Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр адзначыў 225-годдзе з дня нараджэння Пушкіна прэм’ерай “Русалкі”. Гэтым спектаклем трупа завяршыла 32-і сезон. Рэжысёр-пастаноўшчык — Таццяна Самбук — была запрошана з ТЮГа.
Пра тое, што ў Пушкіна ёсць няскончаная п’еса “Русалка”, ведаюць нават не ўсе тэатралы. А вось прыхільнікі акадэмічнай музыкі тут больш дасведчаныя, бо ў вучэбнай праграме каледжаў і кансерваторый — аднайменная опера Даргамыжскага, напісаная паводле таго твора. Кампазітар прыдумаў і фінал: зацягнуты ў падводнае царства хлопец — ён падмануў дзяўчыну, і тая з гора ўтапілася — гіне. Усё як у шматлікіх народных паданнях.
Спектакль вырашаны як фантасмагорыя, і ў ім падзеі развіваюцца іначай. Фальклорны матыў заяўлены хіба ў абрысах какошнікаў у сцэне вяселля. Але іх колеравая палітра цалкам чорная. І не таму, што трагедыя: увесь спектакль чорна-белы. Прычым як у прамым сэнсе — выкарыстаных фарбаў, так і ў пераносным — падзелу на станоўчых і адмоўных персанажаў.
У Пушкіна задума глыбейшая, бо закранута сацыяльная тэма: князь папраўдзе кахае простую дзяўчыну, ды вымушаны падпарадкавацца традыцыям і абраць жонку са свайго кола. Спектакль жа скіраваны на моладзь і падлеткаў 14+, таму ў ім усё больш безапеляцыйнае — як у сучасных меладрамах пра наіўную дзяўчыну і мужчыну — здрадніка-нягодніка. Цалкам відавочна, што князь (Павел Канёк) не кахае, а толькі карыстаецца адданасцю дачкі млынара (Валерыя Цыкуненка). Тая кідаецца князю на шыю, павісае на ім, а ён стаіць, бы статуя, раскінуўшы рукі, не абняўшы, не прыціснуўшы да сябе дзяўчыну. Млынар (Сяргей Чугай) — тыповы “маленькі чалавек” не столькі ХІХ, колькі ХХ—ХХІ стагоддзяў, спачатку зацыклены адно на грашах. Княгіня (Ірына Шапецька) — яшчэ адна жанчына, што пацярпела ад мужчынскай няўвагі і падману. Русалачка (Ірына Якавец) — не па гадах мудрая, разважлівая дзяўчынка. Красамоўна вырашана фінальная мізансцэна. Млынар-крумкач раскідвае рукі-крылы і абдымае дачку і ўнучку. Гэтая тройца сядзіць спінаю да залы, бы ў іншым вымярэнні. Князь жа застаецца ў гэтым, разам з намі — і са сваім душэўным болем на ўсё жыццё. Простыя ісціны даносяцца да гледача сучаснымі тэатральнымі сродкамі, прывучаюць моладзь успрымаць метафарычнасць мастацтва.
Простая сцэнаграфія мае свае сакрэты. Доўгі чорны стол становіцца і перагаворным, і вясельным, ператвараецца ў возера, у труну. А як павярнуць, дык нагадвае крыж. Яблык сімвалізуе забаронены плод, спакусу, прызнанне ў каханні. Не менш метафарычныя выявы на праграмцы і афішах (дызайн Паўла Лагуты): з вачэй русалкі цякуць ніці-слёзы, млын становіцца яе тулавам, а возера — хвастом. Яшчэ больш асацыяцый выклікаюць сцэнічныя строі. Асабліва адметная сукенка гераіні, што нагадвае і веер, і русалчын хвост, і крылы дзіўнага матылька. Апошнія, у сваю чаргу, вымушаюць згадаць знакамітую з’яву. Эфект матылька робіцца галоўнай ідэяй спектакля: адна жыццёвая памылка можа прывесці да незваротных наступстваў і перакрэсліць увесь лёс. Чым не перасцярога для моладзі?
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра