Спявачка Дар’я Дзянісава — прызёр XV Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД, радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” і іншых буйных спаборніцтваў. Дзяўчына ўпэўнена, што сучасныя артысты здольныя зрабіць народныя мелодыі прывабнымі для новых генерацый.
— Дар’я, калі вы ўпершыню акунуліся ў свет музыкі?
— У першым класе мама прывяла мяне ў музычную школу. І я сем гадоў адвучылася па класе домры. Паралельна займалася вакалам у сельскім клубе. Я стала часта выходзіць на сцэну, удзельнічаць у конкурсах. Адным з іх быў “Крынічкі”, які праходзіў у Бялынічах. Там я атрымала сваю першую ўзнагароду — стала лаўрэатам І ступені ў намінацыі “народны вакал”. Тады і стала задумвацца аб далейшым шляху ў творчасці.
— Вы выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Як на вас паўплывала навучанне ў гэтай установе?
— Я паступіла туды ў 2020 годзе. Без доўгага роздуму абрала спецыяльнасць “дырыжыраванне (народны хор)”. Магілёўскі каледж мастацтваў не проста навучальная ўстанова, а сапраўдная кузня талентаў. Апрача трывалых ведаў, атрымала там ўпэўненасць у сабе, што зрабіла мяне годным артыстам. Аднак самае каштоўнае, што я здабыла там, — любоў да беларускай песні. Менавіта фальклор становіцца мостам паміж пакаленнямі. Я рада дзяліцца гэтай спадчынай з публікай.
“Народная музыка — гэта важная частка культурнай спадчыны. Яе вывучэнне дазваляе маладым людзям глыбей зразумець свае карані і ідэнтычнасць”.
— У кар’еры кожнага артыста важную ролю адыгрывае настаўнік. Хто дапамог у поўнай меры раскрыць ваш талент?
— Мне пашчасціла сустрэць у каледжы выкладчыцу Юлію Міхайлаўну Шабанаву. Падчас урокаў яна звяртала ўвагу не толькі на тэхнічныя аспекты, але і на пачуццёвасць. Пад яе кіраўніцтвам я засвоіла асновы вакальнай тэхнікі, сцэнічнага майстэрства і музычнай інтэрпрэтацыі. Шчыра ўдзячная Юліі Міхайлаўне за пуцёўку ў жыццё, за веру ў мае здольнасці і любоў да творчасці, якую яна прывівала мне.
— Вы таксама ўдзельніца народнага хору народнай песні “Маладзік”…
— Гэта не проста навучальны хор у каледжы, а сапраўдная сям’я. Калектыў аб’ядноўвае людзей, што жывуць музыкай і натхняюцца традыцыямі. Там я знайшла аднадумцаў, адданых сяброў. Вялікую падзяку хачу выказаць кіраўніку Наталлі Пятроўне Прохаравай. Дзякуючы яе руплівасці нас ведаюць па ўсёй краіне. Яе ўменне натхняць падапечных і знаходзіць падыход да кожнага робіць каманду згуртаванай. Спадзяюся, яшчэ не раз давядзецца спяваць з гэтым выдатным калектывам.
— Як плануеце развівацца ў акадэмічным плане далей?
— Сёлета паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “мастацтва народных спеваў”. Упэўнена, што менавіта тут пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў змагу максімальна раскрыць свой талент. Мая мэта — набыць багаты багаж ведаў, які стане асновай маёй кар’еры. Мару вывучыць не толькі тэорыю, але і спасцігнуць практычныя аспекты выканальніцтва. Ва ўніверсітэце таксама буду актыўна ўдзельнічаць у мастацкім жыцці, выступаць на канцэртах і фестывалях.
— У вас вялікі сцэнічны вопыт. У чым заключаецца сакрэт паспяховага выступлення?
— Падкрэслю: усе мае выступленні індывідуальныя, кожны выхад на сцэну яркі і эмацыйны. Самае галоўнае для артыста — пражыць гісторыю, якая закладзена ў тэксце музычнага твора. Спяваць перад аўдыторыяй — гэта складанае спалучэнне хвалявання і натхнення. Важна знайсці сваю апору. Часам дастаткова ўгледзецца ў твары слухачоў, поўныя чакання і даверу. З часам трывога сыходзіць і прыходзіць стан эйфарыі: я займаюся любімай справай і дару часцінку творчасці людзям. Рэпертуар у мяне вельмі разнастайны — пачынаючы ад аўтэнтыкі і заканчваючы аўтарскімі песнямі ў сучасных апрацоўках.
— Летась вы сталі ўладальніцай Гранпры рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Якія эмоцыі пакінула спаборніцтва?
— Ідэя падаць заяўку на ўдзел прыйшла маёй выкладчыцы Юліі Шабанавай. Рэпертуар падбіралі старанна, згодна са строгімі патрабаваннямі. У трэцім туры я выканала песню “Дзяўчынка гарна” ў сучаснай апрацоўцы. Члены журы высока ацанілі выступленне. Тады я зразумела, што дзеля такіх момантаў варта працаваць далей. Гран-пры гэтага конкурсу — маё самае вялікае прафесійнае дасягненне!
— Але ж гэта не першая значная перамога ў вашай скарбонцы?
— Так. Я двойчы станавілася лаўрэатам І ступені рэспубліканскага патрыятычнага конкурсу “Сэрцам датычныя”. Гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне. Трэба было паказаць не толькі свае вакальныя здольнасці, але і перадаць праз песню атмасферу ваенных гадоў. Акрамя гэтага, я з’яўляюся лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, такіх як XV Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД, конкурс-фестываль “Жар-птушка Расіі” і іншых.
— На вашу думку, чаму падрастаючаму пакаленню варта бліжэй пазнаёміцца з народнай творчасцю?
— Народная музыка — гэта важная частка культурнай спадчыны. Яе вывучэнне дазваляе маладым людзям глыбей зразумець свае карані і ідэнтычнасць. Такія кампазіцыі адлюстроўваюць традыцыі і звычаі продкаў, перадаюць іх жыццёвы вопыт, эмоцыі і каштоўнасці. Выкананне гэтых песень збліжае моладзь з мінулымі пакаленнямі, фарміруе пачуццё датычнасці да гісторыі народа.
— Якія ў вас планы на будучыню?
— Стаць годным спецыялістам у сваёй сферы. Прыняць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар”. А мая канчатковая мэта — унесці значны ўклад у развіццё нашай культуры.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні