Наталіцца сапраўдным

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” адгаманіў у Акцябрскім на Гомельшчыне. Унікальны форум чарговы раз давёў: патрыятызм, сяброўства, маральнасць на грунце традыцыйнай культуры прарастаюць найлепей, чым дзе яшчэ. 

Фэст сабраў аматараў фальклору з усёй Беларусі. Наймалодшаму споўнілася пяць гадоў, самы ж дарослы цяпер на дзявятым дзясятку. Агулам жа ў Акцябрскі прыехалі каля 300 чалавек. Ці то першакласнік, ці то пенсіянер — кожны ўдзельнік ведае толк у даўнейшых спевах і танцах. Нязмушана і са шчырым захапленнем яны дзеляцца сваім талентам, захоўваючы арыгінальную манеру выканання. 

— Нацыянальнай самабытнасцю, шматколернасцю фарбаў, шчодрасцю фантазіі ўваходзіць у жыццё ўсёй Беларусі “Берагіня”. Фестываль дапамагае нам усвядоміць сваю ролю ў сучаснай сусветнай культуры, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і захаванні неацэннай гістарычнай спадчыны, — зазначыў у прывітальным адрасе міністр культуры Анатолій Маркевіч. 

ТОЛЬКІ ЖЫВЫ ГУК 

“Берагіня” — ці не адзінае сярод святаў падобнага размаху, дзе можна адкрыць для сябе творчыя набыткі продкаў без лоску ад шоубізу. Тут няма месца фанаграмам, модным аранжыроўкам. Толькі жывы гук, толькі аўтэнтычныя формы, толькі шчырыя эмоцыі. Таму ў гэтай брэндавай падзеі — непаўторнае аблічча. Да таго ж фэст дае магчымасць мясцовым прэзентаваць свой адметны край. На тры дні гарадок ператвараецца ў адну вялізную творчую пляцоўку, гудзіць ад раніцы да ночы. 

— Мы хочам, каб фестываль існаваў, каб не змяняў прапіскі, — падкрэсліла старшыня Акцябрскага райвыканкама Ірына Намочанка. — Варта адзначыць, што сёлетні фэст праходзіць у ператвораным да лепшага райцэнтры: аднавілася інфраструктура, пашырыліся вуліцы і плошчы, з’явіліся новыя пляцоўкі для адпачынку і імпрэзаў. Тут зроблена ўсё, каб удзельнікі пачуваліся як дома, а атмасфера садзейнічала раскрыццю талентаў. 

АДДАНАСЦЬ ЗАПАВЕТАМ 

“Берагіня” значна шырэйшая за трохдзённае свята ў Акцябрскім. Завадатары праекта задумвалі цэлую сістэму выхавання сродкамі народнага мастацтва. Ад фэсту да фэсту дзеці і моладзь пераймаюць ад старэйшых фальклорныя скарбы сваёй мясцовасці. Яны развучваюць побытавыя танцы, песні, інструментальныя найгрышы, абрады, карагоды, народную прозу. Да таго ж спасцігаюць рамесніцкія сакрэты, даследуюць свае радаводы і гісторыю малой радзімы. Адзін з галоўных прынцыпаў — навучанне “з голасу ў голас”, “з нагі ў нагу”. То-бок вусным шляхам непасрэдна ад носьбітаў або па запісах з фальклорных экспедыцый. 

І няхай не ўсё са стратэгіі ўкаранілася, плён ініцыятывы відавочны. Праз школу “Берагіні” прайшлі тысячы хлопцаў і дзяўчат. Яны не проста навучыліся спяваць ды танчыць па-даўнейшаму — пранікліся нашымі спрадвечнымі каштоўнасцямі. Ужо дарослымі яны трымаюцца продкавых запаветаў: шанаваць Бацькаўшчыну і свой род, паважаць старэйшых і клапаціцца пра малодшых, праз нягоды і радасці крочыць талакою. Знаны беларускі філосаф Энгельс Дарашэвіч некалі адзначыў: такіх выхаваных, этычных і арганізаваных маладзёнаў, як дыпламантаў “Берагіні”, зараз цяжка пабачыць. 

А яшчэ з “Берагіні” выраслі новыя фальклорныя праекты ў розных кутках краіны. На прынцыпах гэтага фестывалю грунтуюцца “Таночак” на Брэстчыне, “Панямоння жыватворныя крыніцы” на Гродзеншчыне, “Крыніцы-фэст” на Гомельшчыне. 

СКОКІ ДА ЎПАДУ 

Афіша “Берагіні” заўсёды поўніцца цікавымі падзеямі. На пляцоўках райцэнтра адбыліся прэзентацыі традыцыйных строяў беларускіх рэгіёнаў, выступленні аўтэнтычных гуртоў, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, свята традыцыйнай кухні. 

Самай маштабнай імпрэзай па завядзёнцы стаў рэспубліканскі турнір дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога — усяго многа”. На суд экспертнай рады гурты прапанавалі шырокую праграму, што ўключае мясцовыя танцы, карагоды, песні, найгрышы, народную прозу і фрагменты абрадаў. 

Адна з цэнтральных падзей фестывалю — рэспубліканскі конкурс выканаўцаў парных побытавых танцаў “Лявоніха”. Удзельнікі спрачаліся за перамогу ў чатырох узроставых катэгорыях. Для кожнай групы — свой рэпертуар рознага ўзроўню складанасці. Пад акампанемент традыцыйнай капэлы выпрабоўвалі сілы ў “Лявонісе”, “Мікіце”, “Падыспані”, вальсах ды польках. 

Каб атрымаць найвышэйшы бал, мала мець фізічную сілу ды дакладна выконваць рухі. Журы зважала не толькі на артыстызм ды тэхнічную дасканаласць: асаблівае значэнне мае валоданне асаблівым танцавальным этыкетам, захаванне мясцовай манеры выканання. 

Падчас конкурсу выканаўцаў парных побытавых танцаў "Лявоніха"

Скокі працягнуліся на сяброўскай вечарыне, што віравала пад адкрытым небам на цэнтральнай плошчы Акцябрскага. Чальцы калектываў дзяліліся адно з адным танцамі сваіх рэгіёнаў. Да гуляння далучыліся і гледачы. Яны атрымалі магчымасць у нязмушанай атмасферы спасцігнуць азы народнай харэаграфіі. Нават калі пагаслі сафіты на галоўнай сцэне, гаманіна не заціхла. За гармонік узяўся эксперт фестывалю Віктар Шыпкоў з-пад Гомеля. Пад яго акампанемент ахвочыя пратанчылі да поўначы. 

СМАЧНАЯ ВІЗІТОЎКА 

Арганічна ў праграму ўпісалася сёлетняя навінка. Упершыню ў Акцябрскім адбыўся “Чарніцы-фэст”. Як патлумачыла кіраўнік спраў райвыканкама Валянціна Шлапакова, свята ўзнікла не спантанна — ідэю выношвалі доўга. Рудабельшчына (так спрадвеку называлі гэты край) славіцца не толькі адметнай народнай культурай, але і прыроднымі багаццямі. У ваколіцах райцэнтра шмат лясоў, што радуюць мясцовых ягадамі ды грыбамі. Тут заснаваныя заказнікі “Бабінец” і “Акцябрскі”. Дый чарніцы зараз у самым смаку! 

На імправізаваных падворках гаспадыні частавалі піражкамі ды варэнікамі, сочывам ды печывам, іншым смакоццем з ляснымі дарамі. А яшчэ радавалі стомленых ад спёкі халоднымі кампотамі ды наліўкамі. Пасля “Парэцкага спатыкачу”, кажуць, ногі самі просяцца танчыць. Але не толькі ласункамі радавалі гасцей. У праграме таксама дэфіле “Я чарнічка-прыгажуня”, спартыўныя гульні, музычна-песенныя спаборніцтвы і нават пленэр па маляванні чарніцамі. 

З КАЛЫСКІ — НА СЦЭНУ 

Не першы раз на фестываль прыехаў узорны фальклорны калектыў “Вясковая табала” з Хаціслава, што ў Маларыцкім раёне. Гурт можна пазнаць яшчэ здалёк — па непаўторных строях з багатым арнаментальным аздабленнем. А калі пачуеш незвычайную гаворку гэтых хлопцаў ды дзяўчат, дык упэўнішся канчаткова: яны прыехалі з Заходняга Палесся. 

У складзе гурта — дзеці і моладзь ад 5 да 21 года. Нярэдка да выступленняў далучаюцца колішнія выхаванцы, якія ўжо атрымалі прафесію і пабраліся шлюбам. Некаторыя прыходзяць у табалу сем’ямі. Следам за балетмайстрам Аленай Чэрнікавай народнымі танцамі пачалі займацца дзеці. Старэйшая дачка Руфіна цяпер другакурсніца Мінскага каледжа мастацтваў, аднак нярэдка прыязджае на рэпетыцыі ў родны аграгарадок. На “Берагіні” разам з партнёрам Цімафеем Палуянам заваявала дыплом ІІ ступені ў конкурсе выканаўцаў побытавых парных танцаў “Лявоніха”. У тым жа спаборніцтве разам з Арсенем Краўчуком здабыла дыплом І ступені яе малодшая сястра Арына. Дзяўчаты кажуць: на сцэне з самага маленства і без скокаў ужо не ўяўляюць жыцця. 

