Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сёлета адзначыў юбілей. Больш за 80 гадоў установа паспяхова выконвае высокую місію — захоўвае славу пра вялікі подзвіг савецкага народа. Якім быў шлях скарбніцы ад стварэння першых калекцый да сучасных праектаў?
Слаўная гісторыя юбіляра распачалася летам 1942-га, калі вораг яшчэ працягваў бязлітасна спусташаць беларускія землі. Прадбачыць, колькі яшчэ працягнецца пякельная пара, ніхто не мог. У той час паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 2 чэрвеня ўтварылі рэспубліканскую камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны. Пошукам і вывучэннем каштоўных прадметаў, што адпраўлялі непасрэдна з акупаваных тэрыторый, займаліся сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Гарбуноў, гісторык Іван Краўчанка, намеснік начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Іван Крупеня, пісьменнік Міхась Лынькоў ды многія іншыя.
Ганаровыя госці музея — маршалы Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі і І.Х. Баграмян, 3 ліпеня 1964 года
Вынікі плённай дзейнасці сталі прыкметныя ўжо восенню 1942-га, калі ўнікальныя здабыткі прадставілі ў Дзяржаўным гістарычным музеі на Краснай плошчы. Больш за 300 экспанатаў прадэманстравала выстава “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”, якую сёння лічаць правобразам нацыянальнай скарбніцы.
Афіцыйную пастанову ЦК КП(б)Б, якая абвясціла неабходнасць “стварыць музей па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну”, прынялі 30 верасня 1943 года.
Неацэнны ўнёсак у фарміраванне будучага фонду зрабіў невялікі калектыў з шасці чалавек на чале з Васілём Стальновым — адказным сакратаром камісіі ЦК па зборы дакументаў і матэрыялаў Вялікай Айчыннай вайны.
Першых супрацоўнікаў залічылі ў штат 16 ліпеня 1944 года. Знамянальна, што ў гэты ж дзень у сталіцы адбыўся парад 30 партызанскіх брыгад з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.
На выставе партызанскай зброі, 1945 год
У пошуках экспанатаў, як сведчаць шматлікія архіўныя матэрыялы, звярталіся ў воінскія часці, выдавецтвы, райвыканкамы, камітэты ўнутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.
Афіцыйнае адкрыццё адбылося 22 кастрычніка 1944 года ў адным з нямногіх ацалелых у цэнтры Мінска будынкаў — Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У XVI— XVII стагоддзях ён уваходзіў у комплекс Базыльянскага кляштара, а ў 1941-м быў заняты нямецкім Генеральным камісарыятам. У былым кабінеце кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Вільгельма Кубэ размяшчалася дырэкцыя музея.
Падчас адкрыцця экспазіцыі, 1944 год
Менавіта ў гэтым будынку і прадставілі дзве першыя экспазіцыі — “Узбраенне беларускіх партызан” і “Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны”. Яны расказвалі пра падпольныя друкарні, рукапісныя партызанскія газеты і лістоўкі, беларускія выданні, што выходзілі ў савецкім тыле, у Маскве, дэманстравалі трафейную, самаробную зброю і ўзоры ўзбраення, якія савецкія лётчыкі дастаўлялі партызанам з-за лініі фронту. Пазней з гэтых выстаў вырасла першая стацыянарная экспазіцыя музея, якая адкрылася 1 мая 1947 года.
На плошчы Свабоды ўстанова знаходзілася да сярэдзіны 1960-х. Праз аварыйны стан Дома прафсаюзаў музей пераехаў у будынак цяперашняга Нацыянальнага гістарычнага музея, а пасля — на Кастрычніцкую плошчу.
Праектаванне новага велічнага комплексу на праспекце Пераможцаў пачалося ў 2008-м. Праз два гады на Рэспубліканскім суботніку на месцы будучай пабудовы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу часу з пасланнем нашчадкам.
Сучасны будынак адчыніў свае дзверы ў 2014-м, напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Там разгарнуліся экспазіцыі “Франтавы побыт”, “Франтавая медыцына”, “Партызанскі побыт”, “Жыццё гараджан і сельскіх жыхароў ва ўмовах акупацыі” ды іншыя.
Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — самы папулярны ў краіне: кожны год яго наведваюць больш за паўмільёна чалавек, у тым ліку сотні тысяч турыстаў.
Пастаянная экспазіцыя, што ўдасканальвалася дзясяткі гадоў, цяпер уключае дзесяць раздзелаў, якія паслядоўна разгортваюць гісторыю ад першых абарончых баёў летам 1941-га да поўнага вызвалення Беларусі, а таксама расказваюць пра пасляваеннае аднаўленне краіны. Акрамя самадастатковых у сваёй унікальнасці матэрыялаў, знаходзіцца ў залах і мноства інтэрактыўных элементаў: больш за 25 інфармацыйных стэндаў ды інфакіёскаў, звыш дзесяці мультымедыйных экранаў. Паглыбляюць у гістарычныя падзеі і маштабныя прасторавыя дыярамы з гукавымі эфектамі. Напрыклад, “Абарона Мінска 25-28 чэрвеня 1941 года” і “Мінскі кацёл”.
Для юных наведвальнікаў дзейнічае “Музей для дзяцей”, дзе працуюць атракцыёны віртуальнай рэальнасці “Танкавы бой” і “Апошняя мяжа”. Дарэчы, патрыятычнаму выхаванню моладзі ў скарбніцы надаецца асаблівая ўвага. Тут ладзяць і ўрокі гісторыі, і спецыяльныя тэматычныя, інтэрактыўныя ды анімацыйныя экскурсіі, і квэсты. Таксама арганізуюць экспрэс-выставы “Музей у чамадане”: навуковыя супрацоўнікі выязджаюць у школы ды іншыя ўстановы адукацыі.
У кабінеце дырэктара музея, 1944 год
Працягвае развівацца перасоўная экспазіцыя, якую сёлета абнавілі ў рамках патрыятычнай акцыі “Наш абавязак — памятаць!”. Дзякуючы мабільнасці цэнныя сюжэтныя фатаграфіі, копіі дакументаў, плакатаў, рэпрадукцыі карцін, фотапартрэты Герояў Савецкага Саюза беларусаў могуць убачыць жыхары нават самых аддаленых куткоў краіны.
Распавядаць пра дасягненні ўстановы-юбіляра можна неймаверна доўга, але галоўнае, што Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў і застаецца месцам жывой народнай памяці.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва ўстановы