Арфічна-фантастычна

Апублiкавана: 27 лiстапада 2024 Стужка Музыка Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Музычных форумаў пабольшала: 21 лістапада ў Мінску адкрыліся І Міжнародны фестываль-конкурс “На струнах арфы”. Ён сабраў звыш паўсотні выканаўцаў з Беларусі і Расіі, а таксама з Казахстана і Узбекістана.

У праграме — выбітныя канцэрты ў Нацыянальным мастацкім музеі, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Конкурсныя праслухоўванні юных арфістаў адбыліся на сцэне навучальнай установы, якая выступіла галоўным арганізатарам праекта. Гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Іменна тут увечары 23-га аб’явілі вынікі творчага спаборніцтва. А фестывальныя канцэрты, што прэзентавалі арфу як сольны інструмент з багатай гісторыяй і адметным тэмбрам, працягнуліся да 24 лістапада ўключна. 

Журы фестывалю ўзначаліла заслужаны дзеяч мастацтваў, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Наталля Шамеева.

Мастацкі кіраўнік праекта, лаўрэат міжнародных конкурсаў, артыстка Вялікага тэатра Беларусі і выкладчыца гімназіі-каледжа пры БДАМ Вераніка Грабоўская расказала, як узнікла ідэя форуму. 

— Задума нарадзілася з вялікай любові да арфавага мастацтва. Хочацца яго папулярызаваць, развіваць. І мы вельмі ўдзячныя, што Міністэрства культуры падтрымала нашу ініцыятыву. Арфа — цудоўны музычны інструмент, адзін з самых старадаўніх, авеяны мноствам міфаў і легендаў, пачынаючы з Антычнасці. Аднак сучасны варыянт, што мае ўдасканаленую канструкцыю і, адпаведна, куды больш шырокія магчымасці, узнік усяго каля 250 гадоў таму. Мы будзем распавядаць пра гэта на канцэртах! Многія ўспрымаюць арфу найперш як аркестравы інструмент, незаменны ў сімфанічным складзе. Сапраўды, адно толькі яе згадванне адразу выклікае ў памяці чароўнае, казачнае гучанне балетаў Чайкоўскага. Але арфа выступае і як самастойны інструмент, годны канцэртнай эстрады ў якасці сольнага. Менавіта такія творы і будуць выконвацца на фестывалі-конкурсе. 

— У сімфанічным аркестры звычайна выкарыстоўваецца адна арфа. Адпаведна, музыкантаў, якія граюць на гэтым інструменце, рыхтуюць вельмі мала. Дзе ж вы набіралі канкурсантаў? 

— Насамрэч у аркестрах павінна быць па дватры арфісты. І ёсць яшчэ сольныя канцэртныя выступленні! Ігра на арфе цяпер выкладаецца не толькі ў кансерваторыі, але і ў музычных каледжах, у дзіцячых школах мастацтваў. Таму і конкурс мы праводзім у трох узроставых групах: 6—9, 10—12 і 13—16 гадоў. Усяго пададзена 29 заявак. 

— У кожнай групе будзе, вядома, свой рэпертуар. А ці прадугледжаны нейкія абавязковыя творы? Можа, нават прэм’ерныя, як гэта здараецца на самых прэстыжных спаборніцтвах. 

— Па ўмовах конкурсу ў праграмы ўсіх удзельнікаў трэба ўключыць музыку класіцызму ці барока. Стылістыка гэтых эпох адразу дазваляе ацаніць ступень тэхнічнай падрыхтоўкі юнага артыста, градацыі яго гукавой палітры. У праграмах дзяцей са старэйшых груп павінна прысутнічаць буйная форма, каб можна было меркаваць пра драматургічнае мысленне выканаўцы. Абавязковымі з’яўляюцца вызначаныя творы ХХ—ХХІ стагоддзяў. Сярод аўтараў — два айчынныя кампазітары. Мы запрасілі іх у журы і прадугледзелі для канкурсантаў прызы за найлепшае выкананне беларускіх твораў. П’есы для малодшай групы па нашай замове напісаў малады Вячаслаў Пяцько. Так узнікла сюіта “Беларускія птушкі”: “Жавароначкі”, “Перапёлка”, “Зязюленька”, “Чорна галка і ясны сокал”. Кожнае дзіця павінна абраць адну з гэтых частак. Назвы, як можна заўважыць, невыпадковыя, бо ў аснову пакладзены народныя песні. Удзельнікі са старэйшай групы выканаюць п’есы іншага кампазітара — прызнанага майстра Галіны Гарэлавай. У яе ёсць цудоўны цыкл “Малюнкі на грэчаскай вазе”. Насамрэч нізак з такой назвай у аўтара дзве: для фартэпіяна і для арфы. І яны абсалютна розныя! Цалкам усе “Малюнкі” я сыграю ўвесну ў Марыінскім тэатры, а цяпер канкурсанты абяруць адну з трох частак: “Прылёт ластаўкі”, “Сірэна”, “Афрадыта, якая ваўчком забаўляе немаўля Эрота”. Самае непасрэднае дачыненне да Беларусі мае яшчэ адзін кампазітар — Дзіна Смаргонская. Продкі яе, як бачна па прозвішчы, былі са Смаргоні, сама яна родам з Віцебска, але кансерваторыю заканчвала ў Санкт-Пецярбургу. У 2003м у тамтэйшым выдавецтве “Кампазітар” выйшла сюіта Смаргонскай “Усходнія мініяцюры”, прысвечаная расійскай арфістцы Ірыне Данской. З той работы таксама можна абраць дзве п’есы. А сярэдняй групе трэба абавязкова выканаць адзін з твораў Марсэля Турнье — французскага арфіста і кампазітара першай паловы ХХ стагоддзя. 

— І гэта толькі конкурс. А колькі цікавага будзе на фестывальных канцэртах! 

— Мы запрасілі найлепшых выканаўцаў! І найперш гэта заслужаны дзеяч мастацтваў, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Наталля Шамеева. Яна больш як 40 гадоў працавала ў Вялікім тэатры Расіі, таксама выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі і ўжо амаль паўстагоддзя вучыць студэнтаў у Гнесінцы, выдала манаграфію пра музыку для арфы. Кнігу нават пераклалі на англійскую мову. Тое, што Наталля Хамідаўна і выступіць, і ўзначаліць журы, — вялікі гонар для нас. 

— А як вы самі прыйшлі да арфы? 

— Яшчэ ў дзяцінстве: як толькі пабачыла, адразу захацела на ёй іграць. І мара спраўдзілася! 

— Думаю, людзей, улюбёных у гэты інструмент, пасля фестывалю стане больш — сярод навучэнцаў, кампазітараў і шырокай публікі. Усё будзе арфічна-феерычна! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіваў гераінь