Выстава “Памяць пакаленняў”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, дзейнічае ў Музеі гісторыі горада Мінска. Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў і Дзяржаўным музеем гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Падзеі ваенных гадоў не проста пакінулі след у памяці некалькіх пакаленняў, але і натхнілі мастакоў, якія бачылі разбуральны характар вайны на свае вочы, захаваць трагічныя і гераічныя старонкі той пары ў сваіх творах. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўленыя карціны класікаў беларускага жывапісу.
Ліхалецце непасрэдна адбілася ў біяграфіях многіх айчынных творцаў. Абрам Кроль дайшоў да Берліна фотакарэспандэнтам і карыкатурыстам франтавой газеты, быў узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Сям’я мастака, якая засталася на акупаванай тэрыторыі, загінула ў мінскім гета. З канца 1940-х Абрам Кроль працаваў галоўным мастаком Музея Вялікай Айчыннай вайны, быў аўтарам яго першай экспазіцыі, а ў 1970-я — намеснікам дырэктара музея па мастацкай частцы.
Павел Масленікаў ваяваў на Заходнім і Паўночна-Заходнім франтах, удзельнічаў у разгроме гітлераўскіх войскаў пад Масквой, у 1943 годзе быў узнагароджаны медалём “За абарону Масквы”.
Натан Воранаў пасля падрыхтоўкі ў артылерыйскім вучылішчы ў Кастраме камандаваў артылерыйскай батарэяй, а пасля ўзводам разведкі, неаднойчы быў паранены, на некаторы час страціў зрок.
"Слава палеглым героям", Заір Азгур
Іосіф Белановіч, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, значную частку сваёй творчасці прысвяціў подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці.
Фёдар Бараноўскі ўдзельнічаў у штурме Кёнігсберга, у выніку ранення страціў слых, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Іван Стасевіч з першых дзён акупацыі выконваў даручэнні партызан, а ўлетку 1943 года зрабіўся байцом атрада імя С.М. Кірава брыгады імя М.В. Фрунзэ. Чатырнаццацігадовым падлеткам разам з разведчыкамі хадзіў на заданні, быў сувязным. Пасля злучэння народных мсціўцаў з часцямі Чырвонай арміі юны партызан быў залічаны ў склад воінскага аўтамабільна-дарожнага палка 1-га Беларускага фронту і прайшоў нялёгкі шлях ад Старых Дарог да Берліна, удзельнічаў у Берлінскай аперацыі і фарсіраванні Віслы, распісаўся на сценах рэйхстага, быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” II ступені і ганаровай граматай ЦК УЛКСМ за падрыхтоўку на фронце нагляднай агітацыі.
"Вызваленне Мінска", Фёдар Бараноўскі
Мікалай Назарчук пасля вызвалення Ельскага раёна ў студзені 1944 года быў накіраваны на арганізаваныя ў Мазыры курсы размінёраў і з сакавіка 1944-га на працягу васьмі месяцаў удзельнічаў у абясшкоджванні мін і снарадаў на месцах нядаўніх баёў, за што быў прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. Напрыканцы 1944-га будучы мастак быў прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі, і канец Вялікай Айчыннай сустрэў у артылерыйскім палку. Удзельнікамі вайны былі таксама Рыгор Віткоўскі, Мікалай Залозны, Аляксандр Казлоўскі, Сяргей Раманаў і Мікалай Федарэнка.
У экспазіцыі вылучана некалькі тэматычных раздзелаў. Шматфігурныя кампазіцыі апавядаюць пра будні супрацьстаяння акупантам: мабілізацыю, зацятыя баі, першыя раненні, партызанскую барацьбу. Цяжкасці і ахвяры ваеннага часу змяняюцца ўрачыстасцю Перамогі, спакоем мірнага часу, але таксама і трагічнымі наступствамі: смуткам і слязамі маці, якія страцілі сыноў, успамінамі пастарэлых ветэранаў.
"Партызаны, партызаны..." (Янка Купала), Іван Стасевіч
Акрамя жывапісных работ, на выставе прадстаўленая гіпсавая мадэль гарэльефа “Слава палеглым героям” з фондаў Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура, створанага скульптарам для Манумента Перамогі — славутасці Мінска, што ўвекавечыла подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай.
Наведвальнікі выставы таксама маюць магчымасць азнаёміцца з інтэрактыўнай картай нашай сталіцы, на якой адзначаныя найважнейшыя мясціны дзейнасці Мінскага падполля, вуліцы, названыя ў гонар удзельнікаў вайны, найбуйнейшыя мемарыялы і помнікі. Акрамя таго, на выставе дэманструюцца відэаматэрыялы аб вызваленні Мінска і пасляваенным аднаўленні горада.
Другая частка экспазіцыі прадстаўленая ў выставачных залах музея на Ракаўскай вуліцы, 17. Тут можна пабачыць графічныя работы Людвіга Асецкага, Уладзіміра Басалыгі, Рыгора Віткоўскага, Ібрагіма Гембіцкага, Сямёна Геруса, Івана Пратасені, Сяргея Раманава, Анатоля Тычыны і народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. У творах закранаюцца тэмы партызанскага і падпольнага руху, пасляваеннага адраджэння і ўвекавечання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску.
Побач у вітрынах змешчаныя матэрыяльныя сведчанні падзей, звязаных са знішчэннем гітлераўцамі мірнага жыхарства падчас акупацыі. Гэта прадметы, знойдзеныя на тэрыторыі мінскага гета, якія паходзяць з калекцыі музея Мінскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя У.Г. Каменскага: труба, друкарка і фрагмент Торы. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадставіў на выставе прадметы побыту, выяўленыя падчас археалагічных даследаванняў ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе знішчалі вязняў лагера смерці ў Малым Трасцянцы і яўрэяў, дэпартаваных з краін Еўропы.
Тэма вызвалення Беларусі і яе сталіцы раскрываецца таксама праз стэндавую экспазіцыю аб аперацыі “Баграціён” з Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Планы, схемы, фатаграфіі і дакументы суправаджаюцца тэкставымі каментарыямі і дапамагаюць зразумець маштаб і значэнне аперацыі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава будзе працаваць да 1 верасня.
Антон РУДАК
Фота аўтара