Баль “Бібліятэчнае лета” ўпершыню прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ён сабраў усіх, хто любіць музыку і кнігі, танцы і прыгожыя ўборы.
...Шум сталіцы застаўся недзе далёка за зачыненымі дзвярыма. Дамы ў раскошных сукенках папраўляюць прычоскі. Працягваюць рукі ў доўгіх пальчатках кавалерам — для прывітальных пацалункаў. Мужчыны ў бездакорных касцюмах галантна падтрымліваюць спадарожніц пад локцік. Музыка вальса пад высокімі скляпеннямі. Пары лунаюць амаль бясшумна — толькі ледзь улоўны шолах сукенак нагадвае ўзмах крылаў матылькоў. Неверагодная атмасфера!
— У Мінск прыехалі танцавальныя калектывы з розных гарадоў, каб паказаць маштабную танцавальную праграму. Гэта гомельскі “Сярэбраны век”, магілёўскі “Серпанцін”, бабруйскі “Паланэз”, а таксама сталічныя Dancіng tіme і “Мінская зорка”: на першы баль у нашу бібліятэку завітала каля 100 падрыхтаваных танцораў, — распавяла загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніна Літвінка.
Баль пачаўся з грацыёзнага выхаду на гранд-марш. Першы танец — традыцыйны паланэз. У праграму ўвайшлі таксама цыганская полька, беларускія кракавяк і карапет, маскоўская кадрыля, вальс-гавот і іншыя танцы.
Зацікаўленыя госці маглі і самі павучыцца танцаваць — прафесіяналы прапанавалі ім майстар-класы. А паміж танцавальнымі аддзяленнямі працавалі розныя пляцоўкі. Зала беларускай літаратуры прадставіла майстэрню рэстаўратара. У зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў можна было паслухаць гучанне вінілавых кружэлак. Зала дакументаў па мастацтве запрасіла на экскурсію па кніжна-ілюстрацыйнай выставе “Жывапісец танцорак”, прысвечанай Эдгару Дэга. Застацца сам-насам з унікальнай і рэдкай кнігай можна было ў Музеі кнігі. А ў галерэі “Лабірынт” працавала музычна-літаратурная гасцёўня: паэты чыталі свае творы ў суправаджэнні жывой музыкі раяля. Цікава было зазірнуць і ў бальны салон, каб правесці час за традыцыйнымі шашкамі і шахматамі, паўдзельнічаць у дэтэктыўных гульнях “Шэрлак Холмс” і “Знікненне на французскім прыдворным балі XVІІІ стагоддзя”.
Харэограф Вольга Санельнікава з 1979-га працуе з дзецьмі. Педагог упэўненая: культуру ў людзях трэба развіваць з самага ранняга ўзросту. А апошнія 12 гадоў Вольга Міхайлаўна выступае яшчэ і ў ролі суарганізатара баляў. Напрыклад, адзін з іх прайшоў у Косаўскім замку — 43 бліскуча выкананыя танцы ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы. “Танец — дзівоснае мастацтва, якое спалучае ў сабе музыку, харэаграфію, тэатралізацыю. Без яго ўвогуле не ўяўляю сваё жыццё, — прызнаецца Вольга Санельнікава. — Як кажуць, калі ты сёння не танцаваў, то пражыў дзень дарма”.
Мінчане Эвеліна Літвінская і Аляксандр Бісярын не маглі прапусціць першы баль у Нацыянальнай бібліятэцы — знакавую для беларускага мастацтва падзею. Да заняткаў танцамі партнёры прыйшлі па-рознаму. Эвеліна яшчэ ў дзяцінстве займалася ў балетнай школе, потым з вялікім задавальненнем сумяшчала вучобу ў інстытуце культуры з удзелам у танцавальным клубе “Мара” пад кіраўніцтвам Лідзіі Кац-Лазаравай. А праз пэўны час захапілася бальнай культурай. Аляксандр жа ўпершыню выйшаў на танцпляц усяго два гады таму. Айцішнік па прафесіі, ён вельмі любіць гісторыю. Удзел у бальнай супольнасці лічыць цудоўнай магчымасцю вывучаць яе такім незвычайным, цікавым і эстэтычным спосабам.
Уменнем арганізаваць вялікую колькасць людзей у адзіны калектыў валодае, бясспрэчна, Тамара Георгіеўна Кузьмічова. Яна кіруе ансамблем бальнага і гісторыка-бытавога танца “Сярэбраны век” Гарадскога цэнтра культуры г. Гомеля. У калектыве займаюцца каля паўсотні чалавек ва ўзросце 50+. І на мінулым балі многія з іх не толькі ўражвалі гледачоў прыгажосцю выступлення, але і навучалі танцавальнаму мастацтву ахвочых.
Іна Якавец прывяла на баль 9-гадовую дачку Ілону, якая два гады займаецца балетам у Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы і марыць пра вялікую сцэну. І маці, і дзяўчынка ў захапленні ад мерапрыемства, лічаць, што такія імпрэзы заўсёды натхняюць. Таму дзякуюць яго арганізатарам і чакаюць новы баль — як і іншыя ўдзельнікі.