Узорны фальклорны ансамбль "Рудабельскія зорачкі" 

Сярод багаццяў Хаціслава — унікальная традыцыя выпякання грачанага хлеба, што мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. Па сёння ў аграгарадку гаспадыні пякуць духмяныя боханы паводле даўніх рэцэптаў. Без грачанікаў не абыходзіцца ніводная значная падзея. Вось і гасцей “Берагіні” хаціславяне не пакінулі без смачнага пачастунку. Шчодрымі яны аказаліся і на задорныя выступленні. У рэпертуары калектыву — некалькі дзясяткаў абрадавых і пазаабрадавых песень, танцаў, легенд, казак, запісаных ад мясцовых жыхароў. Не дзіва, што дадому хаціслаўская грамада паехала з высокай узнагародай. “Вясковая табала” стала лаўрэатам І ступені рэспубліканскага турніру дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога — усяго многа”. 

СПАДАРОЖНІКІ ФЭСТУ 

Ніводнай “Берагіні” не прапусцілі мясцовыя “Рудабельскія зорачкі”. Узорны фальклорны ансамбль з Акцябрскага пад кіраўніцтвам Вольгі Дульскай больш за 25 гадоў зберагае фальклорную спадчыну свайго краю. Калектыў неаднаразова заваёўваў Гран-пры фестывалю. У скарбонцы юных артыстаў таксама ёсць узнагароды іншых буйных форумаў — “Беларуская полька”, “Сожскі карагод”, “Шануйце спадчыну сваю”. 

Кожнае новае пакаленне гурта трымае планку, зададзеную папярэднікамі. Летні карагод “Прапалола дзеўка васілёчкі”, бадзёры “Базар” або шляхетны “Важны”, складаныя найгрышы на гармоніку — своеасаблівы іспыт для чарговага складу “Рудабельскіх зорачак”. Ізноў калектыў прайшоў выпрабаванне ўдала. Вынік — дыплом ІІ ступені на турніры дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў. 

НА БАЗАРЫ НА БАЛЬШОМ... 

Як павялося, россыпам рукатворных дзівосаў парадаваў “Рудабельскі кірмаш”. Змястоўныя выставы прапанавалі дамы і цэнтры рамёстваў з усёй Гомельшчыны, а таксама госці з іншых рэгіёнаў. Прыкладам, набыткі Ваўкавыскага краю дэманстравалі тамтэйшыя майстрыхі Наталля Завадская, Жанна Абрамчук і Аксана Урублеўская. Выкшталцоныя вырабы з саломкі, усялякі гліняны посуд, посцілкі да ручнікі — такі скарб прывезлі рукадзельніцы. 

Багата аздобленыя мастацкія тканіны са славутай Неглюбкі прэзентавалі Алена Дзямчыхіна і Людміла Кавалёва. Майстрыхі з гонарам кажуць: у іхняй мясцовасці ткацкія традыцыі не перарываліся ніколі. Жанчыны засвоілі даўнія тэхналогіі ды перадаюць іх маладзейшым. Таксама кабеты сведчаць, што адзін з неглюбскіх ручнікоў набыў для сваёй калекцыі Метраполітан-музей у Нью-Ёрку. 

Сціплай не назавеш і экспазіцыю гаспадароў свята з Акцябрскага раённага Дома рамёстваў. Дарэчы, установа — равесніца фестывалю, адзін з першых падобных цэнтраў у вобласці. Адкрыўся ён у 1998-м. Сёння там займаюцца вышыўкай, саломапляценнем, ткацтвам, папяровай пластыкай, ганчарствам і вырабам традыцыйнай лялькі. Колькі гадоў таму калектыў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных ткацкіх рамёстваў, актыўную выставачную дзейнасць. 

“Берагіня” жыве ўжо чвэрць стагоддзя. За фестывалем — грунтоўная канцэпцыя выхавання моладзі, магутны навуковы падмурак. Хочацца верыць, што руплівая каманда фэсту здолее захаваць гэтае непаўторнае і яскравае свята як цвярдыню спрадвечных каштоўнасцей і высокага густу. Як абавязвае назва, як абавязвае памяць аб продках. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара