Народны маладзёжны тэатр “Кола” Цэнтра культуры “Віцебск” штогод прадстаўляе прэм’еры. Чарговая была прымеркавана да “Славянскага базару” і ўпрыгожыла Х фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Спектакль называўся “Каханне з першага пагляду, ці Куды паставіць чамадан”.
Новы твор — сумесны праект згаданага тэатра (кіраўнік Улада Цвікі) і святочнага рэактара Atoma, што рыхтаваў фаер-шоу як фінальную частку дзеяння. Сюжэт вельмі просты: вакзал, мітусня, няма дзе яблыку ўпасці, можна пераблытаць чамадан, ды не каханне. Яно ж зразумелае і без слоў! Але галоўным з’яўляецца не сюжэтны разварот, пазбаўлены выкрунтасаў, а ўласна аповед выразнымі пластычнымі сродкамі. Форма, што цікавейшая за змест. Яна сама становіцца зместам! Адточанасць рухаў не замінае адчуванню імправізацыйнасці. А жанр, сфармуляваны як “парадаксальная гісторыя кахання”, тлумачыцца яшчэ і не менш парадаксальнымі сцэнічнымі строямі (мастачка Надзея Бараноўская). Дзіўнаватыя, мудрагелістыя, яны яшчэ больш абуджаюць фантазію гледача, вымушаюць яго выступаць суаўтарам, дадумваць праекцыю рэальных падзей.
Навальніца перашкодзіла чарговаму паказу спектакля “Час Тарцюфа”, з якога калісьці і пачыналася “Кола”. А вось прадстаўленне “Уна — дачка Казіміра” прайшло папросту на ўра і яшчэ раз даказала, што вулічная творчасць ахоплівае не толькі забаўляльнасць ці лірычную меладраматычнасць, але і сур’ёзныя тэмы развіцця мастацтва. Спектакль меў змястоўную прэамбулу — уступнае слова доктара мастацтвазнаўства, прафесара Таццяны Катовіч, якая напісала літаратурную аснову пастаноўкі паводле дакументальных сведчанняў. Сцэнографам зноў працавала нястомная Надзея Бараноўская. Дачку Казіміра Малевіча сапраўды звалі Уна — гэта скарачэнне ад УНОВІСа. А ў сцэнарыі былі скарыстаны і вершы Хармса, створаныя на дзень смерці мастака, і вершы самога Малевіча, і яго багатая эпісталярная спадчына. Грым артыстаў, таксама выкананы ў стылістыцы супрэматызму, — бы дадатковая дэманстрацыя гэткай мастацкай дакументальнасці. Рэжысёр-пастаноўшчык Улада Цвікі шчодра расфарбавала тэксты і хадулямі, і пластыкай (харэографы Алена Сцепанюк, Павел Казіцкі).
Сярод канцэртаў, якія расквецілі вулічную лакацыю “На даху” і завяршылі тэатральную праграму дня, увагу прыцягнуў праект Сяргея Цвікі і Грэгара Гудкова. Імпрэза ўтрымлівала атмасферную музыку ў стылі эмбіент — гэткія мінімалістычныя кампазіцыі, што суправаджаліся медыяінсталяцыяй. Сачыць за ўсімі пераўтварэннямі гучання, камп’ютарнай карцінкі і сцэнічнай дзеі было вельмі цікава. А назва “М-Адысея” схіляла да падарожжаў па хвалях памяці.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра