Талентаў з усяго Прыпяцкага Палесся чарговы раз сабраў аграгарадок Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. У гэтай маляўнічай старонцы адспяваў і адтанчыў VIII Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.
Значнасць свята раскрыў у прывітальным адрасе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. “Фестываль беражліва захоўвае спадчыну продкаў, далучае да каштоўнага нацыянальнага здабытку і садзейнічае ўмацаванню добрасуседскіх сувязей і сяброўства”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Лейтматыў сёлетняга фестывалю — “Беларускі год — святаў карагод”. Падчас канцэрта адкрыцця на галоўнай сцэне самадзейныя артысты з розных куточкаў Палесся паказалі фрагменты свят і абрадаў з традыцыйнага календара нашых продкаў. Праз невялікія замалёўкі гледачы пазнаёміліся з усім гадавым цыклам — ад восеньскага вяселля да заканчэння жніва праз калядныя вечары, масленічныя гулянні ды купальскія карагоды.

Цягам дня на цэнтральнай пляцоўцы таксама паспелі абраць “Палескую прыгажуню — 2024”. За гэтае званне змагаліся 13 прэтэндэнтак. Уладальніцай пачэснага статусу стала 20-гадовая Аляксандра Марошкіна. Увечары ж на галоўнай сцэне загаманіла “КаверХорШоу” — гала-канцэрт удзельнікаў і пераможцаў конкурсу вакальных ансамбляў і харавых калектываў народнай манеры выканання.
На фестывальных алеях разгарнуліся інтэрактыўныя падворкі розных раёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны. Кожная пляцоўка знаёміла з пэўным святам народнага календара беларусаў. Мазырскія артысты пасярод спякотнага жнівеньскага дня спраўлялі Каляды — з Казой і Мядзведзем. Традыцыйнае вяселле прэзентавалі ўдзельнікі з Калінкавіцкага раёна. Неад’емным этапам абраду ў гэтым краі быў абмен свечкамі паміж сваццямі і злучэнне свечак, якія потым перадаваліся на захаванне новай сям’і. Акрамя таго, шлюбная цырымонія не абыходзілася без ялінкі. Яна сімвалізавала нявесту ў пераходным да замужжа стане. Таму дружына жаніха абавязкова выкупала ўпрыгожанае дрэўца і потым ставіла на вясельны стол перад маладымі.

Прадстаўнікі ж Хойніцкага раёна запрасілі на “Провады русалкі”. Гэты звычай дагэтуль бытуе ў паселішчы Вялікі Бор. Абрад ладзяць штогод у наступную пасля Тройцы нядзелю. Далучаюцца амаль усе вяскоўцы: убіраюцца ў святочныя строі і з адмысловымі песнямі суправаджаюць да поля мілавідную дзяўчыну ў вобразе русалкі, а затым прыганяюць яе ў жыта ды водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча.
Жыткавіцкі край з абрадам “Жаніцьба коміна” быў прадстаўлены народным фальклорным ансамблем “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры. Гэты гурт захоўвае ўнікальны спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі, які мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. Рэпертуар калектыву ўражвае разнастайнасцю. Жанчыны выконваюць каляндарна-абрадавыя, сямейна-побытавыя, застольныя песні.
Кіраўніцы ансамбля Ганне Мікалаеўне Бурак днямі споўнілася 77, але ж танчыць ды спявае кабета не менш жвава і задорна, чым маладзейшыя. Нягледзячы на паважны ўзрост, яе голас не губляе звонкасці. Ды і падэспань з “Нарэчанькай” даюцца жанчыне па-ранейшаму лёгка. “Як зайграе гармонік, усярэдзіне ўсё ходарам ходзіць так, што не магу на месцы ўтрымацца. Уся душа тут выдаецца”, — прызнаецца Ганна Мікалаеўна. Творчасцю яна гарыць з юнацтва. Любоў да музыкі пераняла ад родзічаў, найперш ад бацькі. “Сяджу на печы, а тата лапці пляце. Ён басуе, а я бяру на падгалосак. Такія вось рэпетыцыі”, — прыгадвае артыстка. Набыткі дзядоў ды бацькоў Ганна Мікалаеўна з аднадумцамі рупна зберагае і перадае новым пакаленням. Як і даўней, рычоўскі калектыў адзначае ўсе народныя святы: Каляды, Масленку, Юр’е… А Міхайлаў дзень у лістападзе — з асаблівым размахам. Не раз “Дубравіца” выступала на радыё і тэлебачанні. Вось і падчас “Клічу Палесся” вакол гурта сабралася нямала журналістаў, гасцей фестывалю.
Палессе славіцца не толькі самабытнымі абрадамі ды песнямі. У гэтым краі ў найбольш архаічным выглядзе захавалася бортніцтва — старадаўні лясны промысел, які лічыцца пачатковай формай культурнага пчалярства. У Лельчыцкім раёне бортніцтва практыкуюць больш за сотню чалавек. Многія перанялі занятак ад продкаў. Сярод такіх патомных адмыслоўцаў — Валерый Лукашэвіч. Ён гадзінамі можа расказваць пра спадчынную справу, прытым не толькі пра тэхналагічныя аспекты, але і пра культурны кантэкст. Мужчына трымаецца тых жа падыходаў, што яго бацькі ды дзяды, выконвае спрадвечныя законы. Дагэтуль у прафесійным асяродку пчала лічыцца святой істотай, якая патрабуе асаблівага клопату.
Нямала дапытлівых турыстаў прыцягнула і імправізаваная рамесніцкая слабада. З розных краёў у Ляскавічы прыехалі кавалі ды бондары, ганчары ды разьбяры, ткачыхі ды вышывальшчыцы. Кацярына Нікіціна з Ельскага раённага цэнтра рамёстваў паказала клас у старадаўняй тэхніцы спіральнага саломапляцення хваёвым коранем. Спосаб няпросты: салому трэба скруціць у жгуты, а потым пераплесці карэньчыкамі — і так па крузе. Ёмістасці атрымліваюцца настолькі шчыльнымі, што нават не прапускаюць ваду.

Міхаіл Пырх з Рэчыцы здзіўляў гасцей прывабнымі і надзейнымі кошыкамі, скрыначкамі з лазы. Сакрэты майстэрства ён спазнаў самастойна ў дарослым узросце, але ж любоў да ручной працы мужчыну прывілі ў дзяцінстве бацькі.
Сапраўдныя шэдэўры разьбярства сустракалі гасцей пры ўваходзе на фестывальную плошчу. Там разгарнулася выстава па выніках абласнога адкрытага пленэру-конкурсу драўлянай скульптуры “Ажыўшая даўніна”. 10 майстроў з розных старонак Беларусі вырабілі фігуры, што адлюстроўваюць гісторыю і традыцыі Палесся. Цяпер характарныя героі застануцца ўпрыгожваць тэрыторыю Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА