Як стваралі айчынны “Код да Вінчы”

Апублiкавана: 06 кастрычнiка 2024 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з расійскімі калегамі рыхтуе прэм’еру фільма “Чорны замак” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Які плён прынесла агульная справа, даведаліся на спецыяльным перадпаказе.

Здымкі стартавалі ў красавіку мінулага года. Але праца над праектам пачалася задоўга да гэтага. Разглядаліся творы розных беларускіх класікаў, аднак ідэя прадзюсара і аўтара сцэнарыя Глеба Шпрыгава адаптаваць для вялікага экрана знакаміты раман “Чорны замак Альшанскі” падалася найбольш выйгрышнай. Тут і экшн, і дэтэктыў — усё, што патрэбна сучаснаму гледачу. Рабіць экранізацыю не адважыліся: вялікі аб’ём літаратурнага тэксту не глядзеўся б у кіно. Нават калі эксперымент атрымаўся б, прыйшлося б ствараць серыял — так шмат было матэрыялу. Вырашылі зрабіць па-іншаму, але пакінулі асноўную сюжэтную канву і закладзеную Караткевічам мараль: “Не ведаючы мінулага, народ не мае будучыні”. 

Маштабы здымак велізарныя: больш за 50 лакацый — як гістарычных мясцін і натурных пляцовак (накшталт замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы), так і дэкарацый у павільёнах.

Мастак-пастаноўшчык Наталля Навоенка жартуе, што ў яе кабінеце, як у дэтэктыўным агенцтве, на сцяне вісела карта, скрэсленая схемамі перамяшчэння галоўных герояў і абвешаная фатаграфіямі з розных куткоў краіны. Галоўная заслуга творцы — інтэр’еры Альшанскага замка, адноўленыя на “Беларусьфільме”. 

— Гісторыка-культурны архітэктурны фонд моцна пацярпеў падчас трагічных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі. І каб аднаўляць мінуўшчыну XV—XVI стагоддзяў, спатрэбілася падымаць усю гістарыяграфію краіны. Большасць нашых славутасцей былі задзейнічаны ў здымках, але асноўную дэкарацыю Чорнага замка будавалі ў павільёне па чарцяжах. Не абышлося і без майго мастацкага бачання, — распавядае Наталля Навоенка. 

“Чорны замак” — інтэрнацыянальны праект. У вытворчасці фільма прынялі ўдзел расійскія акцёры. У здымачную групу ўвайшлі расійскі рэжысёр, грузінскі аператар і беларускія кінематаграфісты. Ролю суддзі Станкевіча ўвасобіў на экране народны артыст Расійскай Федэрацыі, заслужаны артыст Узбекістана Віктар Вяржбіцкі. 

— Я люблю кіно, дзе прысутнічаюць пэўныя гістарычныя падзеі. У такіх карцінах для мяне як для акцёра нават касцюм і грым дапамагаюць жыць персанажам і фантазіраваць, каб зрабіць яго вобраз насычаным і аб’ёмным, — дзеліцца ўражаннямі ад здымак Віктар Аляксандравіч. 

Па словах рэжысёра Кірыла Кузіна, аўтары імкнуліся захаваць беларускую аўтэнтыку. Акрамя таго, важным для стваральнікаў было не перабраць са спецэфектамі: 

— Што тычыцца камп’ютарнай графікі, мы вырашылі выкарыстоўваць яе мінімальна, паколькі баяліся страціць за ёй самае галоўнае — чысціню і хараство беларускіх пейзажаў. Усе гістарычныя лакацыі, якія давялося аднаўляць, мы стараліся зрабіць не толькі праўдзівымі, але і максімальна маляўнічымі, — распавядае майстра. 

— Нам удалося сумясціць дзве рэальнасці — гістарычную і сучасную — у адным яркім дэтэктыўна- рамантычным сюжэце, а глыбокая павага да гістарычнай праўды, закладзеная ў рамане і ў фільме, дазволіла атрымаць унікальны сплаў сучасных ідэй і шэраг незвычайных арыгінальных кінематаграфічных вобразаў, — сцвярджае прадзюсар і сцэнарыст Глеб Шпрыгаў. 

Карціна распавядае пра маладога прафесара гісторыі Антона Косміча (Яўген Шварц), які аказваецца ўцягнутым у вір містычных падзей, што бяруць пачатак у першай палове XVII стагоддзя і звязаныя з выкраданнем казны змоўшчыкаў супраць польскага караля.

Станоўчым момантам фільма стала акцёрская праца Віктара Вяржбіцкага, досыць шчырая і натуральная ігра Веранікі Усцімавай. Кампліментаў заслугоўвае і выканаўца галоўнай ролі Яўген Шварц, чый талент, тым не менш, не змог праявіцца на экране ў поўным аб’ёме. Запомніцца гледачу і неадназначны герой Яўгена Стычкіна. Вобраз антаганіста-псіхатэрапеўта выклікае напружанне, непрыязнасць, адкрытую нянавісць. Значыць, акцёр са сваёй задачай справіўся. 

“Чорны замак” — гэта відовішчны прыгодніцкі дэтэктыў з элементамі гістарычнай драмы, фэнтэзі і нават містыкі, які можна назваць годнай працай беларускіх і расійскіх кінематаграфістаў. Зроблена яна з душой і любоўю — да кіно, да нашага народа. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Ілюстрацыі: кадры з фільма