Калі сумленна працаваць... Аб падтрымцы таленавітай моладзі

Наша гераіня з дзяцінства захаплялася лепкай з гліны, танцамі, спевамі. Але любоў да алоўка і фарбаў засланіла ўсё. Летась 19-гадовая Вераніка Закрэўская пакарыла журы ХVІІ Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў традыцыйнай беларускай выцінанкай і стала бронзавым прызёрам у намінацыі “Мастацкія рамёствы”. Дзякуючы працавітасці дзяўчына адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Вераніка, з чаго вы пачалі шлях у прафесію?

— З гуртка па маляванні. Я была зусім маленькай, калі стала яго наведваць. Больш сур’ёзныя акадэмічныя веды прыйшлі нашмат пазней, у восьмым класе, дзякуючы настаўнікам дзіцячай школы мастацтваў у Жлобіне. Менавіта там я ўсвядоміла, што хачу звязаць лёс з жывапісам.

— Вы — студэнтка Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. Як абіралі месца навучання?

— Тады мне было ўсяго 16 гадоў і я не адважвалася паехаць жыць занадта далёка ад дому. Многія выпускнікі нашай мастацкай школы вучыліся ў Гомелі і расказвалі багата прывабнага пра каледж. Вось і вырашыла падаваць дакументы туды. Але вельмі сумнявалася ў сваіх сілах. Трэба было канкурыраваць з людзьмі, якія прафесійна займаліся жывапісам нашмат даўжэй за два гады. Чакаць вынікі іспытаў аказалася нялёгкім выпрабаваннем. Аднак першыя адзнакі паказалі, што ў мяне ўжо сфарміравалася добрая акадэмічная база і можна справіцца, калі працягнуць сумленна працаваць. А яшчэ вельмі дапамагла паверыць у сябе падтрымка блізкіх. У рэшце рэшт мае балы сталі самымі высокімі сярод абітурыентаў. Я з лёгкасцю прайшла на бюджэтнае аддзяленне жаданай спецыяльнасці.

— Новы жыццёвы этап — новыя магчымасці?

— У каледжы адкрылася мноства шляхоў — раней пра іх і не падазравала. Дзякуючы творчаму асяроддзю, у якім апынулася, убачыла мастацтва па-новаму і асмелілася на ўдзел у вялікай колькасці конкурсаў і іншых мерапрыемстваў.

— Хто дапамог раскрыць ваш талент?

— Гэта вялікае шчасце, калі ёсць каму заўважыць задаткі дзіцяці і развіваць іх на працягу жыцця. У маім творчым станаўленні, бясспрэчна, заслуга і бацькоў, якія ніколі не абмяжоўвалі ў інтарэсах і хобі, і настаўнікаў, крытычны погляд якіх матываваў самаўдасканальвацца і дасягаць новых вышынь. Але без уласных намаганняў вонкавыя імпульсы не здольныя прымусіць чалавека рухацца наперад. І галоўная сіла заўсёды сканцэнтравана ўнутры нас саміх.

— Наколькі складана сумяшчаць вучобу і конкурсы?

— Мне б вельмі хацелася дасягнуць таго чароўнага стану, калі атрымліваецца ўсё і адразу, але пакуль — цяжка. Шмат часу забірае праца над семестравымі праектамі, таму рэдка выходзіць знайсці вольную хвілінку. Але памкненне заяўляць аб сваім творчым поспеху за сценамі каледжа многае перамагае.

— Вы — прызёр ХVІІ Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў. Як трапілі туды?

— Яшчэ ў пачатку семестра я вырашыла ўдзельнічаць у любых актыўнасцях, каб не прапусціць каштоўны досвед. Таму, калі выкладчыкі расказалі нам пра Дэльфійскія гульні, без сумневаў падала заяўку і пачала рыхтаваць выставачныя работы. Я нават не ўяўляла тады, што такім чынам упершыню апынуся за мяжой. Выступаць вырашыла ў напрамку “Мастацкія рамёствы”. Аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мяне заўсёды прыцягвала, таму што ствараць нешта рукамі вельмі цікава, нягледзячы на карпатлівасць працэсу. Да таго ж займацца выцінанкай я ўжо спрабавала раней, і гэта была выдатная магчымасць асвоіць новыя тэхнікі працы з паперай.

— А чым запомнілася спаборніцтва?

— Спачатку вельмі хвалявалася, бо патрапіла ў поўнае канкурэнцыі асяроддзе, дзе на мяне, як і на ўсіх канкурсантаў, ускладаліся вялікія надзеі і місія праслаўляць мастацкія дасягненні краіны. У Бішкеку я мусіла прадстаўляць пяць работ, якія стварыла за дастаткова кароткі тэрмін (менш чым два месяцы). Ацаніць мае шансы на перамогу было цяжка яшчэ і таму, што кірунак уключаў максімальна разнастайныя рамёствы: шыццё, валенне з воўны, працу з цыноўкай, са скурай. А я прыехала з паперай… Мне здавалася, што работы іншых удзельнікаў па складанасці значна перасягаюць мае. Але сумневы аказаліся марнымі! Мой праект зацікавіў не толькі журы, але і іншых канкурсантаў: пасля прэзентацыі яны падыходзілі і хвалілі выцінанку за прыгожую ўзорнасць. Уражанні, эмоцыі, атрыманы досвед цалкам апраўдалі ўсе намаганні!

— Сёлета вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Першае, што адчулі, — гэта…

— Я вельмі здзівілася! Аказацца ў ліку стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта — ганарова! Такая падтрымка на дзяржаўным узроўні матывуе працаваць на новыя дасягненні і перамогі.

— Калі зазірнуць у будучыню, то вы…

— Мне падабаецца працэс навучання і самаўдасканальвання. Таму пасля заканчэння каледжа хацела б паступіць ва ўніверсітэт і працягнуць прафесійнае станаўленне там. Зараз перада мной адчынена шмат дзвярэй, галоўнае — працаваць і ствараць на карысць Радзіме.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні