Фільм “Культурны код” Кірыла Халецкага даў старт кар’еры маладой актрысы тэатра і кіно Дар’і Лазарчык. Яна сыграла ў карціне галоўную ролю. Дэбютантка распавяла пра здымкі і пра сябе.
— Дар’я, віншую з выхадам “Культурнага кода”! Якія ў вас уражанні ад стужкі?
— Я ўбачыла фільм толькі на прэм’еры. Падчас мантажу праглядала нейкія фрагменты, але скласці агульны пазл было немагчыма. Хвалявалася за вынік. Але з першых кадраў зразумела: карціна атрымалася. Перадусім уразіў візуальны шэраг. Прыемна бачыць Мінск такім яркім і цёплым. Адкрыццём было і тое, што дакументалістыку можна паспяхова звязаць з ігравым жанрам, зрабіць гэта небанальна, цікава. Падобны фармат найбольш пасуе маладому гледачу — у тым ліку таму, што ў дакументальнай частцы паказаны не хранікальныя кадры, а падзеі тут і цяпер.
— Як працавалася з камандай Халецкага?
— Я ведала Кірыла як рэжысёра “Кіношнікаў”, але асабіста пазнаёміліся з ім толькі на пробах, як і з Уладам Соладавым. Мы адразу зблізіліся, бо гэта вельмі прыязныя людзі. Усе давалі слушныя парады. Нас аб’яднала агульная мэта — стварыць добрае кіно, што мы і зрабілі.
— Складана было трапіць у вобраз?
— З маёй гераіняй мы падобныя баявым характарам. Аднак ёсць і адрозненні. Персанаж па духу лідар. Я ж у жыцці больш сціплая. Таму спачатку прыйшлося “праціскаць” характар, але з часам усё атрымалася. Гэтая праца для мяне — карысны вопыт.
— Як прыйшлі ў прафесію?
— Яшчэ ў дзяцінстве хацела стаць артысткай. Пасля пятага класа мама адправіла мяне ў тэатральную школу пры Доме культуры ў Мар’інай Горцы. Мы стваралі спектаклі, ездзілі на гастролі ў Мінск і нават за мяжу. У гэтай школе мяне рыхтавалі да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Трапіла туды, праўда, не адразу. Вельмі хвалявалася, была заціснутай. На першым жа этапе мяне спынілі, сказаўшы: няма схільнасці да тэатра, лепш пашукаць іншую прафесію. Гэта было шокам.
— Але вы не здаліся…
— Не здалася! Хоць многія, пачуўшы такія словы, могуць страціць веру ў сябе. Мне вельмі дапамаглі педагогі і сям’я, асабліва мама. Яна сказала, што трэба спрабаваць ізноў. Я пачала грунтоўна рыхтавацца да іспытаў. Наступным разам экзамены здала выдатна, атрымала добрыя каментарыі ад сваіх будучых майстроў. Гэта аказалася самай вялікай радасцю!
— Чым запомнілася навучанне ў Акадэміі мастацтваў?
— Усё жыццё буду з цяплом згадваць свой курс. Нашым майстрам стаў Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук. Таксама выкладала Людміла Пятроўна Кучарэнка. Гэта сапраўдныя прафесіяналы. Ім я абавязана ўсім. За чатыры гады педагогі ўклалі ў нас найлепшае. Яны вучылі не проста акцёрству, а жыццю!
— Цяпер вы служыце ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Як уладкаваліся на першым месцы працы?
— Вельмі хацела трапіць па размеркаванні менавіта ў РТБД. Нават расплакалася, калі даведалася, што мяне бяруць. У першы ж дзень паставілі ў дзіцячы спектакль “Таямніца чароўнага календара”. Было страшна, але з трупай так прыемна працаваць, што я не хацела сыходзіць з рэпетыцый. Актрыса, якая выконвала ролю ў пастаноўцы да мяне, перадала шматгадовы вопыт і дэталёва растлумачыла кожны момант, кожную мізансцэну. Насамрэч у РТБД добрае стаўленне да маладых акцёраў. Нас уводзяць у спектаклі паступова, каб асвоіліся на сцэне, прызвычаіліся да калектыву.
— На вашу думку, ці важная профільная вышэйшая адукацыя для акцёра? Можа, усё вырашае выключна талент?
— У кіно сустракаюцца праекты, у якія бяруць акцёраў без адпаведнай адукацыі. У тэатр без дыплома трапіць складана. Прафесійныя веды, безумоўна, патрэбныя. Нельга выйсці на сцэну або на здымачную пляцоўку, не маючы ўяўлення аб справе. Але, як казалі майстры падчас вучобы, акадэмія дае толькі ўзлётную паласу. Астатняе залежыць ад нас.
— У “Культурным кодзе”, калі гаворка ідзе пра кар’еру за мяжой, ваша гераіня кажа: “Ты там адзін з мільёнаў, якія прыехалі па шчаслівы білет”. Што думаеце на гэты конт?
— І я насамрэч так лічу. Тут сям’я і сябры, усё маё жыццё. Разумею, што дома мяне чакае значна больш, чым недзе далёка.
— Пра што вы марыце?
— Стаць сапраўдным майстрам, прафесіяналам. Зрабіць нешта важнае для тэатральнай сферы, для нашых людзей і пакінуць след у беларускім мастацтве.
Пяць парад акцёрам-пачаткоўцам ад Дар’і Лазарчык
1. Нічога не баяцца і ісці да мэты.
2. Любіць тое, што робіш.
3. Не забываць людзей, якія дапамагалі.
4. Любіць сябе: цвяроза ацэньваць свае магчымасці і заставацца сабой.
5. Думаць, чаго ты хочаш у будучыні, і не жыць адным днём.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з архіва гераіні