Якім чынам зберагчы традыцыю ў вёсцы і чаму прысутнасць гасцей з горада не заўсёды на карысць унікальнай спадчыне? Аб ахове нематэрыяльных культурных каштоўнасцей на прыкладзе вясновага абраду “Юраўскі карагод” у Жыткавіцкім раёне паразважалі ўдзельнікі адмысловага круглага стала.
“Юраўскі карагод” — гэта прыклад добра захаванай абраднасці. Вакол звычаю аб’яднаны высілкі зацікаўленых асоб: прадстаўнікоў мясцовай супольнасці, даследчыкаў і студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама знаўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук.
Як адзначыла вядучы спецыяліст БДУКМ Алена Каліноўская, з 2021 па 2024 год ажыццяўляўся праект “Рэалізацыя плана аховы вясновага абраду «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна”. Ён ладзіўся ў сувязі з уключэннем гэтай традыцыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая патрабуе тэрміновай аховы.
Праект меркаваў комплекс адукацыйных семінараў і этнаграфічных экспедыцый і завяршыўся сёлета фестывалем нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На ім можна было пабачыць вынікі работы.
Фалькларыст, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна падкрэсліла, што кожная традыцыя мае пэўную мэту. Калі прагматыка, якой абумоўлена правядзенне абраду, адыходзіць і калі яго ўжо няма каму ладзіць, паўстае пытанне, як быць далей. У звычаі “Юраўскі карагод”, акрамя земляробчых, аб’яднаны мастацкія, светапоглядныя і каштоўнасныя ўяўленні. Мэта атрымання добрага ўраджаю, некалі першасная, сёння ўжо мала для каго актуальная, асабліва для ўдзельнікаў, якія жывуць у гарадах. На першым плане аказваюцца ідэнтыфікацыя, аб’яднанне людзей, іх усведамленне сябе часткай супольнасці. Каб заахвоціць маладых, варта акцэнтаваць увагу не толькі на земляробчых складніках абраду.
Як пракаментавала Алена Каліноўская, падчас рэалізацыі праекта высветлілася, што ў Жыткавіцкім раёне працягваюць дзейнічаць больш за 10 аўтэнтычных народных фальклорных калектываў. Іх удзельнікі зацікаўлены ў перайманні традыцый, увасобленых у святах каляндарнага і сямейнага цыклаў. Акрамя “Юраўскага карагода”, у Жыткавіцкім раёне зберагаецца багата адметных праяў нематэрыяльнай творчасці чалавека, якія і сёння — жывая частка культуры для многіх мясцовых.
У 2019 годзе абрад быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
Яшчэ пяць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны краю ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці і Сцвігі, які захоўваюць удзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Дубравіца” ў аграгарадку Рычоў, выраб прыпяцкага чоўна майстрамі вёскі Перароў, прыгатаванне і спажыванне страў з таркаванай бульбы, мастацкія практыкі саломапляцення і майстэрства выцінанкі.
Часта для мясцовай супольнасці важнае прызнанне пабочных людзей, якія ўсведамляюць спадчыну каштоўнай. На жаль, насельніцтва вёсак сёння скарачаецца, таму варта заахвочваць удзел гарадской моладзі ў рэгіянальных святах. У рамках праекта быў створаны адмысловы каляндар. У планах — пашырэнне колькасці пляцовак, на якіх праводзіцца абрад: падобныя традыцыі багата дзе існавалі, але сёння могуць быць забыты.
Галоўная мэта звычаю цяпер — аб’яднанне мясцовай супольнасці і фарміраванне пераемнасці. Нават назіральнікі з часам становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі абраду. Але важна захоўваць аўтэнтыку, прагаворваючы, калі староннім асобам трэба далучацца, а калі лепш паглядзець на дзею збоку. Таксама належыць сачыць за пераемнасцю ў мясцовай супольнасці праз перадачу традыцый, у тым ліку звязаных з песенным выканальніцкім мастацтвам, у школе.
Таццяна Валодзіна адзначыла: варта зберагаць сэнсы абраду, без якіх ён ператвараецца ў просты спектакль і прафанацыю. Мэта дзеі, што ладзіцца ў вёсцы Пагост і шэрагу іншых мясцін Тураўшчыны, — ушанаваць святога Юрыя. Ён лічыцца апекуном вясновага ўраджаю. Наогул жа, любая традыцыйная абраднасць заўжды была накіравана на падтрыманне звыклага ходу часу, змены пор года, жыццёвых падзей. Таксама важнае фарміраванне эстэтычнага канона — усведамлення, што з’яўляецца прыгожым і сапраўдным.
Як бачым, вёска Пагост, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад старажытнага Турава з яго багаццем помнікаў, гасцініцамі, кавярнямі ды іншай неабходнай інфраструктурай, мае шанц зрабіцца цэнтрам прыцягнення турыстаў з розных куткоў краіны і з-за мяжы. Тутэйшая нематэрыяльная спадчына яшчэ здолее паслужыць людзям, продкі якіх так доўга і ўпарта захоўвалі і перадавалі даўнія традыцыі ды збераглі іх да нашых дзён. Галоўнае, у гэтым зацікаўлены самі мясцовыя жыхары, што ўжо сведчыць аб будучым поспеху.
Антон РУДАК
Фота газеты "Новае Палессе"