Працягваем раскрываць таямніцы жыццяпісу Вінцэнта Дмахоўскага — пачынальніка беларускага гістарычнага пейзажа. Гэтым разам гаворка пойдзе пра перыяд, дзякуючы якому мастака празвалі “Клодам Ларэнам віленскіх ваколіц”.
"Руіны замка ў Медніках". Вінцэнт Дмахоўскі, 1853
У КОЛІШНЮЮ СТАЛІЦУ
Напрыканцы 1837 года наш герой з жонкай, дзецьмі і 14 рублямі срэбрам у кішэні пакідае бацькоўскія Нагародавічы, што на Дзятлаўшчыне, і перабіраецца ў колішнюю сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Мэта — стаць прафесійным мастаком. Для амбітнага і таленавітага маладога творцы гэта было вяртанне ў Вільню, бо там прайшлі студэнцкія гады, заставаліся старыя сябры. Жыццё біла ключом, хоць універсітэт даўно закрылі.
Як пісаў сябра мастака Уладзіслаў Сыракомля, падштурхнула Дмахоўскага да такога ўчынку вера, “што літвіны, якія гэтак жа, як і ён сам, любяць мастацтва, не дадуць сярод сябе, у сваёй сталіцы, згінуць айчыннаму таленту”. Працяг пасажу Сыракомлі быў, аднак, не такі аптымістычны: “Але шмат, ой шмат сплыве вады з Віліі да Балтыкі, перш чым Літва пачне разумець такога кшталту свае грамадскія абавязкі. Не раз горка прыходзілася Дмахоўскаму пашкадаваць аб той веры. Цудоўныя ягоныя пейзажы знаходзілі шмат аматараў, але мала пакупнікоў”.
Каб зарабіць на хлеб, аўтар маляваў партрэты, рэстаўраваў старыя карціны. Але ўсё гэта прыносіла такі сціплы прыбытак, што толькі пачуццё сваёй місіі ў мастацтве дало Дмахоўскаму моц выстаяць на тым “шыпастым” шляху.
ТВОРЧАЕ АСЯРОД ДЗЕ
Што ўяўляў з сябе горад на сямі пагорках, як называлі сталіцу ВКЛ нашы продкі, параўноўваючы яе з Рымам? Вось што пісала ў працы “Паміж Пецярбургам, Варшавай і Вільняй” пра віленскі культурны ландшафт расійскі мастацтвазнавец Інэса Свірыда (1939— 2019): “У апошнія гады XVIII стагоддзя мастакі, вымушаныя пакідаць Варшаву ў выніку падзелаў і ліквідацыі каралеўскага двара, спрыялі развіццю Вільні як мастацкага цэнтра. Цяпер жа, хоць універсітэт быў закрыты… ён працягваў адыгрываць у культурным жыцці сваю збіральную ролю”.
Свірыда піша, што ў 1830-1863 гадах у Вільні на 50-60 тысяч жыхароў было каля тысячы чалавек, якіх можна аднесці да прафесійнай інтэлігенцыі. З іх прыкладна сотня з’яўлялася найбольш творча актыўнай. Заўважнае месца зай-малі жывапісцы.
Гладка было на паперы, ды забыліся на кар’еры. Аўтары, атрымаўшы адукацыю ва ўніверсітэце, які абудзіў іх прафесійныя амбіцыі, жылі і працавалі ў горадзе, дзе не існавала ні музеяў, ні галерэй, ні выстаў. “У нас стан мастакоў самы жаласны… Няма ўзораў, кніг, няма магчымасці вучыцца. З-за самаадукацыі няма правільнага рысунка, валодання каларытам, перш за ўсё стылю. Не было нават фарбаў — Русецкі замаўляў іх у Пецярбургу, Дмахоўскі за мяжой”, — сцвярджаў знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі. У 1841-м ужо і сам Дмахоўскі канстатаваў, што “стан жывапісу ў Вільні вельмі скрушны”.
Прычыну Вінцэнт бачыў у тым, што яго калегі пастаянна круцяцца ў коле сваіх раз і назаўжды прынятых установак, працуюць, як кажуць, згодна з аплатай і пішуць усё горш. У 1842-м ананімны аўтар артыкула ў “Штотыднёвіку пецярбургскім” змог назваць хіба некалькі мастакоў з Вільні: Вінцэнта Смакоўскага (той, праўда, да 1858-га жыў у Варшаве), Вінцэнта Дмахоўскага, Канута Русецкага і пару іншых. Смакоўскі не быў выключэннем і канстатаваў, што “толькі боскі промысел дапамагае малой жмені навукоўцаў і мастакоў, умацоўваючы іх нечуваную вытрымку ў абранай прафесіі”. Каб займацца творчасцю, а часам і проста мець кавалак хлеба, большасць майстроў пэндзля мусіла брацца за любую працу.
Эдвард Ромер. Фота, 1850
Дмахоўскі скардзіўся ў лістах сябру Эдварду Ромеру: “Самае агіднае для мяне, што часта я павінен рабіць тое, што не толькі не развівае майго таленту, але і насамрэч забівае такі каштоўны час. Аднак спадзяюся, што з цягам часу вырвуся з гэтай сапраўднай бяды мастакоў”.
Як жа творцы здабывалі грошы? Партрэты былі, бадай, галоўнай крыніцай даходу віленскіх жывапісцаў. Праўда, многае залежала ад шчодрасці замоўцы. Шанцавала таму, хто меў мецэната. Але большасць, вымушаная “маляваць пляскатыя фізіяноміі суддзяў і маршалкаў, іх жонак і дачок”, атрымлівала няшмат. Часам здараліся і прыкрыя эпізоды.
Аднойчы нейкі “пан О. А.” папрасіў Дмахоўскага намаляваць дачку, якая памірала ад невылечнай хваробы. Мастак правёў за працай тыдзень і завяршыў партрэт за некалькі гадзін да смерці дзяўчынкі. Дамаўляючыся пра аплату, Дмахоўскі не змог вытрымаць дробязнага гандлю за кожны грош, які ўстроіў “О. А.”, і сышоў.
Яшчэ адным варыянтам пошуку хлеба надзённага было настаўніцтва. Але такі занятак не для кожнага. Канут Русецкі сваю педагагічную працу ахарактарызаваў так: “Я заняты ўрокамі, і ў мяне мала часу для жывапісу. Кожны ўрок для мяне невыносны”. Некаторыя, даведзеныя да адчаю, нават спрабавалі быць “хлебаробамі”. Той жа Русецкі ў 1848-м рызыкнуў узяць у арэнду зямлю, каб заняцца гаспадаркай. Але хутка расчараваўся. У розны час станавіліся на той шлях мастакі Караль Рачынскі, Аляксандр Сляндзінскі і Антон Залескі. Так жа складаўся лёс і ў пісьменнікаў, музыкантаў, якія па волі лёсу “мянялі ліру на саху”. Не абышла гэтая доля і Вінцэнта Дмахоўскага.
"Капліца. Туганавічы Верашчакаў". Вінцэнт Дмахоўскі, 1856
ШКОЛА ДМАХОЎСКАГА
У адрозненне ад калег, якія ўспрымалі педагагічную працу як цяжкі крыж, Дмахоўскі меў да яе супрацьлеглыя адносіны. Вучняў майстар любіў і шчыра дбаў пра іх асвету. Ці не першай выхаванкай Вінцэнта, які толькі-толькі атабарыўся ў Вільні, стала Алена Скірмунт, ураджэнка Піншчыны, пазней — знакаміты скульптар і жывапісец.
Дзякуючы кнізе Браніслава Залескага “З жыцця літвінкі” (1876), створанай на аснове ўспамінаў мастачкі, мы маем такую характарыстыку Дмахоўскага: “…Тады ж звярнуліся да пейзажыста Вінцэнта Дмахоўскага, які жыў у Вільні. Ён быў вельмі высакародны чалавек і стаў першым настаўнікам дзяўчынкі, якая з запалам аддалася ўлюбёнай працы. Вынік быў неверагодны. Дмахоўскі, які падыходзіў да лекцый як да забавы, быў уражаны незвычайным самародным талентам і ставіўся да яго вельмі паважна. З цягам часу ён прывязаўся да вучаніцы. Яе мастацкія спробы з любоўю і гонарам абносіў па ўсім горадзе і хваліўся перад знаёмымі”; “Дмахоўскі імкнуўся кампенсаваць урокі, не раз хадзіў з вучаніцай да касцёла, каб патлумачыць прыгажосць абразоў, паказваў каштоўныя рэчы, сабраныя ў калекцыях Валовічаў і Касакоўскіх… Усяго толькі 13 лекцый узяла Аленка, але на некалькі наступных гадоў яны з’явіліся яе мастацкім запасам, які на падставе ўнутранай працы і ўласнага пачуцця дазволіў яе таленту развівацца далей”. Дарэчы, праз шмат гадоў Скірмунт зробіць два алоўкавыя партрэты настаўніка.
Сыракомля дадае да характарыстыкі сябра: “Маючы лагодны характар і дзіўную яснасць выкладання рысунка, Дмахоўскі прыцягнуў да сябе шмат вучняў, якім або ў сябе, або ў іх дамах выкладаў перспектыву і святлацень. Сярод колішніх вучняў некаторыя… сталі вядомымі. Згадваюцца Тадэвуш Гарэцкі, Смуглевіч (малодшы), Пяткевіч, Ігнат Карчэўскі, Рэйнхард, Алена Скірмунт, Пані Рон (магчыма, Марыя фон Рон, жонка Тадэвуша Агінскага. — Заўв. аўт.), Альжбета Манюшка (дачка Станіслава, слынная мастачка, педагог і змагарка за эмансіпацыю жанчын. — Заўв. аўт.), таленавітая Марыя Ромер (стрыечная сястра Эдварда)”.
А яшчэ былі сярод вучняў выдатны пейзажыст Юзаф Маршэўскі, што пазней пераймаў веды ў Андрэаса Ахенбаха ў Дзюсельдорфе (дарэчы, праходзіў падрыхтоўку ў яго і Апалінарый Гараўскі, ураджэнец Бярэзіншчыны), граф Міхал Тышкевіч, які хоць і застаўся дылетантам, але быў “дылетантам высокага ўзроўню”. Цікавасць да гісторыі і мастацтва, падтрымка творчых асоб, якую пазней не раз выказваў Тышкевіч, уладальнік Астрашыцкага Гарадка, мяркую, ёсць заслугай Дмахоўскага.
Згадваецца ў лістах Вінцэнта да Ромера яшчэ Радэйка, якога майстар вельмі хваліў. Той тры гады быў вучнем Дмахоўскага (на 1841-ы), а раней некалькі месяцаў — паўслугой, паўвучнем у Ваньковіча. “Цяпер бы ты ўбачыў у ім вельмі прыстойнага чалавека, ужо вельмі падобнага на мастака, разам з добрымі партрэтамі ён будзе рабіць маленькія жанравыя карціны”. Безумоўна, вучыўся ў творцы і яго сын Уладзіслаў, які пазней стаў выдатным мастаком (у нас, на жаль, таксама малавядомы). Але большасць складалі дзяўчаты. Як пісаў са скрухай Дмахоўскі, “ад іх найменшая радасць у будучыні, бо з выхадам замуж заканчваецца і мастацтва”.
КРЫТЫКА І БАРАЦЬБА
Узровень майстэрства Дмахоўскага, значна вышэйшы за ўзровень Яна Рустэма, прымусіў першага выступіць з канструктыўнай крытыкай другога. У лістах да Ромера Вінцэнт пісаў: “Мне непрыемна паўставаць супраць прынцыпаў майго настаўніка, але што рабіць, калі не ўсе яны былі добрымі. Я, колькі магу, разважаю аб лінейнай перспектыве, да майго часу амаль невядомай (у Вільні), але гэта я (раблю) не сярод старых мастакоў, якія не вераць, што можна ўмець больш, чым яны ўмеюць, а сярод тых, хто пачынае вучыцца”.
Ян Рустэм. Аўтапартрэт, пач. ХІХ ст.
У выкладанні творца адмовіўся ад прынятых у рустэмаўскай школе неахайных, на яго думку, адносін да фону карцін. Той лічыўся самым лёгкім для малявання (фактычна проста замазваўся), а пры працы на паперы ўвогуле не вартым высілкаў, але ж яго суадносіны з ценямі і святлом давалі эфект і жыццё выяве. Фон, меркаваў Дмахоўскі, мусіць быць не плодам фантазіі, а вынікам назірання за натурай. Крытычныя выступленні Дмахоўскага і барацьба супраць памылковых метадаў слаўных папярэднікаў ніколькі не перашкаджалі вільнянам захоўваць пра Рустэма добрую памяць. У 1849-м, калі нехта вырашыў прадаць яго партрэт (палатно пакінула б Вільню), гараджане зладзілі вялікую “бойку” і гатовы былі пераплаціць удвая, толькі б Рустэм “застаўся”.
