Вакальны ансамбль “Аsteria” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў летась заваяваў гран-пры XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Дзякуючы працавітасці калектыў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Якім быў шлях да поспеху?
Кожны з нашых герояў у свет музыкі заглыбіўся дастаткова рана. Алеся Адамчык наведвала ўзорную студыю “Шанц” пры слонімскай школе №8 з шасці гадоў. Менавіта там дзякуючы Алене Фомчанка — першаму педагогу па вакале — дзяўчынка зразумела, з чым хоча звязаць сваё жыццё.
Ліза Кубарава зацікавілася вакальным мастацтвам таксама ў маленстве, хоць тады яшчэ і не ўсведамляла гэтага ў поўнай меры. Дзяўчынцы проста хацелася спяваць, таму на ўсіх сямейных святах яна ладзіла невялікія канцэрты для гасцей. Тыя апладзіравалі, хвалілі і падбадзёрвалі маленькую артыстку. А бацькі, заўважыўшы патэнцыял, дапамаглі паступіць у дзіцячую школу мастацтваў, дзе Ліза навучалася вакалу і асвойвала фартэпіяна. Крыху пазней яна паралельна пачала наведваць творчую студыю ў Магілёве. У сёмым класе дзяўчынка ўжо цвёрда ведала: яе мэта — стаць прафесіянальнай артысткай.
Творчы сусвет з дзяцінства быў блізкі і Алесі Савіцкай: дзяўчынка часта наведвала канцэрты, дзе выступалі вучні яе маці, што працавала настаўніцай. Аднойчы настолькі спадабалася, што захацелася самой далучыцца да сцэнічнага жыцця. Таму праз год паступіла ў музычную школу, дзе вывучала эстрадны вакал. Хутка пачала ўдзельнічаць у конкурсах, мюзіклах, спектаклях і святочных канцэртах.
— Мне адкрылася сапраўднае чараўніцтва! Жаданне спяваць захапіла настолькі, што ўсе сілы, эмоцыі ды час аддавала гэтаму, — падзялілася Алеся.
Данііл Савеня захапіўся музыкай у маладзечанскай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку. Вядомасць прыйшла да хлопца рана: у дзесяць гадоў ён ужо выступаў перад хакейнымі матчамі ў “Мінск-Арэне”, дзе выконваў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь і іншых краін — удзельніц гульняў.
Усе зоркі — у прамым і пераносным сэнсах — сышліся ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Кожны прыйшоў туды сваім шляхам: кагосьці натхніў педагог, нехта даверыўся высокай рэпутацыі ўстановы. Алеся Савіцкая, напрыклад, на працягу двух гадоў да паступлення навучалася ў Алены Атрашкевіч — кіраўніцы прадметна-цыклавой камісіі каледжа “Мастацтва эстрады (спевы)”. Менавіта падчас заняткаў гераіня пераканалася: гэта тое самае месца.
Зараджэнне квартэта адбывалася ў рамках абавязковай навучальнай дысцыпліны “Вакальны ансамбль”. Спачатку — на першым курсе — сфарміраваўся дуэт Алесі Адамчык і Данііла Савені. Налета далучылася Алеся Савіцкая, а яшчэ праз год у калектыў прыйшла Лізавета Кубарава.
— Ансамбль, дзе я была раней, расфармавалі. Так, па волі лёсу сустрэла дарагіх сэрцу людзей, у тым ліку нашага таленавітага кіраўніка — Вераніку Чарапанаву! — растлумачыла Ліза.
Педагог прапанавала выхаванцам паўдзельнічаць у “Маладых талентах Беларусі”. Сумненняў не ўзнікла: усе імкнуліся праявіць сябе ў прэстыжным конкурсе, таму адразу старанна прыступілі да падрыхтоўкі.
У кожным туры ансамбль выконваў розныя творы: у першым — “Аддам табе любоў” Алены Атрашкевіч на ўрывак з паэмы “Кахаю” Таццяны Мушынскай, у другім — “Танец феі Дражэ” Пятра Чайкоўскага, а ў трэцім — “Тая, што нясе святло” Алены Атрашкевіч на словы Людмілы Вайновай.
Значную ролю падчас спаборніцтва, па словах герояў, адыграла выбітная кіраўніца, якая заўсёды натхняла і падтрымлівала.
— За доўгачаканай перамогай стаяць гадзіны адточвання майстэрства і выбудоўвання мастацкай лініі. Нават калі творы развучаныя ідэальна, лёгкае хваляванне прысутнічае ўсё роўна. Я рада, што намаганні не прайшлі дарма і мы заваявалі гран-пры! Гэта самае запамінальнае, самае яркае дасягненне для мяне як удзельніцы ансамбля, — расказала Алеся Савіцкая.
Прысуджэнне прэміі, аднадушна заўважаюць маладыя творцы, — знакавы этап у жыцці квартэта. Пасля ўзнагароды, па агульным прызнанні, канцэртная дзейнасць калектыву стала асабліва прадуктыўнай і ўсвядомленай, бо несці пачэснае званне лаўрэата спецфонду Прэзідэнта — справа па-сапраўднаму адказная.
— Ансамблю было важна адчуць падтрымку на самым высокім узроўні! Разам з тым кожны з нас зразумеў: цяпер працаваць неабходна з большай сілай! — расказала Алеся Адамчык.
Смелых і дзёрзкіх планаў на будучыню, прызнаюцца юныя таленты, шмат. Яно і не дзіўна: перад артыстамі адчынены ўсе дзверы. Самае галоўнае — захоўваць запал да любімай справы і працягваць удасканальвацца, каб дабіцца яшчэ большых поспехаў на музычнай ніве.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва ансамбля