Адкрываем новыя старонкі біяграфіі адной з беларускіх паэтак — Тэафілі Глінскай, чыё жыццё прыйшлося на другую палову бурлівага XVIII стагоддзя. Спадчына творцы ўключае паэму, вершы, пераклады. Але па дзіўным збегу абставін у нас гэты набытак зусім невядомы.
Наша гераіня жыла ў ваколіцах возера Свіцязь — гэта сэрца Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Што ў тыя часы ўяўляла з сябе малая радзіма літаратаркі — Вялікія Косічы?
Кар'ер на месцы сядзібы Глінскіх, Косічы
Першая згадка маёнтка прыпадае на 1500-ы. Уладанні Глінскіх размяшчаліся на адгор’і высокай ледавіковай грады. Сядзіба стаяла на самай вяршыні, і з даху ўсё было бачна на многія кіламетры. З трох бакоў гару атачала багністая раўніна. Дарэчы, днямі я наведаўся ў Косічы. На вялікі жаль, палова той гары аказалася зрыта кар’ерам. На яго краі, адкуль усё яшчэ адкрываецца захапляльны від, заўважыў руіны. Напэўна, нейкім цудам захаваўся маленькі кавалак сядзібнага падмурка. Тут я запаліў памятны зніч.
Бацькі Тэафілі — Крыштаф Глінскі і Тэафіля Галу- хоўская — пабраліся шлюбам каля 1760-га. Налета ў сям’і нарадзіўся першынец, якога назвалі Феліцыянам-Крыштафам. За ім, у 1762-м або ў 1763-м, на свет прыйшла Тэафіля, потым — Людвіка (1764) і Тэафіл-Казімір, якога ахрысцілі 1 сакавіка 1767 года. Сярод іншых ганаровай сведкай на таемстве ў малодшага брата была Тэафіля (у дакументах яна, за выключэннем аднаго выпадку, фігуруе як Багуміла або як Багуміла-Сафія).
Са сконам у 1763-м Аўгус- та ІІІ Саксонскага завяршыўся працяглы перыяд спакою. У выніку зацятай палітычнай барацьбы каралём абралі Станіслава Панятоўскага. Не маючы шырокай падтрымкі ў Рэчы Паспалітай, малады манарх не апусціў рукі і з дапамогай клана Чартарыйскіх пачаў рэформы ў розных сферах — эканоміцы, культуры, палітыцы, войску. Апаненты не марудзілі і ўзяліся за інтрыгі. Неўзабаве разгарнулася грамадзянская вайна, якая знясіліла краіну. Калі 5 верасня 1772 года на тэрыторыю Рэчы Паспалітай увайшлі арміі трох суседніх дзяржаў, то на яе абарону не было каму падымацца. Сейм 1773—1775-га ўхваліў падзел Рэчы Паспалітай, што стаў пралогам да завяршэння праекта “Вялікае Княства Літоўскае”. На гэтым — да пэўнага часу — актыўныя палітычнаваенныя дзеянні скончыліся. Наступіў адносны спакой, і кароль з колам аднадумцаў здолелі працягнуць стваральную работу. Перыпетыі ў краіне не маглі не паўплываць на Тэафілю. Тыя кавадла і молат умацоўвалі характар паэткі, фарміравалі яе як патрыётку.
Саламея Пільштынава (аўтар невядомы)
Трэба сказаць колькі слоў пра культурны клімат, які істотна змяніўся ў часы Панятоўскага. Ён заснаваў першы публічны нацыянальны тэатр, распрацаваў і ўвёў цэлую сістэму дзяржаўных узнагарод, у якой адметнае месца займалі медалі для творчых асоб. Два разы на тыдзень пачаў выходзіць часопіс Monitor — неафіцыйны рупар каралеўскай партыі. Паўсталі першыя вялікалітоўскія газеты — Gazety Wileńskie ды Gazeta Grodzieńska (першае перыядычнае выданне на беларускіх землях). Штотыднёвік Zabawy Przyjemne i Pożyteczne (1770—1777) быў рэхам сустрэч каралеўскага клуба — так званых чацвярговых абедаў, на якіх збіраліся перадавыя людзі. У не надта доўгім спісе ўдзельнікаў першыя пазіцыі займалі і некаторыя выхадцы з ВКЛ — падканцлер вялікі літоўскі граф Яўхім Храптовіч (навагрудчанін і першы “піяршчык” творчасці нашай гераіні). У сядзібу Глінскіх і ў рукі Тэафілі мусілі трапляць аб’ёмны Pamiętnik HistorycznoPolityczny і штоквартальнік Magazyn Warszawski. У другім і адбыўся дэбют паэткі. Як і ўсе выданні, заснаваныя пры Панятоўскім, Magazyn Warszawski служыў прапагандзе ідэй Асветніцтва, шмат увагі ўдзяляў краявой і замежнай літаратуры, публікаваў творы і рэцэнзіі на кнігі.
Руіны падмурка на урвішчы
Калі інтэрнэту не існавала, крыніцай інфармацыі быў друк. Часопіс Pamiętnik Historyczno-Polityczny вёў рэй сярод СМІ. Спектр тэм быў шырокі — усё самае новае са свету палітыкі, гісторыі, геаграфіі, эканомікі, навукі, медыцыны, літаратуры. Менавіта ў гэтым выданні ў майскім нумары 1783 года з’явілася дэталёвае апісанне маёнтка падканцлера ВКЛ графа Яўхіма Храптовіча ў Шчорсах. Праз год натхнёная артыкулам паэтка пабывала ў гасцях у Храптовіча і стварыла паэму “Шчорсы”. А яшчэ праз год работу надрукаваў Magazyn Warszawski. У ім жа пабачыў свет і вершаваны пераклад урыўка “Гімн перуанцаў пра смерць” з аповесці знакамітага французскага пісьменніка Жана-Франсуа Мармантэля “Інкі”.
...мы раскажам пра тое, як і дзе Тэафіля Глінская пазнаёмілася са Станіславам Аўгустам Панятоўскім, пра яе шлюб з пляменнікам слыннага амбасадара Рэчы Паспалітай у Англіі ды пра іншыя цікавінкі з жыццяпісу творцы.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Матэўс Дайш, 1764
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Фота аўтара