Дзеля зберажэння традыцый

Апублiкавана: 20 кастрычнiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

У першы дзень кастрычніка пачало дзейнічаць палажэнне аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці, зацверджанае Указам Прэзідэнта. Новаўвядзенні паспрыяюць развіццю традыцый і іх перадачы нашчадкам. Якія навацыі прадугледжаны дакументам? Аб гэтым у прэс-клубе “Культура і Мастацтва” распавяла намеснік дырэктара Дэпартамента па развіцці прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.

— Ірына Вячаславаўна, прапаную ў пачатку патлумачыць ключавы тэрмін — рамесніцкая дзейнасць. Якое азначэнне яму дае заканадаўства?

— Важна адрозніваць замацаваны ў заканадаўстве тэрмін ад таго, што мы выкарыстоўваем у штодзённых зносінах. Ва указе Кіраўніка дзяржавы пададзена дакладнае вызначэнне рамесніцкай дзейнасці. Гэта дзейнасць фізічных асоб па вырабе і рэалізацыі тавараў, выкананні работ, выкананні паслуг, у тым ліку па індывідуальных заказах, з прымяненнем ручной працы і інструмента, выкарыстаннем ведаў, навыкаў і ўменняў у нацыянальных беларускіх традыцыях, якая ажыццяўляецца самастойна, без прыцягнення іншых асоб па дамовах, і накіравана на задавальненне патрэб спажыўцоў.

— Як змяніўся пералік відаў рамесніцкай дзейнасці?

— Мінулы пералік быў даволі шырокім. Па вялікім рахунку, да рамесніцкай дзейнасці адносілі буйное кола паслуг і работ. Ключавым патрабаваннем была ручная праца. Цяпер жа з усёй разнастайнасці ў пераліку захаваныя тыя віды дзейнасці, якімі традыцыйна займаліся на нашай зямлі. Прыкладам, у спіс увайшлі бондарства, кавальства, выраб пражы, мастацкая апрацоўка вырабаў з дрэва, каменю і косці.

Таксама нагадаю, што існуе такая форма рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, як самастойная прафесійная дзейнасць. Усе віды дзейнасці, якія не знайшлі адлюстравання ў рамесніцкім пераліку, перайшлі ў пералік самастойнай прафесійнай дзейнасці. Амаль усе ўмовы для грамадзян аднолькавыя. Дзейнічае ідэнтычны рэжым падаткаабкладання. Але рамеснік мае права мець адначасова трох вучняў. Гэта абумоўлена тым, што новаўвядзенні накіраваны на захаванне нацыянальных самабытных традыцый і стварэнне ўмоў для іх перадачы наступным пакаленням.

— Мы атрымалі нямала пытанняў наконт таго, ці будзе лічыцца рамесніцкай дзейнасцю стварэнне сучасных вырабаў, адаптаваных пад сённяшнія патрэбы і густы, але з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік?

— Не ставіцца мэта дасягнуць поўнай адпаведнасці вырабаў аўтэнтычным узорам. Размова ідзе пра выкарыстанне ў вытворчасці навыкаў, ведаў і ўменняў, характэрных для беларускай нацыянальнай традыцыі. Зразумела, час не стаіць на месцы і попыт нараджае прапановы. Таму калі асоба дае другое жыццё традыцыйным тэхнікам і матывам, выкарыстоўвае даўнія прыёмы ўжо ў сучасных вырабах, то гэтую працу таксама можна разглядаць як рамесніцкую дзейнасць.

Дадам, што на сайце Міністэрства эканомікі апублікаваны спіс літаратуры, які можна выкарыстоўваць як крыніцы інфармацыі аб нацыянальных беларускіх традыцыях рамесніцтва. Таксама можна атрымаць экспертнае заключэнне ў адмысловай камісіі пры дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб’яднанні “Белмастацпромыслы”.

— Калі і пры якіх умовах асоба можа пачаць рамесніцкую дзейнасць?

— Рамесніцкая дзейнасць лічыцца адной з форм індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзяніна. Асобы маюць права весці яе з моманту паведамлення падатковаму органу пра прымяненне асаблівага рэжыму падаткаабкладання. Для рамеснікаў такім з’яўляецца падатак на прафесійны даход. Дастаткова спампаваць на смартфон дадатак “Падатак на прафесійны даход” і зарэгістравацца ў ім.

Калі ж фізічная асоба можа прэтэндаваць на прымяненне збору за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці, ёй неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган з адпаведнай заявай. Форма дакумента зацверджана пастанаўленнем Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2024 года № 457. Калі рашэнне станоўчае, то выканкам самастойна паведамляе аб ім падатковаму органу. З моманту прыняцця такога рашэння грамадзянін мае права ажыццяўляць рамесніцкую дзейнасць з прымяненнем збору.

— Якія ёсць падставы для прымянення збору за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці?

— Умовамі з’яўляюцца статус народнага майстра, членства ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці, праца на пасадзе “майстар народных промыслаў (рамёстваў)” у бюджэтнай арганізацыі на падставе працоўнага дагавора. Таксама ў пераліку інваліднасць І або ІІ групы, прызначэнне працоўнай пенсіі па ўзросце або за выслугу гадоў, рэгістрацыя па месцы жыхарства і фактычнае пражыванне ў сельскім населеным пункце з колькасцю насельніцтва да 50 чалавек.

— Якія ўмовы для рэалізацыі рамеснай прадукцыі прадугледжаны заканадаўствам?

— Рамеснікі могуць рэалізоўваць тавары на гандлёвых месцах, кірмашах і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Таксама можна выкарыстоўваць арандаваныя плошчы ў гандлёвых аб’ектах, перадаваць вырабы юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для рэалізацыі па дагаворах. Таксама прадугледжана перасылка поштай і дастаўка на пазначаны спажыўцом адрас.

— Нашы чытачы цікавяцца, ці можа рамеснік прадаваць свае работы на маркетплэйсах або адкрываць уласную інтэрнэт-краму?

— Маркетплэйс па сутнасці тое самае, што і арэнда гандлёвай паліцы. Што ж тычыцца інтэрнэт-крамы, то гэта аб’ект гандлю. Ён можа быць створаны толькі суб’ектам гаспадарання. Фізічныя асобы такімі не з’яўляюцца, таму ім падобная опцыя недаступная. Але дазваляецца самарэклама ў сацыяльных сетках. Напрыклад, рамеснік можа дэманстраваць уласныя вырабы на сваіх старонках у сеціве.

— Ці дазваляецца выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне пры ажыццяўленні рамесніцкай дзейнасці?

— Згодна з указам Прэзідэнта, інструментам лічыцца прылада, механізм, станок, іншае абсталяванне, без выкарыстання якіх ажыццяўляць рамесніцкую дзейнасць не ўяўляецца магчымым. Выключэнне складаюць прамысловыя машыны і абсталяванне, прызначаныя для выкарыстання ў прамысловай вытворчасці.

Дарэчы

Лілія Рэзкіна, кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры:

— Міністэрства культуры рэгулюе дзейнасць майстроў народных мастацкіх рамёстваў. Ведамства садзейнічае адраджэнню, захаванню і развіццю традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных мастацкіх рамёстваў.

У галіне культуры гэтыя задачы рашаюцца праз дзейнасць дамоў і цэнтраў рамёстваў, цэнтраў традыцыйнай культуры і народнай творчасці. На сёння ў рэспубліцы налічваецца больш за 100 такіх устаноў. Гэта наш вялікі гонар. Статус народнага майстра маюць 180 чалавек. Пераемнасці тэхналогій спрыяюць і клубныя фарміраванні ў розных кутках краіны.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена 48 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, звязаныя з дэкаратыўнапрыкладным мастацтвам. Сярод іх — салома— і лозапляценне, выцінанка, маляваныя дываны, ткацтва.

Мастацкія практыкі саломапляцення Беларусі сталі пятым нацыянальным элементам у спісе Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Яўген Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар:

 

— Традыцыйныя мастацкія рамёствы — гэта адзін з ідэнтыфікатараў нацыі. Таму гэты скарб кожная краіна імкнецца зберагчы і перадаць наступным пакаленням. Падкрэслю, што традыцыі па інструкцыі не засвоіш. Калі пашчасціла, то асоба далучаецца да яе з дзяцінства. У іншым выпадку — складаным шляхам вельмі ўдумлівага далучэння. Праз вывучэнне літаратуры, наведванне музеяў, арганізацыю самастойных этнаграфічных экспедыцый. Сапраўдныя майстры — гэта нацыянальная эліта, якой мы ганарымся. Наш саюз аб’ядноўвае звыш 600 майстроў. Дзякуючы ім былі вернуты з небыцця многія віды рамёстваў. Сумесна з Міністэрствам культуры і яго падначаленымі ўстановамі ўдалося адрадзіць выраб гліняных цацак і берасцянікаў, роспіс па тканіне, спіральнае пляценне і іншыя амаль страчаныя віды. Нагадаю, што наша арганізацыя была створана больш за 30 гадоў таму — у даволі няпросты для сферы культуры час. Задачы саюза — аказваць метадычную дапамогу майстрам і ўключаць іх у сучасныя мастацкія працэсы праз фестывалі, конкурсы і выставы рознага ўзроўню.

Данііл ШЭЙКА

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і аўтара