Пад белымі крыламі Іненармунь

Амаль паўтары тысячы кіламетраў раздзяляе Мінск і Саранск. Але духоўная еднасць непадуладная геаграфічнай аддаленасці. Гэта даказвае выстава “Выяўленчае мастацтва Мардовіі”, што разгарнулася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Традыцыйная каштоўнасці ў вірлівым свеце, гістарычная памяць, хараство роднай зямлі — тое, што турбуе ды натхняе як айчынных творцаў, так і іх расійскіх калег.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Мардоўскі рэспубліканскі музей выяўленчых мастацтваў імя С.Д. Эрзі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве у 2022-м. Такім чынам быў пакладзены пачатак плённага творчага дыялогу. З таго часу адбыўся шэраг супольных мерапрыемстваў, у тым ліку віртуальныя выставы і круглыя сталы. Гучнай падзеяй у культурным жыцці Мардовіі стала часовая экспазіцыя “Сучаснае беларускае мастацтва графікі”, якую да расійскіх калег летась прывёз наш Нацыянальны мастацкі. 

Фрагмент экспазіцыі. "Партрэт маці". Анатоль Кіяйкін

— Беларусь — наш ключавы партнёр, брацкая дзяржава. Нас звязваюць моцныя духоўныя і культурныя сувязі. Адкрыццё часовай экспазіцыі ў Мінску стала важным звяном нашага дыялогу. Упэўнены, што чарговы праект адкрые новыя далягляды ўзаемадзеяння, — зазначыў у прывітальным адрасе Кіраўнік Рэспублікі Мардовія Арцём Здуноў. 

ГОДНЫЯ НАШЧАДКІ ЭРЗІ 

З Саранска да нас прывезлі 60 твораў жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя работы выкананы ў розных тэхніках і стылях, аднак усе прасякнуты адметным нацыянальным каларытам. Яны выдатна перадаюць асноўныя тэндэнцыі развіцця мардоўскага мастацтва, паказваюць пераемнасць традыцый. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава, адкрываючы выставу, правяла паралелі між сучаснай мардоўскай творчасцю і набыткамі першых прафесійных майстроў рэспублікі. 

— Сцяпан Эрзі праславіўся адметным эмацыйным почыркам. Ён выкарыстоўваў тэхніку прамога высякання і амаль заўсёды вырабляў скульптуры без падрыхтоўчых накідаў і эскізаў. І надзвычайныя па сваім каларыце творы сучасных мардоўскіх мастакоў вельмі сугучныя гэтаму эмацыйнаму, жывому падыходу знакамітага віртуоза, — падкрэсліла Ганна Уладзіміраўна. 

АЎТАБІЯГРАФІЧНЫЯ МАТЫВЫ 

Сакавітыя колеры і эмацыйная дынамічнасць — тое, чым уражвае збор мардоўскага жывапісу з першага погляду. Як адзначыла дырэктар Мардоўскага музея выяўленчых мастацтваў імя С.Д. Эрзі Людміла Нарбекава, у экспазіцыі шмат аўтабіяграфічных работ, якія паказваюць пераемнасць пакаленняў і адданасць караням. 

Адна з дамінантаў выставы — манументальны “Партрэт маці” знанага жывапісца Анатоля Кіяйкіна. Перад гледачом паўстае жанчына сталага веку ў традыцыйным народным строі. Спрацаваныя рукі, крыху стомлены і пры гэтым ласкавы позірк, ледзь прыкметная пяшчотная ўсмешка на змораным абліччы. Відарыс літаральна струменіцца ціхай ласкай. Бачыцца на палатне не столькі рэальная асоба, самая дарагая і блізкая для мастака, колькі абагульнены сімвал духоўнай дасканаласці, хараства і гарманічнасці нашага свету. Нездарма мастацтвазнаўцы адзначаюць: мова аўтара адначасова гістарычная і сучасная, а яго вобразы па-філасофску глыбокія і разам з тым зразумелыя нават непадрыхтаванаму гледачу. 

У міры і згодзе ў рэспубліцы пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Значны ўнёсак у агульную культурную скарбонку робяць і татары — трэцяя па колькасці этнічная супольнасць Мардовіі. Зберагчы традыцыі сваіх продкаў імкнецца вядомы мастак Хафіз Бікбаеў. Выхадца з гістарычнага татарскага паселішча асабліва хвалюе лёс спадчыны і спрадвечных каштоўнасцей у век глабалізацыі. 

Да якога б жанру ён ні звяртаўся, заўсёды стварае палотны-выказванні, поўныя жыццялюбства і замілавання родным краем. Майстра шмат падарожнічае па вёсках ды збірае старадаўнія прадметы побыту, якія пазней выкарыстоўвае пры маляванні нацюрмортаў. Нярэдка ў паездках знаходзіць і каларытных герояў для будучых работ. 

На выставе ў Мінску паказаны дзве карціны Хафіза Бікбаева. “Свет старых рэчаў” — нешта большае за этнаграфічны нацюрморт. Аўтар не проста захаваў на палатне старую пралку ды іншыя пажыткі, а нібыта ўхапіў цэлую эпоху, што сыходзіць, са сваімі ўяўленнямі аб прыгажосці і светабудове агулам. “Сяброўкі” — сцэна з жыцця амаль бязлюднай вёскі. Гутарку на лаўцы вядуць бабулі, якія аказаліся апошнімі насельнікамі мясціны, дзе колісь спорылася праца, дзе звінелі дзіцячыя галасы. 

ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ РАМЁСТВАЎ 

Значную частку экспазіцыі складаюць работы нашых сучаснікаў, якія захоўваюць і развіваюць традыцыйнае народнае мастацтва. Майстрыхі Ірына Хамякова, Галіна Палянская і Таццяна Алёшкіна дэманструюць выкшталцоныя вышываныя вырабы. Вольга Малаева з мноства мудрагелістых арнаментаў склала “Дзевяць матываў аб вечным”. Кацярына Будкіна з выкарыстаннем лічбавага друку вырабіла яркую калекцыю касцюмаў паводле этнічнага адзення мардвы-эрзі. Ірына Чумакова-Сямёнава прэзентуе творчую рэканструкцыю строя мардвы-эрзі паўднёва-заходняй групы. Акрамя таго, паказаны ўзоры пляцення з бяросты і ціснення, разьбярства, ткацтва. 

Мардоўскія творцы плённа пераасэнсоўваюць духоўную спадчыну свайго краю ў сучасным мастацтве. Прыкладам, батык Вольгі Курмышкінай “Іненармунь” натхнёны старадаўняй міфалогіяй. Продкі мардвы верылі, што свет з’явіўся дзякуючы вадаплаўнай птушцы Іненармунь. Маўляў, яна знесла яйка, з верхняй часткі якога ўтварылася неба, з ніжняй — зямля, з жаўтка — сонца, а з бялка — месяц. Пра высокі статус міфалагічнай Вялікай Птушкі сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі. 

Экспазіцыя будзе працаваць да 29 верасня. Мяркуецца, што абмен выставамі працягнецца. У прыватнасці, мардоўскія калегі выказалі зацікаўленасць у паказе ў Саранску спадчыны Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і іншых шэдэўраў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.