Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі з Екацярынбурга завяршыў двухтыднёвыя гастролі ў Мінску. Між іншым, чацвёртыя за гісторыю існавання калектыву. І ўсе — на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра.
Гэтым разам госці прывезлі пяць спектакляў (чатыры мюзіклы і адну класічную аперэту), кожны з якіх за час гастроляў дэманстраваўся па два-тры разы. І па традыцыі — фінальны гала-канцэрт “Зоркі тэатра ззяюць для вас”. Штосьці з пералічанага прывозілася і раней. Тым больш цікава было паглядзець, што адбылася з пастаноўкамі за даволі працяглы час.
■■■
“Мёртвыя душы”, уганараваныя Расійскай нацыянальнай прэміяй “Залатая маска” адразу ў некалькіх намінацыях, ніколькі не страцілі ні актуальнасці, ні пастаноўчай свежасці. Праз 15 гадоў пасля прэм’еры спектакль іграецца з яшчэ большай адточанасцю і творчым уздымам. Гэтая лайт-опера Аляксандра Пантыкіна (тэрмін “лёгкай оперы” прыдуманы самім кампазітарам) на лібрэта Канстанціна Рубінскага гулліва названа “гогаль-могаль”, бо папостмадэрнісцку знітаваная ледзь не з усёй творчасцю класіка, прасякнутая спасылкамі на знакавыя гогалеўскія работы. І адначасова скіраваная ў сучасную праблематыку. Спалучэнне скразной опернай драматургіі з яркай меладычнай асновай, пазнавальнымі музычнымі лейтматывамі і полістылёвым начыннем робіць твор адпаведным найноўшым мастацкім павевам і адначасова максімальна дэмакратычным, цалкам упісвае яго ў тэндэнцыі метамадэрну і тым самым адкрывае шляхі далейшага развіцця таго ж мюзікла. А сцэнічнае ўвасабленне настолькі захапляльнае, што спектакль можна глядзець бясконца, штораз адкрываючы ў ім новыя дэталі.
"Мёртвыя душы"
■■■
“Пунсовыя ветразі” Максіма Дунаеўскага чарговы раз засведчылі талент кампазітара і прафесіяналізм выканаўцаў. Гэты мюзікл вельмі адрозніваецца ад рамантычнай аповесці Аляксандра Грына, бо адыходзіць ад казкі ў бок жорсткай рэальнасці — у тым ліку праз новыя сюжэтныя ходы. Вялізны карабель як сімвал бясконцага будучага шчасця не з’явіўся і ў фінале: згінаючыся пад цяжарам, Грэй цягнуў за сабой звычайную лодку пад пунсовымі ветразямі. Такое рашэнне надало спектаклю зусім іншы сэнс. Рамантыка “завочнага” кахання і веры ў цуд ператварылася ў філасофскую развагу пра веру ў сваё сэрца, здольнае ператварыць у цуд звычайную побытавую паўсядзённасць, акрыліўшы яе тымі пунсовымі ветразямі пачуццяў і натхнення.
"Пунсовыя ветразі"
■■■
Екацярынбургскі спектакль 1977 года “Купіце пропуск у рай” стаў у тыя часы першым зваротам у былым СССР да прыкладаў заходнееўрапейскага мюзікла. Цяпер тэатр аднавіў пастаноўку з цудоўнай музыкай шматлікага пераможцы фестывалю ў Сан-Рэма Даменіка Мадунья. “...Рай” па-італьянску на расійскі манер аказаўся яркай музычнай камедыяй, што раскрыла акцёрскія здольнасці артыстаў, але пакінула даволі сціплымі, на фоне астатніх творчых прац калектыву, сцэнаграфію, касцюмы, рэжысуру, вырашаныя ў традыцыях вулічнага тэатра. Але спектакль выявіў нечаканыя паралелі з раманам Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. На жаль, кампазітары пакуль ушчыльную не звярталіся да гэтага нацыянальнага літаратурнага вытоку — хіба ў драматычных пастаноўках. А гэта мог бы быць выйгрышны матэрыял для нашага Музычнага тэатра! Прычым у жанры лайт-оперы з кідкімі, запамінальнымі мелодыямі і насычаным сімфанічным развіццём. Можа, хтосьці натхніцца?
"Купіце пропуск у рай"
■■■
З асаблівай нецярплівасцю чакаўся “Маскарад” Ігара Рагалёва. Яшчэ і таму, што п’еса Лермантава была нядаўна ўвасоблена ў нашым Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, выклікаўшы дыскусіі на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце. Эх, не бачылі крытыкі екацярынбургскага прачытання! У лібрэта Юрыя Дзімітрына дзеянне перанесена ў пачатак ХХ стагоддзя, пакінуты хіба самыя агульныя абрысы літаратурнай першакрыніцы. У цэнтры апынаецца не столькі асабістая драма герояў (дзе Арбенін, дарэчы, не ў карты гуляе, а на біржы іграе), колькі аблічча знешне велічнага, ды ўнутрана спустошанага Пецярбурга. А ў другой дзеі — трагедыя Першай сусветнай вайны як уздым расійскага патрыятызму. Ваенныя сцэны і асабліва марш з інтанацыямі “Развітання славянкі” выбіваюцца з агульнай стылістыкі партытуры, быццам іх пісаў іншы кампазітар. Але ж як уражвае ўласна пастаноўка! Стыльная харэаграфія, неверагодныя светлавыя эфекты выходзяць на першы план і літаральна засланяюць некаторыя нестыкоўкі музычнага твора.
"Маскарад"
■■■
“Баядэра” Імрэ Кальмана напоўніцу прадэманстравала багатыя вакальныя магчымасці артыстаў. У музыку дадаліся нават некаторыя дадатковыя нумары кампазітара. А тое, што змяненні ўносяцца ў п’есу, для аперэты стала нормай ледзь не з пачатку існавання гэтага жанру.
Сапраўдным каскадам, гэткім “феерычным феерверкам” стаў заключны гала-канцэрт. Па традыцыі, яго першае аддзяленне аддало даніну павагі класічнай аперэце, а ў другім артысты звярталіся да музычных камедый і мюзіклаў ХХ—ХХІ стагоддзяў.
"Баядэра"
Тэатр з Екацярынбурга зноў даказаў, што гэта адзін з найлепшых калектываў не толькі расійскай культурнай прасторы. Ён вылучаецца ўсім. Па-першае, рэпертуарам, сярод якога некалькі адметных візітовак, што сталі плёнам працы з сучаснымі расійскімі кампазітарамі. Па-другое, стыльнасцю пастановак, удалым выкарыстаннем усіх выразных сродкаў, уключаючы харэаграфію і папраўдзе мастацкае светлавое рашэнне. Патрэцяе, трупай, дзе кожны артыст — асобная перліна агульных караляў.
Прыемна было ўбачыць у прывезеным рэпертуары артыстаў, якія вучыліся і пачыналі кар’еру ў нас. Кацярына Мошчанка і Алег Прохараў сталі сапраўднымі зоркамі, неаднаразова ўганараванымі на розных конкурсах і фестывалях. “Анёл мой” — спявала Кацярына ў ролі Ніны ў “Маскарадзе”. І здавалася, што гэта — пра саму артыстку, хаця мюзікл напісаны амаль чвэрць стагоддзя таму. Бо анёльская знешнасць памнажалася на такі ж анёльскі голас і кранальнасць сцэнічнага існавання. Аксамітны, багаты на тэмбравыя фарбы барытон Прохарава заварожваў, ахінаў цеплынёй і шчырасцю. Дарэчы, абое яны лаўрэаты прэміі “Брава!”, сама назва якой уяўляецца сімвалічнай і для іх, і для ўсёй Свярдлоўскай музкамедыі. Дык калі наступныя беларускія гастролі?
Надзея БУНЦЭВІЧ