Прафесія — запальваць заранічкі

Больш за 20 гадоў Ірына Казімірская кіруе ўзорным харэаграфічным ансамблем “Сузор’е” Бялыніцкага раённага цэнтра культуры. За гэты час балетмайстар вынайшла адметны творчы стыль і педагагічную стратэгію. Як вынік — заззялі дзясяткі зорачак, апантаных танцавальным мастацтвам.

Ірына Казімірская

— Ірына Іванаўна, з чаго пачаўся ваш шлях у харэаграфіі? 

— У дзяцінстве я марыла стаць гімнасткай: мне лёгка даваліся практыкаванні, якія патрабавалі добрай расцяжкі і гнуткасці. На жаль, магчымасці прафесійна займацца з выкладчыкам не было, таму пачала наведваць школьны танцавальны гурток і выступаць у Доме культуры. Усе раілі мне пайсці вучыцца на харэографа — і пасля дзявятага класа я паступіла ў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры. 

— Як з’явіўся калектыў? 

— Пасля вучобы я вырашыла размеркавацца ў Бялынічы, бо тут жыла мая мама. Выкладаць пачала ў 2002 годзе, тады і было створана “Сузор’е”. Спачатку ансамбль быў невялікім — усяго 12 чалавек. Але паступова да нас далучалася ўсё болей ахвочых танцаваць. Цяпер у нашай камандзе ажно 50 таленавітых зорачак. Вось такі рост! 

— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася маладая настаўніца? 

— За год да майго вяртання ў Бялынічы ў выніку надзвычайнага здарэння былі страчаны ўсе касцюмы. Трэба было набываць усё з нуля. А гэта даволі затратна. Тады ўспомніла, як на ўроку працоўнага навучання ў школе я пашыла сабе сукенку для навагодняга канцэрта. І панеслася! З таго часу мае зорачкі выступаюць ва ўбранні, створаным мною. 

Часта ідэі для пашыву прыходзяць выпадкова. Нешта падгледжу ў інтэрнэце, нешта ўбачу ў іншых калектываў. Галоўнае, каб дзецям было зручна выступаць у сваіх касцюмах. Дзякуй бацькам, якія заўсёды дапамагаюць у падрыхтоўцы сцэнічных строяў. 

— Як вы знаходзіце сваіх зорачак? 

— Іх прыводзяць бацькі. І мы не адмаўляем нікому, у каго ёсць жаданне вучыцца. А пасля некалькіх заняткаў дзеці звычайна самі разумеюць, спраўляюцца з нагрузкамі ці не. Бо рэпетыцый праўда шмат: напярэдадні важных мерапрыемстваў даводзіцца трэніравацца штодня. І ўсё гэта неабходна сумяшчаць са школай! Вядома, не ўсе вытрымліваюць такі рытм. Зусім маленькія пачынаюць свой шлях у свет танцаў з невялікага калектыву-спадарожніка “Зорачка”, дзе атрымліваюць базавыя навыкі і веды. 

— Калектыў можа пахваліцца дзясяткамі ўзнагарод і бліскучай рэпутацыяй. У чым заключаецца сакрэт поспеху “Сузор’я”? 

— Напэўна, шматграннасць нашай дзейнасці мае вырашальнае значэнне. Мы займаемся і партэрнай гімнастыкай, і расцяжкай, і нават акцёрскае майстэрства трэніруем, каб абыгрываць сюжэты ў нумарах. Таксама працуем у розных стылях, каб глядач не стамляўся ад аднастайных выступленняў. Асноўных напрамкаў у нас тры: эстрадны, народны і бальны. Першы — безумоўны фаварыт у дзяцей! Старэйшыя больш любяць працаваць у сучасных танцавальных стылях. І малодшыя не адстаюць: калі бачаць нешта цікавае, адразу кажуць: “Хочам так!”

— На вашу думку, што галоўнае ў працы з дзецьмі? 

— Любоў і адказнасць! Мае вучні — маленькія нястомныя зорачкі, часцінкі аднаго цэлага. Нават пры вялікім жаданні я не змагу вылучыць кагосьці аднаго, вызначыць найлепшага. Усе яны жывыя, непасрэдныя, старанныя, цудоўныя пасвойму! Таму я прыкладаю максімум намаганняў, каб яны не толькі фізічна мацнелі, але і станавіліся больш рашучымі і ўпэўненымі ў сабе. А для гэтага неабходна сачыць за псіхалагічнай атмасферай у калектыве. Калі ўзнікаюць канфлікты і рознагалоссі, трэба заўсёды абмяркоўваць такія сітуацыі, каб не дапусціць булінгу — цкавання. А яшчэ неабходна кожнаму даваць прастору для творчага самавыяўлення. Мае зорачкі ведаюць, што ў любы момант могуць прапанаваць свае ідэі. 

— Вы строгая выкладчыца? 

— Мне часта кажуць, што збоку я выглядаю менавіта так. Але вучні хутка разумеюць, як цёпла я стаўлюся да іх, таму адчуваюць сябе свабодна. Я стараюся не страціць баланс паміж патрабавальнасцю і чуласцю. Многія мае выпускнікі часта пішуць і тэлефануюць, кажуць, што сумуюць па нашых занятках. Некаторыя выхаванцы становяцца харэографамі.

 — Што чакае калектыў наперадзе? 

— Нам безумоўна ёсць куды расці! Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта атрыманне звання “народны”. Акрамя таго, хочацца часцей прэзентаваць сваю творчасць за межамі рэгіёна і нават краіны. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні