Уздоўж чорных бяроз

Апублiкавана: 24 кастрычнiка 2024 Кiно Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя айчыннага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея — і кіназнаўцамі, ён расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

З 1970-х творцы ўсё часцей звяртаюцца да тэмы жыцця пасля вайны. Людзі адбудоўвалі гарады, але не маглі направіць уласны паламаны лёс. Страшныя ўспаміны, якія яны захоўвалі і якімі не дзяліліся нават са сваімі дзецьмі, не дазвалялі ў поўнай меры адчуць шчасце жыць пад мірным небам. Многія беларускія рэжысёры, не да канца пазбавіўшыся гэтага болю, зноў і зноў звярталіся да цяжкай тэмы. 

Форма поўнаметражнага фільма тады праходзіла праз некаторыя змены. Становіцца папулярным разбіваць апавяданне на некалькі частак. Так з’яўляюцца шматсерыйныя “Вашынгтонскі карэспандэнт”, “Час яе сыноў”. На арэне з’яўляецца Віталь Чацверыкоў, які пасля поспеху тэлевізійнага серыяла “Руіны страляюць” пра подзвіг мінскіх падпольшчыкаў у перыяд нямецкай акупацыі прымаецца за яшчэ адну карціну пра вайну і лёс чалавека — “Чорная бяроза”. 

Дзеянне разгортваецца на самым пачатку Вялікай Айчыннай. Лейтэнант Чырвонай Арміі Андрэй Хмара (Яўген Карэльскіх) кантужаны ў баях пад Мінскам. Але абаронцу пашанцавала трапіць да партызанаў, дзе лекар Антаніна Іванаўна (Джэма Фірсава) ратуе яму жыццё. Лёс жанчыны затым складзецца трагічна: за дапамогу савецкаму воіну яе расстраляюць. Сын доктаркі, Васілёк, застанецца сіратой. 

Скончылася вайна. Былыя партызаны вяртаюцца дадому і аднаўляюць разбураны ворагамі горад. Будуецца Мінскі аўтамабільны завод. Андрэй ажэніцца з Надзяй (Наталля Бражнікава), якая калісьці і прынесла яго параненага ў партызанскі атрад. Герой адпраўляецца на пошукі Васілька — сына сваёй выратавальніцы. 

“Чорная бяроза” стала першай беларускай шырокаэкраннай карцінай. Яе здымалі не на класічную плёнку шырынёй 35 мм, а на 70-міліметроўку. Кадр — у два разы шырэйшы, што павялічыла выяўленчыя магчымасці, але ўдарыла і па бюджэце. Выдаткі — 952 400 савецкіх рублёў. Аднак траты былі апраўданыя: у пракаце фільм паглядзелі 33,3 млн чалавек. 

Крытыкі адзначалі майстэрскі падыход рэжысёра да спалучэння ігравога сюжэта і дакументальных кадраў. Сапраўды, хранікальныя эпізоды далікатна ўшытыя ў структуру апавядання за кошт гульні з колерам. У нейкі момант фільм губляе свае фарбы і раствараецца ў чорна-белай дакументалістыцы, якая затым “расцвітае” ў сюжэтнай частцы. Такі прыём дазволіў не разбурыць цэласнасць карціны і не раздрабніць яе на асобныя эпізоды. У нейкі момант нават здаецца, што гэта не гістарычныя кадры, а натуральная частка стужкі. 

Аднак, на думку крытыкаў, недастаткова моцнай аказалася заяўленая аўтарам тэма лёсу чалавека на вайне і пасля яе. Уразаецца ў памяці пытанне Надзі: “Як жыць з такой памяццю?” Стваральнікі фільма імкнуцца паказаць увесь цяжар ваенных успамінаў, якія не сатруцца з цягам часу, а застануцца рубцамі на ўсё жыццё. Тым не менш выканаўца ролі Андрэя не да канца адчувае свайго персанажа, у яго гульні — толькі дакрананне да заблытанай псіхалогіі героя. 

Крытыкавалі і Таццяну Ірыны Алфёравай. Маўляў, яна выглядае чужой на фоне ваеннай гісторыі: “Актрысай згублена важнае для ўсёй танальнасці карціны адчуванне атмасферы ваенных гадоў, суровага драматызму... Гаворка не пра тое, што Алфёрава акцэнтуе жвавасць і бойкасць Тані, яе наступальную жаноцкасць... Кепска тое, што ніякіх іншых фарбаў для Тані яна не знайшла”. А вось героі Наталлі Бражнікавай і Уладзіміра Куляшова запомніліся гледачам сваёй шчырай прастатой і дарэчнасцю характараў. Акцёрскі дуэт крытыкі прынялі цёпла: “Яны, Надзея і Макар Журавель, і звязваюць усе сюжэтныя лініі ў адзіны і завершаны твор. Яны вызначаюць эпічнае гучанне фільма”. 

Нягледзячы на ўсе цяжкасці падчас здымачнага працэсу і супярэчлівыя водгукі крытыкаў і гледачоў, карціна “Чорная бяроза” стала важнай спробай засведчыць злачынства нямецкіх акупантаў. Стужка падкрэсліла: чалавек, які перажыў вайну наяве, будзе перажываць яе ў думках да канца сваіх дзён. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно