Ад хіміка да лірыка

Апублiкавана: 28 кастрычнiка 2024 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

“Заступнік бацькавай спадчыны” — выстава пад такой назвай працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Часовая экспазіцыя прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча. Старэйшы сын народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры БССР, з 1957 па 1980 год быў першым дырэктарам музея класіка, а пасля да самай смерці заставаўся яго навуковым супрацоўнікам. 

Партрэт Данілы Міцкевіча. Віктар Пратасеня

Даніла Міцкевіч нарадзіўся 30 верасня 1914 года ў Пінску, дзе яго бацькі працавалі настаўнікамі. Скончыўшы хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1936-м, застаўся там асістэнтам, а пасля старшым выкладчыкам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў эвакуацыі выкладаў у Сярэднеазіяцкім універсітэце і працаваў у хімічнай групе АН БССР, а ў жніўні 1943 года быў выкліканы ў Маскву, дзе заняў пасаду дэкана хімфака БДУ на станцыі “Сходня” ў Падмаскоўі. Потым быў навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром і загадчыкам лабараторыі ў Інстытуце хіміі АН БССР. 

ДОМ У САДЗЕ 

Наведаўшы вызвалены Мінск, Даніла Міцкевіч у лісце ад 18 ліпеня 1944 года пісаў бацьку: “Наш раён поўнасцю знішчылі. Засталося толькі некалькі дамоў па Канюшаннай вуліцы. На нашым вучастку няма ні аднаго дрэва, ні аднаго будынка.

Няма і дуба, які быў пасаджаны табой, тата. Гэты раён горада — ад Пуліхавай слабады да госпіталя на гары (каля былога дома Фалевічаў) і ад гарадскога сада да Ваенных могілак і Камароўкі — прадстаўляе сабой роўнае месца…” Канюшанная вуліца, дзе стаяў даваенны дом Міцкевічаў, праходзіла на месцы цяперашняй алеі парка Горкага, што вядзе ад галоўнага ўвахода да планетарыя. Гэтыя гарадскія кварталы былі знішчаныя падчас нямецкай бамбардзіроўкі Мінска 24 чэрвеня 1941 года і таму пасля вайны ўключаныя ў тэрыторыю парка. Новым жытлом, якое прыгледзеў для бацькі Даніла Міцкевіч у вызваленым Мінску ў 1944-м, аказаўся невялікі драўляны домік у садзе Акадэміі навук БССР, прывезены з прыгараднай вёскі падчас акупацыі для патрэб нямецкага шпіталя. Коласаў сын узгадваў: хаця ў горадзе і ставала вольных кватэр, але ў любы момант у іх маглі вярнуцца гаспадары, якія былі ў эвакуацыі альбо на фронце. Таму домік на ўскраіне выглядаў ідэальным варыянтам, бо, да таго ж, знаходзіўся зусім блізка ад месца працы народнага паэта, які займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. 

У 1946-м Коласаву сядзібу наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня Савета Міністраў БССР Панцеляймон Панамарэнка. Ён быў здзіўлены сціплым побытам сям’і пісьменніка і прапанаваў пабудаваць для яе больш прасторны дом, але Колас падзякаваў за клопат і адмовіўся, патлумачыўшы, што не можа пагадзіцца на гэта, пакуль два мільёны суайчыннікаў жывуць у зямлянках. 

ПЕРШЫ ДЫРЭКТАР 

Менавіта на падмурках гэтага дома ў 1952-м да 70-гадовага юбілею Якуба Коласа быў узведзены будынак, дзе ён і пражыў да смерці ў 1956-м, а сёння тут размяшчаецца прысвечаны яму музей. Прызначаны ў 1957-м першым дырэктарам гэтай установы, Даніла Міцкевіч удзельнічаў у стварэнні трох яе экспазіцый у 1959, 1972 і 1982 гадах ды ў будаўніцтве філіялаў музея на Стаўбцоўшчыне. 

Быў аўтарам шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа. У 2000-м і 2014-м выйшлі з друку кнігі яго ўспамінаў “Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа” ды “І бачу пройдзеныя далі...”. 

Даніла Канстанцінавіч удзельнічаў у складанні альбомаў “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”, якія выходзілі ў 1959 і 1974 гадах, быў членам рэдакцыйнай калегіі збораў твораў Якуба Коласа ў 12 (1961— 1964) і 14 тамах (1972— 1978). 

Узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гг.” і медалём Францыска Скарыны. 

Памёр Даніла Міцкевіч у 1996-м, пахаваны на Вайсковых могілках Мінска. 

НА ПАРОЗЕ 65-ГОДДЗЯ 

Як адзначыла навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела музея Наталля Шувагіна-Адамовіч, спадчыннікі Данілы Канстанцінавіча перадалі ў фонды шмат новых прадметаў — сярод іх, між іншага, кніжная шафа і тамы Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Як пры жыцці Коласа пісьменнікі прыходзілі сюды, каб сустрэцца і абмеркаваць хвалюючыя пытанні, так і дом Данілы Канстанцінавіча прымаў літаратараў. 

З сынам вялікага паэта сябравалі Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч. 

Цяпер экспанаты, прадстаўленыя на выставе, застануцца ў музеі і ўвойдуць у фонд першага дырэктара. 

Сённяшні кіраўнік музея Ірына Мацяс падзякавала за тое, што нашчадкі паэта бяруць удзел у жыцці ўстановы, якая сёлета 4 снежня будзе адзначаць 65-годдзе. 

ЦІКАВЫЯ ЭКСПАНАТЫ 

На выставе жыццёвы і творчы шлях Данілы Міцкевіча раскрываецца праз асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, лісты, дароўныя надпісы на кнігах і ўзнагароды як з фондаў музея, так і з прыватнага архіва спадкаемцаў Якуба Коласа. 

Тут можна пабачыць кнігі з аўтографамі ўдавы Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч, асабістага сакратара Якуба Коласа Максіма Лужаніна, пісьменнікаў Янкі Брыля, Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Караткевіча і іншых, віншавальныя адрасы з аўтографамі ад Саюза пісьменнікаў БССР. 

Стваральнікі экспазіцыі і нашчадкі паэта выказваюць спадзяванні, што выстава паступова ператворыцца ў паўнавартасную частку пастаяннай экспазіцыі Коласава дома. 

Антон РУДАК