Цікава, што ў кнізе Інэсы Свірыда асоба Дмахоўскага займае нямала месца, бо ён быў адным з найбольш заўважных мастакоў таго часу. Сапраўды, яго імя даволі часта сустракалася ў рознага кшталту публікацыях у прэсе і ва ўспамінах — заўсёды ў станоўчым ключы. Але ёсць для таго яшчэ адна прычына: сярод самых выбітных вучняў Яна Рустэма (1762—1835) Дмахоўскі, якому было адмерана толькі 55 гадоў, пражыў хіба не больш за ўсіх. Ад розных хвароб і няшчасных выпадкаў сышлі маладымі яго сябры і выдатныя творцы Казімір Бахматовіч, Генрык Жукоўскі, Юзаф Карчэўскі, Францішак Пелікан, Казімір Кукевіч, Валенцій Ваньковіч, Тытус Бычкоўскі і Юлій Мішэўскі…
СЯМЕЙНЫ ПАРТРЭТ
Адна з самых важных для нас прац мастака — “На радзіме. Нагародавічы” (1843). У ёй Дмахоўскі з любоўю адлюстраваў бацькоўскі маёнтак з драўлянай сядзібай, са старадаўнім каменным скарбчыкам, які памятаў часы мітрапаліта Вільяміна Руцкага і першага з’езда кіраўнікоў усіх базыльянскіх манастыроў 1617 года (будынак разабраны пасля вайны).
"На радзіме. Нагародавічы". Вінцэнт Дмахоўскі,1843
Але хто гэтыя людзі на карціне? Кабета ў блакітнай сукенцы, хутчэй за ўсё, жонка мастака Саламея з роду Арлоўскіх. Дарэчы, не была яна з Польшчы, як часам пішуць. Яе сям’я жыла ў ваколіцах мястэчка Трабы. Акрамя таго, намаляваны малыя і старая ў чапцы. На 1843 год у Дмахоўскага ўжо было пяцёра дзетак. Трох з іх мы ўпаміналі ў другой частцы, час пазнаёміцца з астатнімі. Хлопчык — згаданы вышэй Уладзіслаў Ігнат Сымон, што прыйшоў на свет у Вільні 15 (27) лютага 1839 года. Там жа 21 лістапада (3 снежня) 1841-га нарадзілася і Саламея Кацярына (пэўна, яе трымае на руках старая жанчына — магчыма, маці мастака).
Твор ацалеў — у многім дзякуючы Ігнату Корвін-Мілеўскаму. Ён сын Оскара, сябра і першага лібрэтыста Станіслава Манюшкі, які ў нашай гісторыі з’явіцца яшчэ не раз. Даследчык Раман Афтаназі пісаў, што Ігнат быў асобай вельмі спрэчнай, але цікавай. Што нам да таго? Галоўнае, ён у сваім маёнтку Геранёны сабраў у 1880-1895 гадах адну з самых каштоўных калекцый беларускага і польскага мастацтва (больш за 200 карцін). А пачалося ўсё з двух твораў, якія засталіся Ігнату ад маці: “Нагародавічы” (!) і аўтапартрэт Баляслава Русецкага (1852). Маёнтак Геранёны быў татальна разрабаваны ў часы Першай сусветнай вайны, і калекцыя разышлася па руках. Тое, што “Нагародавічы” захаваліся і трапілі ў музейныя фонды, — сапраўдны цуд.
Днямі мы завіталі ў Геранёны, слаўныя сваёй гісторыяй. Пабывалі ў касцёле, дзе пахаваны Оскар Корвін-Мілеўскі, і ў яго маёнтку, дзе некалі захоўваліся працы Вінцэнта Дмахоўскага і Яна Матэйкі. Уражанняў назапашана столькі, што лепш падзяліцца імі ў асобнай публікацыі. Як кажуць, не пераключайцеся. Працяг будзе.
Зміцер ЮРКЕВІЧ