Творчы марафон памяці

На працягу трох месяцаў — з 26 сакавіка па 25 чэрвеня — у Беларусі праходзіла агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам”, прымеркаваная да святкавання 80-й гадавіны вызвалення нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатары маштабнага праекта, які ахапіў усе рэгіёны краіны, — Міністэрства культуры і Маладзёжны тэатр эстрады. Удзельнікі наведалі дзясяткі населеных пунктаў, дзе правялі 38 дыялогавых пляцовак. 

РАСПАВЯДАЛІ ІНШЫМ, АДУКОЎВАЛІСЯ САМІ 

— Гэты год для нас вельмі значны: восем дзесяцігоддзяў таму Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вельмі хацелася не толькі адзначыць гэтую найважнейшую падзею непасрэдна 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, але і ўспомніць сваіх продкаў-герояў і праз іх гісторыі данесці да жыхароў розных куткоў рэспублікі вывераную інфармацыю аб тым, што адбывалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — расказала вядучы спецыяліст па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю Маладзёжнага тэатра эстрады Валерыя Краўцова. — У акцыі была задзейнічана вялізная колькасць артыстаў — і нашага тэатра, і запрошаныя зоркі беларускай эстрады: арт-група “Беларусы”, гурт “Аўра”, Руслан Беразоўскі, знакамітыя танцавальныя калектывы і многія іншыя выканаўцы. 

Удзельнікі акцыі наведвалі брацкія магілы, манументы і памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Ускладалі кветкі і застывалі ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну памяці героям і загінулым у гады ліхалецця. Сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, слухалі іхнія апавяданні. Знаёміліся з фотаархівамі, вывучалі дакументы. 

Мерапрыемствы прайшлі ў Лёзне

— Нас неверагодна ўразіла, наколькі значным быў уклад у агульную справу Вялікай Перамогі жыхароў як буйных гарадоў Беларусі, так і невялікіх вёсачак. Такім чынам атрымалася, што мы расказвалі пра ваенны перыяд і ў той жа час самі насычаліся новымі ведамі, — падзяліліся артысты. 

САПРАЎДНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ 

— Мы ставілі перад сабой задачу, каб дакладныя факты аб мінулай вайне, аб трагедыі і аб гераізме беларускага народа даведалася як мага больш жыхароў нашай рэспублікі, — растлумачыў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў. — І дзе б ні выступалі — ці ў сталічнай ВНУ, ці ў сельскай школе, — усюды ўдавалася хутка ўстанавіць цёплыя, даверлівыя адносіны з аўдыторыяй.

Праз мастацтва артысты трансліравалі сапраўдныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, якія беларусы здолелі захаваць, нягледзячы на пройдзеныя выпрабаванні. Гэта знаходзіла гарачы водгук у публікі. Казалі і аб укладзе работнікаў культуры ў Вялікую Перамогу. Бо яны, рызыкуючы ўласнымі жыццямі, не толькі выступалі з канцэртамі падчас кароткіх зацішак на палях бітваў — паднімалі баявы дух савецкіх байцоў. Творчыя людзі і самі мужна змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі, набліжалі вызваленне Радзімы працай у тыле, якая была падобна ратнаму подзвігу. 

Акцыя “Разам з мастацтвам” звязала прадстаўнікоў розных пакаленняў: удзельнікамі мерапрыемстваў сталі школьнікі і моладзь, людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту; артысты пабывалі ва ўстановах адукацыі і культуры, у воінскіх часцях. На дыялогавыя пляцоўкі прыходзілі цэлымі калектывамі і сем’ямі. А на сцэне разам са знакамітымі артыстамі эстрады выступалі ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці, якія прадставілі свае найлепшыя харэаграфічныя і вакальныя нумары патрыятычнай і ваеннай тэматыкі. 

РАРЫТЭТЫ ДЛЯ МУЗЕЯ 

Арганізатары акцыі падкрэслілі: у рэгіёнах да правядзення сустрэч падышлі вельмі адказна і з натхненнем. Былі арганізаваны творчыя выставы малюнкаў і фотаздымкаў, музейных прадметаў. Вялікую цікавасць уяўлялі інтэрактыўныя інсталяцыі, у якіх была адноўлена атмасфера ваеннага часу. Усе мерапрыемствы ўражвалі эксклюзіўным каларытам. 

Мерапрыемствы прайшлі ў Маладзечне

Яшчэ адной асаблівасцю акцыі стала прадастаўленне кожным рэгіёнам унікальнага артэфакта перыяду ліхалецця. Больш за 30 прадметаў з розных куткоў Беларусі будуць урачыста перададзены ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як мяркуецца, напярэдадні 60-годдзя гэтай установы — у кастрычніку. Ёсць сярод будучых экспанатаў макет ваеннага аэрадрома, малюнкі таленавітых юных беларусаў, фатаграфіі, копіі асабістых спраў герояў, арыгіналы лістоў-трохвугольнікаў з фронту, карціны, кнігі, карты. 

— Налета споўніцца 80 гадоў з Дня Вялікай Перамогі. І мы будзем рады пры падтрымцы Міністэрства культуры прадоўжыць акцыю. Яна знайшла гарачы водгук у беларусаў і ў чарговы раз даказала: патрыятызм — адметная асаблівасць нашай нацыі! Таму хацелася б наведаць рэгіёны, дзе яшчэ не былі, каб зноў дарыць людзям такія ж моцныя эмоцыі, якімі былі напоўнены ўжо праведзеныя мерапрыемствы, — сказалі ў Маладзёжным тэатры эстрады. 

Наш дом — наша краіна

Незвычайнымі па фармаце і вельмі эмацыянальнымі былі дыялогавыя пляцоўкі, якія прайшлі ў Мінску і Астраўцы, Ашмянах і Клічаве, Бабруйску і Бялынічах, Пінску, Оршы, Століне, Пружанах і ў іншых населеных пунктах краіны. 

...Артыст спявае пра вайну. Аб салдаце ў стаптаных ботах. Аб доўгай дарозе ўдалечыні ад дому. Аб тым, як свішчуць кулі каля скроні і рвуцца, аглушаючы, снарады. Як падае мёртвым найлепшы сябар — нібы зрэзаны колас. Музыка ўсхліпвае. Звініць тонкай скрыпічнай струной. Абрываецца. У зале цішыня — кранула за жывое. А потым гучыць патаемнае: гісторыя пра герояў сям’і. Малюнак яркі, эмоцыі шчырыя. Гледачы паглыбляюцца ў мінулае, якое ўжо не забыць. 

Мерапрыемствы прайшлі ў Глуску

Сямейных гісторый аб ваенным часе артысты расказалі нямала. І кожная стала каштоўнай не толькі для родных і блізкіх. Так перадаецца гістарычная памяць. Ёй нельга здраджваць. Яна — боль зямлі беларускай. Яна — слава народа. 

Алена Грышанава з гонарам гаварыла пра свайго дзядулю, баявога афіцэра, які камандаваў сапёрным батальёнам, прай- шоў усю вайну і вярнуўся дадому з узнагародамі, у тым ліку з ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі” і “За ўзяцце Берліна”. Артыстка падкрэсліла: жыць пад чыстым небам — шчасце, і наша задача — захаваць мірнае жыццё. 

Аляксандр Сухараў апавядаў пра франтавое каханне сваіх дзядулі і бабулі. Ён быў зенітчыкам, яна — кіроўцам грузавіка, на якім падвозіла боепрыпасы. Абое бывалі на валаску ад гібелі. Дзядулі снарадам адарвала частку вуха, але жывы застаўся — ці анёл выратаваў, ці каханне, хто зараз скажа... 

Сям’ю дзядулі Яўгена Ермалковіча падчас акупацыі сагналі ў Германію. Нямецкія дзеці ставіліся да паднявольных вельмі дрэнна, крыўдзілі, абзываліся, білі. І ён, маленькі, насіў з сабой ножык — у надзеі абараніцца. Як гэта страшна, калі шасцігадовае дзіця вымушана змагацца за жыццё ў чужой краіне, куды яно трапіла не па сваёй волі... “Беражыце мір і будзьце дабрэйшымі”, — звярнуўся да моладзі артыст. 

Калі пачалася вайна, дзядуля Шырмурада Чарыева, якога глядач ведае пад сцэнічным псеўданімам Шыр, жыў на сваёй этнічнай радзіме, у Туркменістане. Ваяваў у партызанскім атрадзе на Каўказе. У мірны час дапамагаў аднаўляць разбураную інфраструктуру. А бабуля ўсю вайну самааддана працавала ў тыле — шыла для савецкіх байцоў цёплае адзенне, за што была ўдастоена медаля. Артыст упэўнены: дзяцей трэба вучыць з дзяцінства, што ў нас ёсць маці — гэта наша Радзіма, у нас ёсць дом — гэта наша краіна, у нас ёсць сям’я — гэта наша нацыя. І мы павінны шанаваць усё, што маем. 

Мерапрыемствы прайшлі ў вайсковай часці №3214

Балалаечнік Аляксандр Варанішча са сваім дзедам-франтавіком ні разу не бачыўся: той памёр за дзень да нараджэння ўнука. Але хлопчыку не толькі дасталіся імя продка і знешняе падабенства: перадалася любоў да мастацтва. Разведчык-сувязіст усю вайну, да самага Берліна, не расставаўся з музычным інструментам. На прывалах падчас працяглых маршаў і ў рэдкія хвіліны пярэдыху паміж баямі збіраў каля сябе сяброў-таварышаў. Садзіліся шчыльна, кольцам, а ён расцягваў мяхі. І кожны думаў і марыў аб нечым сваім...

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва Маладзёжнага тэатра эстрады