Праз страты да росквіту

Апублiкавана: 20 лiстапада 2024 Стужка Музеі Мінск Мастыхін

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь — найбуйнейшае фондавае і экспазіцыйнае сховішча прадметаў мастацтва ў нашай краіне. Тут сабрана самая вялікая ў свеце калекцыя твораў беларускага мастацтва. Сёння ва ўсіх зборах і фондах музея налічваецца каля 37 000 артэфактаў з больш чым 130 краін, якія ахопліваюць 12 стагоддзяў гісторыі чалавецтва.

Гісторыя найбагацейшай мастацкай скарбніцы Беларусі даволі пакручастая. Толькі сціплая каманда на чале з Мікалаем Міхалапам заклала аснову калекцыі — грымнула ліхалецце, што прынесла незлічоныя страты маладой, але даволі нябеднай на шэдэўры ўстанове. Затым надышлі няпростыя гады пасляваеннага адраджэння. Ізноў — сіламі маленькага калектыву, які ўзначаліла сапраўдная падзвіжніца Алена Аладава.

Пра гэтыя перыпетыі распавядае выстава, што разгарнулася ў Нацыянальным мастацкім музеі да яго 85-годдзя. Юбілейная экспазіцыя закранае тры важныя этапы з 1939 па 1957 год: фарміраванне Дзяржаўнай карціннай галерэі, яе разграбленне нямецка-фашысцкімі захопнікамі, узнаўленне калекцыі ды будаўніцтва галоўнага корпуса.

ПЕРШЫЯ КРОКІ 

За кароткі перыяд — з 1939-га па 1941-ы — галерэя правяла чатыры вы- ставы, арганізавала збор прадметаў па ўсёй рэспубліцы. Дапамагалі мастакі, народныя майстры, шматлікія цэнтраль- ныя і рэгіянальныя музеі. Сярод першых экспанатаў — палатно “Духаў манастыр” Міхася Філіповіча. Зберагліся таксама “Вячэрняе сонца” Льва Зевіна, эскізы Фёдара Мадорава да карціны “Народны сход у Заходняй Беларусі”. 

СТРАТЫ ЛІХАЛЕЦЦЯ 

У сучасных зборах Нацыянальнага мастацкага — толькі восьмая частка даваенных калекцый. З нападам нацыстаў эвакуіраваць галерэю не паспелі: бамбёжкі, недахоп транспарту і людзей. Калі беларускую сталіцу занялі акупанты, пачалося рабаванне скарбніцы. Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Кёнігсберг — каштоўныя экспанаты вывозілі ў нямецкія гарады. Згодна з вопісам, які музейныя спецыялісты склалі пасля вызвалення Мінска ў 1944-м, страчаны сотні жывапісных палотнаў, скульптур, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку некалькі дзясяткаў слуцкіх паясоў. Лёс многіх твораў дагэтуль застаецца невядомым. 

Трагічным старонкам прысвечана асобная зала. У цэнтры паўстала інсталяцыя, што нібыта аднаўляе тыя дні, калі экспанаты пакавалі і вывозілі ў Германію. Слуцкі пояс, рознакаляровая тканая посцілка, мармуровыя бюсты, парадныя партрэты і… цёмна-шэрыя драўляныя скрыні з надпісамі па-нямецку: “Не перакульваць”. На сценах разам з карцінамі вісяць масіўныя рамы — пустыя. Надзвычай гучны вобраз згубленых шэдэўраў нагадвае аб тым, як акупанты нажамі выразалі палотны з рам, каб забраць з сабою. На этыкетках пазначаны звесткі толькі маленькай долі скрадзеных работ. “Партрэт дачкі ў блакітным” Валянціна Волкава, “Квітнеючы сад” Анатоля Тычыны, “Канал гатовы” Фёдара Мадорава, “Зіма” Івана Айвазоўскага, “Мадрыдскі карлік” Зянона Ленскага... Месцазнаходжанне іх дагэтуль невядомае. 

ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ 

Пашчасціла вярнуць экспанаты, што напярэдадні Вялікай Айчыннай былі на выставах у Расіі. Таксама некаторыя прадметы былі знойдзены савецкімі салдатамі ва Усходняй Прусіі і ў разбураным Мінску. Цудам у горадзе засталіся драўляныя скульптуры Аляксандра Грубэ, некалькі палотнаў Ісака Левітана, Уладзіміра Кудрэвіча, іншых мастакоў. 

Тым не менш з выгнаннем ворага пачалося аднаўленне. Гэта была сапраўды гераічная праца, завадатарам якой выступіла легендарная Алена Аладава. Спачатку галерэі даводзілася туліцца ў васьмі пакоях ацалелага Дома прафсаюзаў. Неўзабаве ў горадзе, што ляжаў у руінах, узяліся за ўзвядзенне асобнага будынка для скарбніцы. Урэшце паўстаў манументальны корпус, што і сёння з’яўляецца адной з візітовак Мінска, была адноўлена колькасць даваенных фондаў, галерэя атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. 

ТОЛЬКІ НА ФОТА 

Яшчэ адной перлінай выставы можна лічыць прэзентацыю “Засталося толькі на фотаздымках”. Яна прысвечана страчаным творам, сляды якіх маюцца толькі ў каталогах, газетах і часопісах, асабістых архівах. Сапраўдная знаходка — фатаграфіі са збораў першага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі, мастака-кераміста Мікалая Міхалапа. Дапаўняюць часовую экспазіцыю выявы і копіі архіўных дакументаў, што адлюстроўваюць розныя этапы ў гісторыі ўстановы. Ёсць сярод іх першапачатковы эскіз галоўнага корпуса музея, аўтарам якога з’яўляецца архітэктар Міхаіл Бакланаў. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА