Грандыёзна і гучна – гэта быў “Лістапад”

Апублiкавана: 17 лiстапада 2024 Кiно Кіно Мінск Фестывальная плошча

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

XXX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” завяршаецца. Сёння ўвечары ў Палацы Рэспублікі падвядуць яго вынікі. Але ўжо зараз можна сказаць: маштаб юбілейнага кінафоруму ўразіў.

“Кіно са знакам якасці” — так гучыць слоган сёлетняга “Лістападу”, галоўнымі тэмамі якога сталі 100-годдзе айчыннага кіно і 30-годдзе самога фестывалю. Форум разгарнуўся ў сталіцы з 1 па 8 лістапада. 

— Мы пастараліся, каб нашы калегі, сябры, па-першае, пазнаёміліся з Беларуссю, паглядзелі на нашу прыгожую краіну, добрую зямлю. А па-другое, мы рыхтаваліся да мерапрыемства і з пункту гледжання сумесных праектаў, якія ўжо намецілі і паступальна будзем рэалізоўваць, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч на старце кінафоруму. 

ПЛЁНКУ НА ПАЧАТАК 

Урачыстае адкрыццё юбілейнага “Лістападу” праходзіла ў Палацы Рэспублікі, куды і прыбылі шматлікія ганаровыя госці. Сярод іх — самыя яркія зоркі айчыннай і замежнай кінаіндустрыі, а таксама творцы, што толькі пачынаюць свой шлях. 

Госці кінафестывалю падчас цырымоніі адкрыцця

У прыемным чаканні цырымоніі прысутныя разглядалі стыльныя фотазоны ды інтэрактыўную выставу, прысвечаную гісторыі беларускага кіно. Памяць пра культавыя фільмы, што назаўжды ўвайшлі ў Залаты фонд, ажыўлялі не толькі аўтэнтычныя дэкарацыі, але і тэатральныя прадстаўленні студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 

Старт фестывалю даў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, які зачытаў віншаванне Кіраўніка дзяржавы. 

— За тры дзесяцігоддзі кінафорум стаў знакавай падзеяй у культурным жыцці не толькі Беларусі, але і многіх краін блізкага і далёкага замежжа. Пашыраючы геаграфію ўдзельнікаў і адкрываючы новыя творчыя гарызонты, “Лістапад” з гонарам выконвае сваю гуманітарную місію, збліжае людзей і кантыненты, сцвярджае ідэалы міру і дабра. Упэўнены, што сёлетняе мерапрыемства, якое праводзіцца ў 100-гадовы юбілей беларускага кіно пад дэвізам “Кіно са знакам якасці”, стане месцам зараджэння культурных ініцыятыў і знаёмства з найлепшымі кінапраектамі, — гаворыцца ў адрасе. 

Пасля прывітальнай прамовы Ігар Петрышэнка ўручыў спецыяльны прыз Прэзідэнта “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” народнаму артысту Расійскай Федэрацыі і Чачэнскай Рэспублікі Дзмітрыю Харацьяну. 

Госці кінафестывалю падчас цырымоніі адкрыцця

— Гэты прыз — гонар для мяне. Вялікі дзякуй вашаму выбітнаму рэжысёру, народнаму артысту Віктару Тураву, які калісьці падарыў мне ролю Сцяпана Глушака ў фільме “Людзі на балоце”. Так пачалося маё сяброўства з Беларуссю і беларускім кінематографам. Яно працягваецца і зараз, — выказаў падзяку артыст. 

Ганаровая місія разбіць фестывальную талерку сёлета выпала народнай артыстцы Беларусі Тамары Міронавай. Аскепкі разляцеліся пад гучныя апладысменты — значыць, кінатыдзень “Лістападу” афіцыйна стартаваў. Распачала яго беларуска-расійская стужка “Чорны замак” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. 

Ганаровая місія разбіць фестывальную талерку сёлета выпала народнай артыстцы Беларусі Тамары Міронавай

КАНФЕРЭНЦЫЯ ВЫТВОРЦАЎ 

Ужо не першы год кінафестываль “Лістапад” робіцца не толькі месцам для паказу фільмаў, але і пляцоўкай для абмеркавання пытанняў далейшага развіцця сферы кінема таграфіі. У Нацыянальнай бібліятэцы 2 лістапада прайшла канферэнцыя вытворцаў кінавідэапрадукцыі “Перспектывы развіцця кінаіндустрыі на постсавецкай прасторы”. 

Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” ужо чацвёрты год ставіць рэкорды па колькасці пададзеных заявак на ўдзел. Летась паступіла 2087 заявак са 107 краін, сёлета — 3405 заявак са 124 краін. Па выніках работы конкурснай камісіі адабрана 130 фільмаў з больш як 40 краін. У асноўны конкурс ігравога кіно адабрана 18 фільмаў, неігравога кіно — 12, анімацыйнага кіно — 50, кіно маладых — 11. 

АМАТАРАМ ЭКЗАТЫЧНАГА КІНО 

Дні нацыянальнага кіно прайшлі ў рамках ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” у кінатэатры “Перамога”. Акрамя фільмаў былі прадстаўлены экспазіцыі, прысвечаныя краінам — удзельніцам форуму. Дэманстраваліся стужкі з Індыі, Ірана, Пакістана, Узбекістана, Зімбабвэ і Рэспублікі Саха (Расійская Федэрацыя). 

На Дні кітайскага кіно 1 лістапада паказалі “Бясконцае падарожжа” і “Кунг фу жарабец”. У рамках Дня кінематографа Індыі адбыўся паказ фільма “Адзін у полі воін”. На Дзень нацыянальнага кіно Ірана прадставілі карціну “Рамантыка эмада і тубы”, на Дзень кінематографа Зімбабвэ — фільм “Пабач мяне”, а 5 лістапада Пакістан прадэманстраваў карціну “Суперзорка”. У межах Дня кінематографа Узбекістана 6 лістапада ў кінатэатры “Піянер” адбыўся паказ стужкі “Шухрат Абасаў”, а ў кінатэатры “Перамога” — “Узбечка”. У гэтым жа кіназале прайшлі Дні кінематографа Рэспублікі Саха: 7 лістапада прадставілі “Легенды вечных снягоў”. 

СТВАРАЦЬ РАЗАМ 

Вырашаліся падчас фестывалю і задачы дзелавога супрацоўніцтва. Дзень адчыненых дзвярэй на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” наведалі партнёры з Індыі, Ірана, Расіі, Рэспублікі Карэі. 

— З дапамогай дыпламатыі адчыняем дзверы ў індыйскую, кітайскую і расійскую кінавытворчасць. Такія фестывалі, як “Лістапад”, не толькі ўмацоўваюць наша сяброўства, але і дазваляюць паказаць культуру народаў, дапамагаюць прасоўваць беларускае кіно, — адзначыў генеральны дырэктар “Беларусьфільм” Юрый Аляксей. 

Па выніках сустрэчы Нацыянальная кінастудыя знайшла новых партнёраў і прыйшла да пагаднення аб сумеснай кінавытворчасці з расійскім “Ленфільмам”. 

— Акрамя таго, мы правялі перамовы з прадстаўніком Рэспублікі Карэя аб удзеле ў фестывалі ў наступным годзе, — расказаў Юрый Аляксей. 

З МОЛАДДЗЮ НА “ТЫ” 

Вырошчванне сапраўдных прафесіяналаў кінаіндустрыі — адна з прыярытэтных задач мінскага фестывалю. 

— Наша моладзь павінна з першых вуснаў даведацца пра працэс кінавытворчасці, — адзначыла выканаўчы дырэктар “Лістападу” Алеся Рулькова. 

Штодзень студэнты і педагогі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў наведвалі адукацыйныя і творчыя сустрэчы. Так, вопытам з беларускай аўдыторыяй падзяліліся народныя артысты Расійскай Федэрацыі Святлана Дружыніна і Анатоль Мукасей, знакамітыя рэжысёры і сцэнарысты Аляксей Аляшкоўскі, Карэн Шахназараў ды іншыя. 

Адбыліся і цікавыя майстар-класы “Харэаграфія — найважнейшы элемент падрыхтоўкі сучаснага акцёра” заслужанага работніка культуры Расійскай Федэрацыі Майрбека Матаева, “Лабірынты рэжысуры” азербайджанскага рэжысёра, сцэнарыста і прадзюсара Алега Сафараліева, “Прадзюсаванне анімацыі і развіццё новых тэхналогій” генеральнага дырэктара кінастудыі “Саюзмультфільм” Барыса Машкоўцава ды многія іншыя. Важнай падзеяй стаў круглы стол “Маладому беларускаму кіно быць!”, прысвечаны праблемам студэнцкага кіно.

СВЯТА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ 

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” разгарнуўся ў кінатэатры “Піянер”. 

Для гасцей зладзілі шэраг цікавых зон. Асобную прысвяцілі традыцыйнай культурнай спадчыне Беларусі. Мінскі заапарк прадставіў незвычайных птушак: палярных соў, пугача, сычоў і яркіх фазанаў. 

Падчас святочнага канцэрта 

Усе лакацыі — у гарманічным сугуччы з фільмам адкрыцця “Песня Сірын”. Па словах рэжысёра Алены Туравай, у сюжэце задзейнічаны цікавы пласт нашай старажытнай культуры, які да гэтага часу мала выкарыстоўваўся ў медыя. 

— Доўгія чатыры гады вытворчасцю стужкі займалася анімацыйнае падраздзяленне кінастудыі “Беларусьфільм”. Наша каманда імкнулася стварыць фэнтэзійную гісторыю для сямейнага прагляду, каб расказаць юнаму гледачу штосьці цікавае і новае, — распавяла рэжысёр. 

Карціна, дарэчы, атрымала спецыяльны прыз журы “Лістападзіка”. А пераможцам конкурсу стаў расійскі фільм “Трымайся сонца” рэжысёра Леаніда Кулібабы. Падрабязней пра вынікі трыццатага кінафестывалю раскажам у наступным нумары газеты “Культура”. Сачыце за навінамі і ў тэлеграм-канале “Культура і Мастацтва”. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ, Антон РУДАК