Жыццё Юліі Платун — стыпендыята фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — сапраўдны кругаварот творчых і педагагічных дасягненняў: перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, сольныя канцэрты, аўтарскія лекцыі, праца ў дзіцячай музычнай школе. І гэта далёка не ўсё! Пра поспехі і планы — у інтэрв’ю з маладой цымбалісткай.
— Калі вы ўпершыню акунуліся ў свет мастацтва?
— Адпраўны пункт у гісторыі творчага станаўлення — музычная школа ў родным Нясвіжы. Спачатку ініцыятыва ішла ад бацькоў, якія выкарыстоўвалі любыя магчымасці для развіцця маіх здольнасцей. Пытанне аб сур’ёзнай кар’еры ў гэтай сферы тады не ўзнімалася. Выбар інструментаў быў шырокі, аднак любоў здарылася менавіта з цымбаламі: без стомы іграла па чатыры гадзіны запар на занятках! Настаўніца Таццяна Ратамская заўсёды казала, што п’есы я “лускаю”. Крыху пазней прайшла дадатковы курс па фартэпіяна, аб якім таксама марыла.
— Дзе працягнулі ўдасканальвацца?
— Сем гадоў заняткаў у музычнай школе праляцелі, і ўзнікла пытанне: куды рухацца далей? Вырашыла паступаць у гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка і не прагадала! Цяпер успрымаю яе як другі дом, што падарыў упэўненасць на абраным шляху.
— За што яшчэ ўдзячныя гімназіі-каледжу?
— Калектыў гэтай установы аб’яднаў мноства цікавых творчых асоб, людзей старой загартоўкі, уплыў якіх сфарміраваў мой характар. Мне пашчасціла сустрэць таленавітую настаўніцу Алену Аўраменка, якая заўсёды ставілася да мяне з мацярынскай цеплынёй і дапамагала раскрыць талент.
— Які момант конкурснай дзейнасці лічыце самым значным?
— Выступленне на VIII Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча. Упершыню да ўдзелу ў гэтым творчым спаборніцтве падштурхнула настаўніца музычнай школы ў далёкім 2009-м, але тады заняць прызавое месца не атрымалася. У 2018-м вырашыла паспрабаваць сілы ў старэйшай узроставай групе — і перамагла! Дыплом даваў права паступлення без іспытаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, куды і накіравалася пасля каледжа.
— Таксама вы лаўрэат II Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на цымбалах. Як спаборніцтва адбілася на вашым развіцці?
— Перамога, бясспрэчна, стала сведчаннем новага жыццёвага этапу. Атрымалася даказаць і бацькам, і выкладчыкам, што гады адточвання майстэрства не мінулі дарма. У гэты момант захацелася ствараць свабодна, горача, адкрыта. І натхняць шчырасцю гледача!
— Чым скарылі журы?
— Творы ў трох турах не маглі паўтарацца, таму праграма была вельмі разнастайнай. Сапраўднай перлінай майго выступлення на заключным этапе стала рапсодыя імпрэсіяніста Марыса Равеля “Цыганка”, пошукі якой зрабіліся своеасаблівай прыгодай. З аднаго боку, хацелася выканаць нешта дастаткова складанае, што не замацавалася ў рэпертуары, з другога — цікавае і блізкае на эмацыйным узроўні. Выкладчык, народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў, прапанаваў прагледзець старыя навучальныя планы. Так я і пазнаёмілася з “Цыганкай”, якая ўразіла з першых нот.
— А якія сярод беларускіх твораў асабліва палюбіліся?
— Інструментальная сюіта для цымбалаў Людмілы Шлег “Чатыры пары года” ды “Акварэль” цудоўнага кампазітара і выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктара Войціка будуць у маім рэпертуары заўжды.
— Летась вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як сустрэлі такую навіну?
— Гэтая падзея супала з самым насычаным перыядам майго жыцця: здача дзяржаўных іспытаў у акадэміі, паступленне ў магістратуру, выкладанне ў школе. Задумвацца аб шанцах атрымаць узнагароду не было часу, таму прысуджэнне стыпендыі аказалася па-асабліваму нечаканым і прыемным!
— Цяпер вы працуеце ў сталічнай дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 10 імя Я. Глебава…
— Педагагічная дзейнасць пачалася з размеркавання пасля каледжа. Мне было 19 гадоў, а веды ў сферы абмяжоўваліся толькі тэорыяй. Але дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва школы, у прыватнасці дырэктара Тамары Арцёмаўны Куніцкай, я ўсім сэрцам палюбіла нашу справу. Бачыць бляск вачэй, зараджаць жаданнем тварыць і прывіваць пачуццё прыгожага — вялікі цуд.
— Чаму аддаяце час, акрамя выкладання і сцэнічнай дзейнасці?
— Аргенцінскаму танга! Дарэчы, зараз вучуся ў магістратуры на спецыяльнасці “Арт-менеджмент” у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і пішу дысертацыю па гісторыі гэтага неверагоднага танца. Калі б сустрэча з цымбаламі не адбылася, рэалізавалася б у якасці харэографа.
— Як бачыце сваё далейшае развіццё ў прафесіі?
— Я часта параўноўваю сябе з караблём, у якога ў адкрытым моры ёсць толькі адна мэта — невялікі астравок на гарызонце. Сёння галоўным арыенцірам з’яўляецца сольны канцэрт у філармоніі, што адбудзецца ў лістападзе. Паспяховае заканчэнне магістратуры — адна з аддаленых, але таксама значных мэт. Наогул, як і любы творчы чалавек, я заўсёды шукаю шляхі ўвасаблення ідэй і ўслаўлення нацыянальнага мастацтва нашай любімай Беларусі.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні