Па натхненне — у бацькоўскі кут

Апублiкавана: 09 кастрычнiка 2024 Стужка Народная творчасць Мінск Падзеі

Аўтар: Аўтары

Чарговы раз Беларусь паклікала сыноў і дачок, якія жывуць далёка ад Радзімы, але шануюць свае вытокі. На стажыроўку ў нашу краіну завіталі кіраўнікі аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа.

Да трох з паловай мільёнаў выхадцаў з Беларусі ды іх патомкаў пражывае па-за рэспублікай. Дзякуючы намаганням дзяржавы гэтыя людзі могуць захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, зберагаць і папулярызаваць спадчыну продкаў. Спрыяе таму і рэалізацыя праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады, у якую ўключаны адмысловы раздзел “Беларусы ў свеце”. 

Пастаянна падтрымлівае дыяспару Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Установа забяспечвае суайчыннікам за мяжой метадычную і матэрыяльную дапамогу, арганізоўвае творчыя стажыроўкі, што даюць магчымасць дакрануцца да вытокаў, наталіцца роднымі традыцыямі і назапасіць шмат карысных ведаў па розных кірунках народнага мастацтва. 

Падобныя навучальныя візіты ладзяцца з 2016 года. Як падкрэсліла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон, праз вялікі попыт колькасць стажыровак вырашылі павялічыць. Сёлета ўпершыню праводзіцца тры стажыроўкі. Калі раней яны былі комплекснымі і ахоплівалі розныя віды творчасці, то з нядаўняга часу сталі вузкапрофільнымі. У сакавіку прайшло навучанне па дэкаратыўнапрыкладным мастацтве. Цяперашнія мерапрыемствы прысвечаны вакальнаму выканальніцтву. У лістападзе запланавана праграма па харэаграфіі. 

Гэтым разам у нашу краіну завіталі 30 чалавек з Арменіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Італіі, Расіі, Эстоніі. Ва ўсіх свой лёс. Нехта пакінуў бацькоўскі край у дарослыя гады, нехта з’явіўся на свет далёка ад гістарычнай радзімы. Але кожны шчыра захапляецца Беларуссю і цягнецца да вытокаў. Прыкладам, Лідзія Халяўчанка вырасла ў Арменіі, аднак з маленства наведвае творчыя калектывы нашай дыяспары. Спачатку выступала з дзіцячым гуртом “Дударочкі”, а цяпер саліруе ў ансамблі “Родныя карані”. 

 

— Заўсёды з радасцю прымаем запрашэнні паўдзельнічаць у стажыроўках і Фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Гэта магчымасць паказаць, што мы памятаем карані, што мы захапляемся традыцыямі продкаў. У Беларусі я трэці раз. Свежае паветра, маляўнічыя палі і лясы, прыгожыя гарады. Душа рвецца сюды зноў і зноў, — прызналася Лідзія Халяўчанка. 

Надзея Сысоева і Надзея Пінчук з Астаны — рускія. Пачуўшы аднойчы выступленне вакальнага калектыву “Вясёлка”, вырашылі далучыцца да яго — і адразу ўліліся ў суполку, палюбілі нашы песні. Кабеты даўно марылі наведаць Беларусь. І вось збылося! Жанчыны прызнаюцца, што адчуваюць сябе тут спакойна і ўтульна, нібы дома. 

Падчас стажыроўкі прайшлі сустрэчы з вядучымі калектывамі і найлепшымі педагогамі нашай краіны. 

Практычныя заняткі для гасцей правялі ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў ды ў іншых установах. Удзельнікі спазналі тонкасці выканання як аўтэнтычных абрадавых і пазаабрадавых песень, так і фальклорных стылізацый. 

Сапраўдны падарунак для беларусаў замежжа — візіт у Дрыбінскі і Слаўгарадскі раёны. Там удзельнікі стажыроўкі пазнаёміліся з дасягненнямі ансамбляў “Вярбіца”, “Паршынскія зоры”, “Спадчына”, “Адраджэнне”, “Вясковачкі”, “Крыніца”. Калектывы прэзентавалі мясцовыя спеўныя традыцыі, распавялі сакрэты ўнікальнай манеры выканання. У Мінск госці вярнуліся з грунтоўным набыткам, запісаўшы нямала цудоўных твораў ад самадзейных артыстаў з глыбінкі.

Кульмінацыяй стажыроўкі стала дыялогавая пляцоўка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У размове паўдзельнічалі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак і міністр культуры Анатолій Маркевіч. Як адзначыў Анатолій Мечыслававіч, усё больш беларусаў замежжа адчуваюць патрэбу “ўспомніць імя сваё”. І гэта не дзіўна: наша краіна ў сучасным свеце застаецца духоўнай крэпасцю, якая абараняе традыцыйныя каштоўнасці, веру, культуру. 

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак і міністр культуры Анатолій Маркевіч

— Так званы калектыўны Захад скочваецца ў прорву духоўнай дэградацыі. І мільярды людзей з надзеяй глядзяць на славянскі свет, — падкрэсліў міністр. 

На думку кіраўніка галіны, мы не можам здацца на літасць цёмных сіл, што называюць сябе адэптамі сучаснай, авангарднай культуры. Неабходна выступіць у адзіным страі, каб не дапусціць гібелі чалавечай цывілізацыі. 

— Культура ў нашай краіне разглядаецца як стратэгічны рэсурс, што дазваляе ў эпоху глабалізацыі захаваць Беларусь як суверэнную дзяржаву. Толькі чалавек, выхаваны ў традыцыях нацыянальнай культуры, можа стаць сапраўдным грамадзянінам, патрыётам, — зазначыў міністр. 

Анатолій Маркевіч заклікаў беларусаў замежжа рупна працаваць на зберажэнне традыцыйных каштоўнасцей, на супрацьстаянне маральнаму нігілізму і лавіне інфармацыйнага бруду. 

— Вы замежнікі толькі па пашпарце, а па духу, я ўпэўнены, — родныя для нас людзі. Хочацца, каб не толькі вы, але і вашы дзеці, унукі захоўвалі беларускасць ва ўсім — ад мовы, звычаяў, песень да характару і стаўлення да жыцця, — сказаў міністр. 

Удзельнікі сустрэчы актыўна ўключыліся ў шчыры дыялог. Яны дзяліліся досведам па захаванні і папулярызацыі беларускай культуры ў дзяржавах пражывання. Кожны аповед — прыклад адданасці гістарычнай радзіме, слаўнаму мінуламу матчынай зямлі. 

З натхненнем пра сваю працу расказвалі прадстаўнікі беларускай суполкі Ліепаі. Вядома, чальцы аб’яднання шмат увагі надаюць творчасці. Пры ім амаль чвэрць стагоддзя дзейнічае ансамбль “Паўлінка”, што далучаецца да многіх фестываляў, у тым ліку ў нашай краіне. 

Працуюць гурток лозапляцення, музей “Беларуская хатка” і бібліятэка айчыннай літаратуры. Акрамя таго, актывісты ладзяць экскурсійныя паездкі. За час дзеяння бязвізавага рэжыму арганізавана ўжо 26 вандровак у Сінявокую. Рупліўцы кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму прадстаўнікі Ліепаі апантаны ідэяй паказаць замежнікам сапраўдную Беларусь — гасцінную і шчодрую. 

Член праўлення Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” Віктар Байкачоў падзяліўся неверагодна шчымлівай навіной. Перад пачаткам сустрэчы ён перадаў на пастаяннае захоўванне Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сямейныя рэліквіі — узнагароды свайго бацькі Васіля Арцёмавіча, камандзіра ўзвода атрада “Смерць фашызму” партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі. 

— Бацькавы ўзнагароды вярнуліся на Радзіму. Усяго 16, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За адвагу”. Думаю, што тата ўхваліў бы такі ўчынак, — адзначыў спадар Байкачоў. 

Россып пазітыўных уражанняў, карысны досвед і новыя кантакты — з такім набыткам разляцеліся па дамах удзельнікі чарговай стажыроўкі. Ад’язджаючы, абяцалі скарыстаць атрыманы скарб напоўніцу і, вядома, выказвалі надзею завітаць на гістарычную радзіму яшчэ. 

Надзея Пінчук, удзельніца ансамбля “Вясёлка” Беларускага культурнага цэнтра “Радзіма” ў Астане: 

— Па нацыянальнасці я руская, аднак душа паклікала ў беларускі хор. Як ні дзіўна, выдатна атрымліваецца запамінаць песні на вашай мове. Часам нават салірую. Напэўна, дапамагло тое, што маці майго мужа прыгожа гаварыла па-беларуску. Наш калектыў аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і прафесій. Усіх злучае любоў да музыкі і павага да вашай культуры. Трапіць на стажыроўку ў Мінск хацелі даўно — і нарэшце жаданне ажыццявілася. Бясконца ўдзячныя за запрашэнне.

Людміла Сердзюкова, старшыня мясцовай нацыянальнакультурнай аўтаноміі горада Феадосіі “Спадчына”, кіраўнік фальклорнага калектыву “Сяброўкі”: 

— Хоць воляй лёсу я апынулася ў Крыме, усё адно адчуваю сябе часцінкай беларускай сям’і, часцінкай багатай культуры. Было прыемна наведаць Радзіму. Тут нас сустрэлі вельмі гасцінна. Так радасна бачыць, што наш народ збярог душу, не ачарсцвеў, нягледзячы на выклікі сучаснага свету. Падобныя паездкі дапамагаюць разнастаіць рэпертуар, дазнацца нешта новае. Зрэшты, мы заўсёды знаходзім неабходную падтрымку на Бацькаўшчыне, у любы момант можам звярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур па дапамогу. Хочацца шчыра падзякаваць за прыём і пажадаць росквіту беларускаму народу!

Дзмітрый Гарны, кіраўнік народнага вакальнага ансамбля “Калінушка” рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Калінінградскае зямляцтва беларусаў”: 

— Уражанні ад стажыроўкі ашаламляльныя. Праграма вельмі насычаная і пазнавальная. Штодня — яркія эмоцыі. Трапіць сюды для мяне надзвычай важна, бо майму калектыву хочацца быць далучаным да беларускай культуры. Мы імкнёмся не прапускаць ніводнага мерапрыемства, звязанага з культурай нашай гістарычнай радзімы. Удзельнічаем у штогадовым фестывалі “Белыя росы”, выступаем на святах нацыянальных культур у Калінінградзе і на канцэртах да Дня адзінства Беларусі і Расіі. Прыемна адчуваць пастаянную падтрымку Айчыны. Напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур уключыў наш калектыў у праграму пашыву народных касцюмаў на наступны год. 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА