Пра гарадскі пасёлак Поразава на Свіслаччыне шмат хто чуў праз банкуху — старадаўні кандытарскі выраб, падобны на літоўскі шакоціс і польскі сэнкач. Традыцыя прыгатавання гэтага ласунку ўнесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Беларусі. Але не толькі кулінарнымі традыцыямі багатае мястэчка. Яно здаўна славілася ўнікальнымі глінянымі вырабамі.
На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў пасёлак быў сапраўдным ганчарным цэнтрам. Тутэйшы посуд карыстаўся попытам ва ўсёй акрузе. Яго літаральна расхоплівалі на кірмашах у Ваўкавыску, Беластоку, Зэльве, іншых гарадах і мястэчках. Загадчыца Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу Алена Андрушка ўзгадвае: бабуля распавядала, што раней вяскоўцы грузілі цэлы воз гаршкоў і збаноў, везлі на базар — і мянялі гэты скарб на ўсялякія рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы.
Свята ганчара пачалося ўрачыстым шэсцем
Работы поразаўскіх майстроў здаўна прыцягвалі ўвагу не толькі гаспадынь, але і мастацтвазнаўцаў. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя посуд дэманстраваўся на выставе ў Вільні, а ў 1930-я першыя ўзоры мясцовай керамікі трапілі ў фонды гродзенскага музея. Справа ў тым, што гэтыя зручныя ды надзейныя пасудзіны адметныя і эстэтычнымі якасцямі.
Вялікія выразныя формы, гарманічны дэкор з зубчастым арнаментам і, вядома, высакародны бляск. Такога эфекту дасягалі суцэльным глянцаваннем. На прасушаны пасля фармоўкі чарапок наносілі ўзоры, якія па абпале набывалі металічнае адценне. Чорны колер вырабы атрымлівалі пасля задымлення ў горне без доступу кіслароду. Таксама задымленне дадавала посуду трываласці.
Кажуць, гаршкі ды збаны тут ляпілі ледзь не ў кожнай хаце. У свой час у Поразаве налічвалася каля 200 майстроў. Працавалі сем’ямі. Старэйшыя перадавалі досвед малодшым, да промыслу далучаліся спадкаемцы. Так узніклі рамесніцкія дынастыі: Козюкі, Паплаўскія, Шалкевічы...
Дагэтуль у пасёлку памятаюць Шопікаў. Ажно чатыры пакаленні гэтага роду займаліся ганчарствам. Самы знакаміты прадстаўнік фаміліі — Іосіф Шопік. У свой час ён прэзентаваў работы на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і абласных выставах. За талент і працавітасць узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР. Творы Іосіфа Іосіфавіча захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. Дзякуючы майстру традыцыя не згінула нават тады, калі фабрычныя прадметы сталі выцясняць з побыту саматужныя вырабы. Людзі не забываліся, што найсмачнейшая бабка атрымліваецца ў форме, злепленай Шопікам. І сёння шмат у якіх хатах захаваўся посуд ад знакамітага рамесніка.
У раёне рупліва зберагаюць памяць пра Іосіфа Шопіка ды іншых ганчароў. Невялічкая экспазіцыя гліняных вырабаў працуе ў аддзеле рамёстваў Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Там жа шчыруюць сучасныя майстры, што захоўваюць даўнія тэхналогіі. Яны ўпэўненыя: як бы ні змянялася мода, кераміка ручной работы заўсёды будзе ў пашане.
Пры Поразаўскай бібліятэцы — краязнаўчым цэнтры пад кіраўніцтвам Ірыны Сарай адкрыты адмысловы музейны пакой. Нямала часу спатрэбілася, каб сабраць калекцыю ўнікальных вырабаў ды падрабязна вывучыць гісторыю промыслу.
Сёння скарбніца налічвае каля 60 узораў мясцовай чорназадымленай керамікі. Найбольш распаўсюджанымі ў побыце былі гаршкі: пітушкі для малака і кашы, сераднякі для баршчу, бульбы і заціркі. У рынцы на трох ножках смажылі стравы. Макатры выкарыстоўвалі для расцірання маку і льнянога семя, а таксама для заквашвання цеста. У збанах жа, кажуць, доўга не скісала малако. Злепленыя разам гаршчочкі з дужкай- ручкай называлі спарышамі. У іх на поле бралі абеды: у адным сасудзе — суп, а ў другім — кашу.
Для ўсіх ахвотных у музеі ладзяць інтэрактыўныя экскурсіі і майстар-класы. Установа ўключана ў турыстычны маршрут па Свіслаччыне. І не спыняецца ганчарнае кола: традыцыі пераймаюць і развіваюць новыя пакаленні. Намаганні супрацоўнікаў не засталіся незаўважанымі. Поразаўская кніжніца стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” за 2019 год, а таксама атрымала грант Прэзідэнта на працяг сваёй высакароднай справы.
Алена Андрушка ўпэўненая: зберагаць рамесныя традыцыі надзвычай важна, бо ў старадаўнім мастацтве адлюстраваная душа народа. Таму разам з сельвыканкамам Поразаўскі сектар культуры і вольнага часу задумалі адмысловае мерапрыемства. На мінулых выхадных у пасёлку ўпершыню адбылося свята ганчара “Мастацтва гліны і агню”, прысвечанае чорнаглянцавай кераміцы. Пачалося яно відовішчных шэсцем.
Майстроў з усіх ваколіц сабрала свята ў Поразаве
Ля галоўнай пляцоўкі ды на тэматычных падворках было шматлюдна і шумна. Свіслач, Ашмяны, Бераставіца, Ваўкавыск, Зэльва — на фэст з’ехаліся ўмельцы з усёй акругі. Яны паўдзельнічалі ў своеасаблівым спаборніцтве ганчароў ды керамістаў, зладзілі майстар-класы для ахвотных, прэзентавалі свае набыткі на выставе-кірмашы пад адкрытым небам.
Бадзёры настрой задалі выступленні фальклорных гуртоў, гульнёва-забаўляльныя праграмы, сяброўская вечарына беларускіх побытавых танцаў. Увесь дзень наведвальнікаў прымаў музей “Мастацтва гліны і агню”. А ў бібліятэчным дворыку правялі этнаграфічны круіз, падчас якога прысутныя даведаліся пра выкарыстанне посуду ў побыце і абрадах сялян. Вядома, не абышлося без праверкі ганчарных вырабаў у справе: прыемным сюрпрызам сталася дэгустацыя народных страў.
Данііл ШЭЙКА
Фота з архіва Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”