Позірк з мінулага. Дзеля будучыні

Апублiкавана: 12 жнiўня 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць Гранты

Аўтар: Аўтары

Гомельскія музейшчыкі працягваюць серыю праектаў аб генацыдзе беларускага народа. Сёлета выставу “Скрадзенае дзяцінства”, прысвечаную ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, можна ўбачыць у розных гарадах нашай краіны. 

ПАМЯЦЬ ЗАХОЎВАЕЦЦА 

Якія асацыяцыі ўзнікаюць, калі мы чуем слова “дзяцінства”? Лёгкасць, бестурботнасць, гульні, казкі… Але фашысцкая навала ў 1941-м не дазволіла тагачаснаму пакаленню пражыць свае лепшыя гады ў спакоі і радасці. Вайна зруйнавала лёсы маленькіх беларусаў. Юных жыхароў Гомеля эвакуіравалі першымі — далей ад акупацыі. Але незагойнымі ранамі крывавілі сэрцы тых, хто не паспеў з’ехаць. 

Памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа беражліва захоўваюць гомельскія навукоўцы і музейныя супрацоўнікі. З 10 лістапада 2023 года ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў пачала працаваць фотадакументальная выстава “Скрадзенае дзяцінства”. Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Гэтая выстава — чацвёртая частка серыі, якая прысвечана трагічным эпізодам Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гомельшчыны. Раней былі падрыхтаваны праекты “«Бывайце, людзі...» Факты пра злачынствы нацыстаў у акупаваным Гомелі”, “«Мы не рабы!» Лёсы астарбайтараў у фотадакументах, лістах і ўспамінах”, “Канвеер смерці. Лагеры савецкіх ваеннапалонных у акупаваным Гомелі”. 

Юрый Панкоў прэзентуе праект у Палацы Румянцавых і Паскевічаў

“Скрадзенае дзяцінства” распавядае пра дзяцей Гомеля, якім падчас вайны было менш за чатырнаццаць гадоў. Выстава складаецца з фотакалажоў, што зроблены на аснове матэрыялаў з фондаў краязнаўчых музеяў Гомельскай вобласці, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. 

НЕВЫПАДКОВЫ ФОТАЗДЫМАК 

Куратар выставы “Скрадзенае дзяцінства”, загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацавапаркавага ансамбля Юрый Панкоў каментуе працэс стварэння праекта:

— На работу над выставай мяне натхніла фота з асабістай калекцыі, на якім адлюставаныя дзве юныя гамяльчанкі ў раёне цэнтральнага рынку. Здымак зроблены невядомым фатографам у перыяд акупацыі нашага горада. Хто гэтыя дзяўчынкі? Што з імі сталася? Як іх звалі? Вядома толькі месца здымкі і прыблізна час. Але ў дзяўчынак такія позіркі, быццам яны глядзяць табе ў душу. На выставе некалькі такіх безназоўных фота. І яны гавораць з намі нават лепш за словы. 

КРАСНЫ БЕРАГ НЕ АДЗІНЫ 

Экспазіцыя “Скрадзенае дзяцінства” — гэта 11 жудасных гісторый аб лёсе дзяцей ваеннага пакалення. Сярод іх успаміны не толькі гамяльчан, але і жыхароў раённых гарадоў вобласці. Асобна ў праекце выдзяляецца тэма дзіцячых перасыльнаразмеркавальных лагераў. Самы вядомы з іх — Красны Бераг. Але, па словах Юрыя Панкова, такіх “Красных Берагаў” на Гомельшчыне было некалькі: у Парычах, Петрыкаве, Лучыцах, Капцэвічах, як мяркуецца, у Навасёлках, але гэта пакуль дакументальна не пацверджана. Існавалі яны на Міншчыне і Магілёўшчыне. Гэта значыць, што немцы стварылі ў Беларусі цэлую сетку дзіцячых размеркавальных лагераў, дзе ў адпаведнасці з арыйскімі стандартамі адбіралі “самых годных” і адпраўлялі ў так званую дзіцячую вёску Скобраўку. 

МАБІЛЬНЫ ХАРАКТАР 

Праект прадстаўлены не толькі жыхарам абласнога цэнтра: пачынаючы з лютага выстава набыла мабільны характар, а яе экспанаты былі накіраваны ў іншыя мясціны нашай краіны, пераважна Гомельшчыны. Працягваючы свой шлях у Буда-Кашалёва праз Жлобін і яшчэ пяць гарадоў, праект апынуўся ў суседняй вобласці Расіі. У красавіку “Скрадзенае дзяцінства” размяшчалася ў Бранскім краязнаўчым музеі. І ўжо 6 ліпеня выставу прапанавалі ўдзельнікам рэспубліканскага свята “Купалле”, які праходзіў у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. 

ЁСЦЬ ВОДГУК 

“Скрадзенае дзяцінства” знайшло водгук у гледачоў: толькі ў гомельскім музеі выставу наведала больш за 13 000 чалавек. Юрый Панкоў адзначае, што за першае паўгоддзе экспазіцыя была прадстаўлена ў сямі гарадах, а да канца снежня плануецца прэзентацыя праекта яшчэ ў дзевяці. 

— Сёння, як ніколі, нам патрэбна захоўваць і берагчы гістарычную спадчыну, і нагадваць пра яе варта не толькі напярэдадні памятных дат. Важна знаць і памятаць не толькі пра гераічнае мінулае нашага народа, але і пра злачынствы, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў тыя трагічныя дні, каб не дапусціць падобнага ў будучыні, — лічыць куратар праекта. 

Аляксандра ПАНКОВА 

Фота з сайта Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў