Падкрэсліць агульную гісторыю і каштоўнасці — з такой мэтай узмацняюць супрацоўніцтва вядучыя скарбніцы Беларусі і Расіі. Нацыянальны мастацкі музей і Дзяржаўны Рускі музей ужо рэалізавалі шэраг сумесных праектаў і спыняцца на гэтым не плануюць.
Як адзначыла генеральны дырэктар Дзяржаўнага Рускага музея Ала Манілава, узаемадзеянне паміж установамі існавала і раней, аднак новы імпульс яно атрымала падчас І Беларуска-расійскага музейнага форуму, што адбыўся ў Мінску летась. Тады дзве галоўныя скарбніцы мастацтва нашых краін падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Падчас цырымоніі падпісання пагаднення
— Вельмі імкліва развіваецца супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх інстытуцый. У сакавіку Дзяржаўны Рускі музей прэзентаваў на нашай пляцоўцы мабільную планшэтную выставу. Гэта значны навукова-асветніцкі праект сучаснага фармату, — распавяла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава. — У вяснова-летні перыяд у рамках вялікай юбілейнай выставы Ільі Рэпіна ў нас паказваўся шэдэўр “Беларус”, намаляваны ў маёнтку Здраўнёва, з калекцыі Рускага музея. Дагэтуль палатно ніколі не было ў нашай краіне.
Першым вялікім праектам стала экспазіцыя “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў”. Яна адкрылася ў Мармуровым палацы ў Санкт-Пецярбургу на Х Міжнародным форуме аб’яднаных культур. Выставу доўга рыхтавалі каманды абодвух музеяў.
— Вельмі важна, што экспазіцыя адкрылася менавіта падчас маштабнай міжнароднай падзеі на такой унікальнай пляцоўцы. Праект бачылі і міністры культуры 80 краін, і шматлікія госці. У выставы ўжо вельмі добрая наведвальнасць. Толькі за першы тыдзень экспазіцыю агледзела больш за дзве тысячы чалавек з улікам купленых у касе білетаў і запрашальных для гасцей, — паведаміла Ала Манілава.
Фрагмент экспазіцыі "Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў"
Увазе наведвальнікаў — творы мастакоў, якія нарадзіліся на беларускіх землях і атрымалі прафесійную адукацыю ў расійскіх навучальных установах. Гэта Іван Хруцкі, Леон Бакст, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі, Марк Шагал, Яўсей Майсеенка, Май Данцыг, Ілья Чашнік і шматлікія іншыя славутыя майстры. Усяго ў экспазіцыі паказана каля 300 работ знакавых для абедзвюх краін жывапісцаў і графікаў XVIII—XX стагоддзяў. Многія палотны ў Расіі дэманструюцца ўпершыню.
— Наш музей прадставіў для праекта 154 унікальныя прадметы. Сярод гэтых твораў ёсць шэдэўры першага шэрага, некаторыя з якіх не пакідалі пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага. Можна адзначыць “Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной” Івана Хруцкага і “Партрэт Марка Шагала” Юдаля Пэна. Таксама паказаны “Зімовы сон” Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і работы многіх іншых народных мастакоў Беларусі, — расказала Ганна Конанава.
Выставачны праект падкрэслівае важнасць адзінства, супольнай гісторыі і духоўнага сяброўства двух славянскіх народаў.
Па словах арганізатараў, ідэя экспазіцыі з’явілася невыпадкова: нашы дзяржавы аб’ядноўвае агульны культурны код. Мастакі, што атрымалі адукацыю ў Расіі, вярталіся ў Беларусь, каб ствараць работы, натхнёныя родным краем. У ХІХ стагоддзі юныя жывапі- сцы з нашых зямель выпраўляліся па прафесійныя навыкі ў Санкт-Пецярбург і Маскву. Сітуацыя змянілася ў ХХ стагоддзі. Тады традыцыяй стала вяртацца ў бацькоўскія мясціны. Мастацкія школы ствараліся ў Віцебску, Полацку, Гомелі, Гродне, Мінску. У 1945-м адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Але з’яўленне ўласнай школы толькі ўзмацніла сувязі нацый.
У Санкт-Пецярбургу выстава будзе працаваць да 2 снежня, а пазней адправіцца ў Мінск. Там з грандыёзнай экспазіцыяй “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў” змогуць пазнаёміцца айчынныя гледачы.
На гэтым узаемадзеянне не спыніцца. Днямі кіраўнікі музеяў у Мінску падпісалі чарговае пагадненне аб супрацоўніцтве.
— Здаецца, мы пакінулі ў мінулым той час, калі заключаліся рамачныя пагадненні. За гэтыя паўтара года зрабілі такі крок наперад, калі ўжо патрабуюцца ўдакладненні нашых планаў. Прычым не толькі на сярэднетэрміновую трохгадовую перспектыву, але і на пяцігодку. Усё ж мы кажам пра буйныя выставачныя праекты, якія вымагаюць падрыхтоўкі цягам каля двух гадоў, — заўважыла Ала Манілава.
Ужо ў кастрычніку Нацыянальны мастацкі будзе партнёрам вялікай экспазіцыі да юбілею Карла Брулова ў Рускім музеі. Айчынная скарбніца прадставіць шэдэўр з пастаяннай калекцыі — партрэт графа Мацвея Віельгорскага. Акрамя таго, абмяркоўваецца супольная праца ўстаноў у сферы рэстаўрацыі, стажыровак, абмену досведам паміж прафесіяналамі, рэалізацыі агульных праектаў.
Фота з архіва Нацыянальнага мастацкага музея