Харэаграфічныя спектаклі апошнім часам трывала прапісаліся ў малой зале Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. У ліпені шэраг папоўніўся “Шынялём” Кірыла Балтрукова паводле аднайменнай аповесці Гогаля.
Шчыра кажучы, твор рускага класіка стаў для спектакля хіба пунктам адліку, месцам старту для далейшых разваг на мове пластыкі і сучаснай харэаграфіі. Але шынялёў (дакладней, паліто) там багата. Прычым усе — двухбаковыя. Іншым словам, пярэкруты.
Такім жа “пярэкрутам” стаў і змест аповесці, максімальна набліжаны да сучаснасці і актуалізаваны для ўсёй сусветнай прасторы, як і належыць спектаклям без слоў. Бо замест звыклай праблематыкі маленькага чалавека ўзнікла іншая — грамадства спажывання, прычым спажывання татальнага. А таксама не менш важная для моладзі тэма — быць як усе ці заставацца белай варонай. Дакладней, шэрай, бо апранутыя артыстамі паліто з аднаго боку шэрыя, а з іншага — чорныя. Але галоўным элементам сцэнаграфіі становіцца... электрачайнік з сінім падсвятленнем. Як сімвал блакітнай мары. Маўляў, гэткі “балет не для чайнікаў”? Ды не, агульны пасыл больш чым ясны і зразумелы нават для тых, хто не лічыць сябе прыхільнікам contemporary dance, аддаючы перавагу традыцыйнаму драмбалету ці проста хіп-хопу. Шукаць жа ў танцах паслядоўнае адлюстраванне гогалеўскага сюжэта — занятак марны. Бо для пастаноўчай групы было важным не пераказаць вядомую гісторыю, а засяродзіць увагу на акрэсленых вышэй тэмах.
Дарэчы, разуменне “Шыняля” як пасткі шопінгу, набыцця непатрэбных рэчаў у час, калі ніхто не памірае ад іх нястачы, узнікла не ўпершыню. Падобная ідэя была рэалізавана віцебскім рэжысёрам Віктарам Клімчуком у аднайменным спектаклі Белгарадскага тэатра лялек, што паказваўся ў нас два гады таму на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце. У цяперашняй прэм’еры тэма пашырана да блакітнай мары, здзяйсненне якой выклікае новую. Дык вылучацца з натоўпу — дрэнна? Калі праз матэрыяльны здабытак — дакладна адбяруць. Зайздроснікі. А як праз духоўныя каштоўнасці — ніколі. Цяперашні спектакль — менавіта пра гэта.
У ім, паўтаруся, не трэба шукаць дакладна прапісаны сюжэт. Бо ў цэнтры — думка, якая абмяркоўваецца паступова, лагічна, рознабакова, без боязі паўтораў-лейтматываў. Прычым на мове харэаграфіі, здольнай сказаць больш, чым словы. У пластыцы, магчыма, менш знаходак, чым было ў папярэднім двухактовым спектаклі, што пакуль не выйшаў у публічны пракат. Але артысты працуюць заўзята, з вялікай аддачай, захопліваюць неверагоднай энергетыкай, ансамблевасцю, стыльнай тэхнікай. Гэтым спектакль і заварожвае — і адначасова вымушае задумацца. Ці ж не гэта сёння так прыцягальна і неабходна для моладзі?
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА