Шукаючы філасофскі камень

Лета — час адпачынку. Кожны імкнецца як мага эфектыўней выкарыстаць гэты падарунак лёсу. Вось і мы накіраваліся ў вёску Дарава, што ў Ляхавіцкім раёне. Але не адпачыць, а навесці парадак ля магілы вядомага беларускага філосафа ХІХ стагоддзя Фларыяна Бохвіца. 

АДНОЮ РАНІЦОЮ 

Каб дабрацца да месца, выязджаем з Баранавічаў на першым аўтобусе. Заплечнікі звычна і прыемна адцягвае рыштунак. Дзень пахмурны, і гэта тое, што трэба. А вось і Дарава. Ад аўтобуснага прыпынку рушым трохі наперад — на старыя вясковыя могілкі праз цэнтральную браму. Сямейнае пахаванне Бохвіцаў ніяк не абазначана, але знайсці яго проста. Яно размешчана адразу пры ўваходзе злева і абнесена капітальнай белай агароджай. Не сцвярджаю, што толькі мы наведваемся сюды, але іншых ахвочых прыбрацца, відаць, няшмат. Аднак прыехалі мы не дзеля таго, каб наракаць. Трымер сабраны і запраўлены. Граблі і секатар падрыхтаваны да “бою”. А “бой” будзе. Трава добра ўзнялася, ды і кляновыя парасткі працягваюць націск з боку суседзяў. На старт! Увага! Марш! 

ГІСТАРЫЧНЫ ПРАМЕНАД 

Пакуль ідзе закадравае добраўпарадкаванне немалога па плошчы сямейнага пахавання і прылеглых да яго ўчасткаў, маю час распавесці пра гэтае месца і Бохвіцаў. 

Пра Фларыяна Бохвіца (1799— 1856) я даведаўся з кнігі, што была ў хатняй бібліятэцы, — “Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 года”. Калектыўная праца нашых вядомых даследчыкаў (у яе яшчэ і цэлы тузін сур’ёзных рэцэнзентаў) выйшла ў Мінску ў далёкім 1984-м. Бохвіцу падабралі пачэсную кампанію — Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Казімір Лышчынскі, Ілья Капіевіч, браты Ян і Андрэй Снядэцкія, Францішак Карпінскі, філаматы ды іншыя асобы, чые імёны ў чытачоў “Культуры” на слыху. А ў кнізе “Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя” (том 5, стар. 83; 1981) даецца сціслая, але вельмі трапная характарыстыка дзейнасці Фларыяна Бохвіца: “Педагагічная праграма грунтавалася на прынцыпах асветніцтва і рэлігійнай маралі. Галоўнай мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў. Выступаў з патрабаваннем прыняць такую сістэму выхавання і адукацыі, якая б рыхтавала людзей, карысных грамадству, высока ацэньваў ролю прыродазнаўчых навук у працэсе пераўтварэння свету”. Свае меркаванні Бохвіц выкладаў у кнігах, якія карысталіся попытам у сучаснікаў, — “Выява думкі. На памятку маёй жонцы і дзецям” (1838, перавыданне — 1839), “Выява маёй думкі пра мэты існавання чалавека” (1841), “Асновы маіх думак і пачуццяў” (1842), “Думкі аб выхаванні чалавека” (1847). І тут самы час дадаць сёе-тое з навін бохвіцазнаўства. Наш суботнік, які здарыўся пару гадоў таму, падарыў аднаму з удзельнікаў ідэю перакладу ўсіх твораў філосафа на беларускую мову. Працэс пайшоў — і сёння ўжо набліжаецца да завяршэння (!). Спадзяюся, калі-небудзь кніга перакладаў з’явіцца ў крамах і бібліятэках. Будзе ў ёй і радаводна-біяграфічны дадатак, над якім таксама вядзецца праца, у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў. Распавесці ёсць пра што: і жыццяпіс, і радавод мысляра маюць нямала цікавых старонак. Прыкладам, у выданні будзе напісана пра сувязь Бохвіцаў з родам Абуховічаў, з якога паходзіў паэт Альгерд Абуховіч (пахаваны ў Слуцку, магілу даглядаем). Або з родам Борзабагатых. З гэтай фаміліяй знітавана маці Фларыяна: яе сваяком быў знакаміты доктар-народнік Уладзіслаў Борзабагаты. Адна з вуліц Навагрудка з 1982-га носіць імя гэтага чалавека. Ці пра сувязь з родам Маеўскіх, з якіх паходзіла маці Адама Міцкевіча. Нагадаем, што жонка Фларыяна Паўліна даводзіцца маці літаратара траюраднай пляменніцай. Дарэчы, на гэтых могілках у пачатку ХІХ стагоддзя знайшлі апошні спачын дваюрадныя пляменніцы Адама Міцкевіча — дзеці паэтавага дзядзькі Маеўскага (пахаванні даўно страчаны). 

ДЗЕ ПОМНІК ТВОЙ? 

Месца, якое мы даглядаем, з няпростай мінуўшчынай. У 1990-м яго ўнеслі ў “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (том “Брэсцкая вобласць”, стар. 284). Сёння на абгароджанай пляцоўцы маюцца чатыры надмагіллі (жонкі філосафа, сына з яго жонкай, унука). Колькі ж помнікаў было раней, цяпер ужо ніхто не адкажа. Пахаванне Бохвіцаў пацярпела ці то ад вандалаў, ці то ад часу. Надмагілле жонкі мысляра было разбурана, а самога Фларыяна — з надпісам “Твой прыклад няхай паказвае нам шлях праўды” — увогуле знікла. А ў 2000-м участак Бохвіцаў яшчэ і абрэзалі, і сярод старых пахаванняў з’явілася новая магіла. 

Пасля публікацый у СМІ (“Звязда”, 2003) сямейнае пахаванне было добраўпарадкавана: смецце і хмызнякі прыбралі, помнік Паўліны адрэстаўравалі, пляцоўку залілі бетонам, з’явілася агароджа. Але надмагілле Фларыяна Бохвіца не знайшлося. Кожны раз, прыязджаючы ў Дарава, мы спадзяёмся адшукаць які-небудзь след, але пакуль беспаспяхова. 

Праўда, гэта абсалютна не замінае, прыкладам, усталяваць новы помнік з адпаведнай шыльдай — месца на сямейных могілках маецца. Няблага было б паставіць і невялічкі інфармацыйны стэнд з гісторыяй роду, біяграфіяй філосафа. 

Можна дадаць і карту з мясцінамі Бохвіцаў, якая злучыла б некалькі раёнаў — Ляхавіцкі, Баранавіцкі, Клецкі і Навагрудскі. У Ляхавіцкім былі дзве галоўныя сядзібы фаміліі — Вошкаўцы (сёння вёска Ураджайная; старадаўні драўляны дом зруйнаваны) і Фларыянава (цяпер вёска Флер’янова; захаваўся драўляны будынак, раз на два гады там ладзяцца “Флер’яноўскія чытанні”). У Баранавіцкім раёне ёсць знакамітае Паўлінава (названа ў гонар жонкі Фларыяна). Гэтая сядзіба, як і флер’яноўская, у прыватнай уласнасці, але прыкмет, што там у апошнія гады вядзецца рэстаўрацыя, не відаць. Пэўна, трэба пабываць у маёнтку, каб разабрацца. Новыя лакацыі — касцёл у Міры, у якім хрысцілі Фларыяна ў 1799-м, а таксама касцёл у Клецку, дзе ахрышчаны старэйшы брат мысляра (сям’я тады жыла на Клеччыне). І гэта толькі асноўнае. А колькі ж яшчэ можна дадаць! 

КУБАК ГАРБАТЫ ПАД МАРЫ 

Пакуль я распавядаў пра таямніцы Бохвіцаў, талака завяршылася. Прыбіраем скошаную траву і парасткі клёнаў, што палі ад нажоў секатара. Цяпер добра бачна, што старая бетонная заліўка патрабуе рэстаўрацыі. Не зашкодзіла б і агароджу пафарбаваць. 

Ад зямных думак перакідаемся да філасофскіх. Запальваем знічы і падымаем кубкі гарбаты за нашых славутых землякоў. І вось тут ахопліваюць мары… Добра было б, каб, улічваючы важнасць асобы Фларыяна Бохвіца для беларускай гісторыі і культуры, над гэтым месцам узяла шэфства якая-небудзь навучальная ўстанова Ляхавічаў. Або Баранавічаў, да якіх прыкладна столькі ж кіламетраў. Бохвіц — гэта наш агульны гонар. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара Мінск — Баранавічы — Дарава — Мінск