Гранты гарантуюць якасць

Апублiкавана: 09 верасня 2024 Стужка Музыка Мінск Гранты

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Дзякуючы грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, культуры ладзіцца шмат выбітных праектаў. Сярод іх — “Новае дыханне” брас-квінтэта А.M.A.D.I.S. Brass Вялікага тэатра і “Музыка. Таленты. Сутворчасць” студэнцкага камернага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Брас-квінтэт А.M.A.D.I.S. Brass узначальвае загадчык трупы аркестра Вялікага тэатра трубач Дзмітрый Гарбарчук. Яго праект “Новае дыханне” — гэта выбітныя імпрэзы, складзеныя з беларускіх прэм’ер, а таксама са свежых прачытанняў айчыннай і сусветнай класікі, у тым ліку з опернымі салістамі. Калектыў і раней выяўляў вялікую цікавасць да нацыянальнай спадчыны, удзельнічаў у цыкле канцэртаў найноўшай беларускай музыкі “Трамантана”. Для цяперашняга праекта кампазітары таксама напісалі шэраг адметных твораў. Слухачы горача віталі праграмы, паказаныя ў Віцебскай абласной філармоніі, у Мазыры, Бярозе, Рэчыцы, у Нясвіжы на фестывалі “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” і, вядома, у камернай зале самога тэатра. 

Прэм’ерны цыкл “Харал і гімн” Вячаслава Кузняцова — бы шлях ад цемры да святла. Ён пачынаецца з асобных гукаў-удараў тубы і літаўраў. Да мернага жалобнага шэсця далучаюцца іншыя інструменты — і, нібыта адлюстроўваючы адраджэнне з попелу, гучыць урачысты гімн, мелодыя якога становіцца ўсё больш узвышанай, упэўненай, набірае моц. “Прыдарожнае кафэ” Віктара Войціка пераносіць выступленне ў эстрадна-джазавую плынь з яркімі сучаснымі ноткамі, а лірычная сярэдзіна твора схіляе да рамантыкі. “Рух планет” Аліны Безенсон вырашаны як узнёслае меладычнае любаванне і прысвечаны першай беларускай касманаўтцы — Марыне Васілеўскай. 

Брас-квінтэт А.M.A.D.I.S. Brass

Удзел кантрабаса і фартэпіяна ператварае калектыў у своеасаблівы міні-бэнд. Такім складам выконваюцца шматлікія пералажэнні. У песнях Алены Атрашкевіч духавыя не толькі падтрымліваюць салістаў працяглымі акордамі, але і ствараюць выразныя падгалоскі. Дзякуючы ім “Паўзабыты свет” на верш Наталлі Танюкевіч набыў блюзавае адценне. У ваенна-патрыятычнай “Баладзе пра маці” на словы Васіля Жуковіча адна з труб замяняецца на карнет з больш мяккім тэмбрам. 

Упрыгожылі праект і пералажэнні некалькіх твораў Яўгена Глебава. Зусім іначай загучала знакамітае адажыа з балета “Маленькі прынц”. Герой быццам узмужнеў: спачатку тэму вяла валторна, потым труба і нарэшце трамбон, а сцішаны голас вібрафона дадаваў музыцы чароўную таямнічасць, уласцівую казцы. 

Сярод салістаў быў і Віктар Пузыня — кларнетыст аркестра Вялікага тэатра. Выконваючы з брас-квінтэтам яўрэйскія фальклорныя мелодыі, якія таксама сустракаюцца ў нашай краіне, артыст наблізіў сваю ігру да традыцый яўрэйскага народнага музіцыравання. 

Удзельнічаў у канцэртах і квартэт трамбаністаў на чале з Андрэем Міхалевічам — рэдкі нават па сусветных мерках калектыў, таксама складзены з аркестрантаў Вялікага. 

На “Вечарах у замку Радзівілаў” да музыкантаў далучылася майстар пясочнай анімацыі Святлана Клімянціна. Гімн Вячаслава Кузняцова яна ўбачыла як узвядзенне Нясвіжскага палаца, а развіццю дзеі ў “Руху планет” знайшла візуальны аналаг. Нябеснае цела ператваралася ў вока, дзявочы партрэт, у фінале ж узнікалі пазнавальная выява Марыны Васілеўскай і надпіс “Космас наш”. 

Наперадзе — прэм’ерныя канцэрты праекта “Новае дыханне”, у тым ліку ў Мінску і Рэчыцы. Не прапусціце!

ПЛЁННАЯ СУТВОРЧАСЦЬ 

Юныя выканаўцы апошнім часам усё часцей выступаюць з дарослымі калектывамі. Да філарманічнага абанемента “Іграем з аркестрам” далучыліся праекты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга “Мары дзяцінства”, “Мы — музычная будучыня краіны”. Таксама сёлета запланаваны шэсць імпрэз “Музыка. Таленты. Сутворчасць”, на якіх юныя салісты іграюць у суправаджэнні маладых аркестрантаў з маладым дырыжорам. Але ж навізна апошняга цыкла не толькі ў яго цалкам моладзевай скіраванасці. 

— Асаблівасць праекта ў тым, — гаворыць Мікалай Церан, кіраўнік студэнцкага камернага аркестра, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — што мы закранаем выхаванцаў і пачатковай, і сярэдняй ступені адукацыі. Прычым шукаем найлепшых не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. І галоўнае — яны не проста іграюць з аркестрам, а атрымліваюць шэраг майстар-класаў. Для нас важны і вынік у выглядзе публічнага выступлення, і сам працэс паслядоўнай, працяглай падрыхтоўкі, тыя рэпетыцыі, якія крок за крокам удасканальваюць выкананне. Салісты прыязджаюць разам з выкладчыкамі. Мы ж запрашаем на рэпетыцыі вядучых педагогаў акадэміі, каб яны прыглядзеліся да будучых абітурыентаў, далі парады. Юныя музыканты вяртаюцца дадому, прадаўжаюць заняткі — і прыязджаюць да нас зноў. На кожнай рэпетыцыі, а потым на канцэрце запісваюцца відэа. У выніку робіцца своеасаблівы бэкстэйдж, на якім відаць, як паляпшаецца выкананне твораў. У юных музыкантаў з’яўляецца магчымасць параўнаць сябе ўчарашніх і сённяшніх, заўважыць станоўчыя змены, адчуць радасць не толькі ад канцэрта, але і ад працоўных момантаў. Так, акадэмія пазіцыянуе сябе як цэнтр музычнай адукацыі краіны, можа больш шырока распаўсюджваць, укараняць найноўшыя педагагічныя тэндэнцыі. 

Праект выклікаў вялікую цікавасць. Было даслана больш за 150 заявак з відэазапісамі ігры, адабралі 18 чалавек. Сярод шчасліўчыкаў музыканты з Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Наваполацка — не толькі скрыпачы і піяністы, але і цымбалісты, баяністы, акардэаністы, віяланчэлісты, флейтысты. Мікалай Церан падрыхтаваў аркестроўкі твораў, прызначаных для іншага інструментальнага складу. Адбылося ўжо тры канцэрты. Першы — у рамках VII Міжнароднага Велікоднага фестывалю. Далейшыя — у сталічных ДМШМ № 2 імя Мікалая Аладава і № 10 імя Яўгена Глебава, што зрабіла такія імпрэзы майстар-класамі для гледачоўвучняў. Наперадзе выступленні ў Акадэміі музыкі, каледжы імя Міхаіла Глінкі, ДМШМ № 1 імя Ларысы Александроўскай. Прычым праграмы не паўтараюцца, штораз гучаць іншыя творы і імёны юных салістаў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