАСЛУЖАНЫЯ 

Істотны ўклад “Свята” ў развіццё нацыянальнай культуры і выхаванне творчай моладзі, у прапаганду беларускага фальклорнага мастацтва, а таксама выдатныя дасягненні калектыву адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ганаровыя граматы Міністэрства культуры і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Артысты не раз удзельнічалі ў міжнародных фестывалях, адкуль вярталіся з дыпломамі, прызамі ды медалямі. А 31 снежня 2019 года Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі “Свята” прысвоілі званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. 

Высока ацэнены, у тым ліку і ме далём Францыска Скарыны, асабісты ўнёсак Вячаслава Статкевіча. Для хлопчыка з хутара Рэпнікі, што на Лідчыне, захапленне фальклорам пачалося з радыё — адзінай даступнай у 1970х забаўкі. Любоў да песні прывяла юнака ў Лідскае музычнае вучылішча, затым у Акадэмію мастацтваў. Ар¬ тыст працаваў у ТЮГу, тэатры аднаго акцёра “Зніч”, ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, выкладаў тэорыю мастацтва ў гімназіі, супрацоўнічаў з часопісам “Роднае слова”, вёў перадачу “Спявай, душа” на Беларускім тэлебачанні. У “Свята” Вячаслаў Статкевіч трапіў у 1993 годзе, а ў 2019м стаў мастацкім кіраўніком. 

ЮБІЛЕЙНЫЯ 

Да 40годдзя калектыў падрыхтаваў новую праграму “Святой Беларусі зямля” з 40 нумароў. На канцэрт, які зладзілі 21 лістапада ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі, прыйшлі шматлікія сябры ансамбля. Было багата цёплых успамінаў, прыемных сюрпрызаў і добрых слоў. Са святам, “Свята”! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва калектыву