Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і айчыннымі кіназнаўцамі, ён расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.
Унутраны настрой ваенных карцін 1960-х вынікае з асабістых перажыванняў рэжысёраў і сцэнарыстаў, чыё дзяцінства прыпала на страшныя гады ліхалецця. Вяршыняй беларускага кінематографа, што надзвычай дакладна апісвае жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак, якім давялося рана пасталець, прызнаны фільм-аповесць “Я родам з дзяцінства” таленавітага дуэта — рэжысёра Віктара Турава і сцэнарыста Генадзя Шпалікава. Карціна чымсьці падобная на асабісты дзённік, дзе аўтары падрабязна адлюстравалі тое, з чым сутыкнуліся самі.
Фільм пра ваеннае дзяцінства Віктар Тураў і Генадзь Шпалікаў задумалі зняць яшчэ падчас вучобы ў ВГІКу. Прыступіць удалося толькі праз восем гадоў, але нават такі працяглы час не загасіў занатаваныя ў сцэнарыі ўспаміны рэжысёра і яго равеснікаў, калег. Занадта глыбокімі былі раны, каб упарадкаваць хаос эмоцый, што жыў у душах.
Асноўная частка здымак праходзіла ў Гродне. У інтэрв’ю, якое Віктар Тураў даў газеце “Гродзенская праўда” падчас працы, рэжысёр тлумачыў выбар месца так: “Ваш горад па характары вельмі пасуе таму, што апісваецца ў сцэнарыі. Мы будзем здымаць тут асноўныя сцэны, звязаныя з чыгункай. Гэта вяртанне савецкіх людзей, сагнаных гітлераўцамі ў Германію. Сярод іх сястра аднаго з герояў фільма. Нарэшце, цяжкая, але цікавая сцэна дзіцячага выпрабавання стойкасці, калі адзін з хлопцаў павінен ляжаць пад цягніком. Убачаць гродзенцы на экране знаёмыя вуліцы, двары, а ў адным з эпізодаў фільма — велічны Нёман і планёр, які ляціць над ім”.
Вобраз танкіста Валодзі ў фільме ўвасобіў Уладзімір Высоцкі. Для вядомага барда гэтая роля стала пропускам у вялікі кінематограф. Па адной з версій, першапачаткова Тураў хацеў запрасіць Мікалая Губенку, але акцёр быў заняты і парэкамендаваў для здымак свайго сябра з тэатра на Таганцы. Высоцкі прыехаў у Мінск на пробы, дзе пазнаёміўся з рэжысёрам. Яны прагаварылі ўсю ноч, артыст выканаў пад гітару некалькі ўласных песень, а назаўтра... здаў квіткі на цягнік і застаўся ў Беларусі.
Сяброўства з Туравым не толькі адкрыла Высоцкаму шлях у кіно, але і дазволіла ўпершыню запісаць будучыя хіты ў прафесійнай гукавой студыі на “Беларусьфільме”. З ініцыятывы рэжысёра для стужкі “Я родам з дзяцінства” бард стварыў песні “Зоркі”, “Вышыня”, а таксама “На брацкіх магілах” і “У халады, у халады…”. У карціне яны гучаць у выкананні Марка Бернеса і Аляксея Мажукова. Кампазіцыі не проста дапаўняюць гісторыю, а ў нейкай ступені нават будуюць сюжэт, выяўляюць тыя словы, што цяжка вымавіць.
Дзеянне фільма разгортваецца ў красавіку 1945-га. Беларусь адбудоўваюць пасля страшных ваенных разбурэнняў, вось-вось скончыцца вайна. Галоўныя героі — падлеткі Ігар і Жэнька, хлапчукі з прыфрантавога горада. Яны чакаюць сваіх блізкіх, якія змагаюцца за вызваленне Радзімы. Аднак паўразбураны горад у кадры хутчэй не ўмовы жыцця, а фон для ўсіх разрозненых пачуццяў, з якімі дзеці не ў сілах справіцца.
Адсутнасць яркіх характараў і вядучага канфлікту стварае вострае адчуванне прысутнасці ў адным з дзён пасляваеннага жыцця. Як справядліва адзначалі крытыкі, героі амаль не размаўляюць, а толькі перакідваюцца рэплікамі, не здзяйсняюць учынкаў, а толькі рэагуюць на тое, што адбываецца. Але гэта не прымяншае вартасцей карціны, падобнай больш на дзённік памяці, чым на драматычны твор экраннага жанру.
Верагодна, для Віктара Турава і Генадзя Шпалікава стужка стала спробай даць рады пачуццям, упарадкаваць фрагменты ўласных успамінаў. Але прарваць гэтыя закасцянелыя, апаленыя агнём ліхалецця дзверы і даць усяму нявыказанаму, нявыплаканаму выйсці вонкі аўтарам не ўдалося. А можа, яны хацелі не выварочваць душу для будучых пакаленняў, а пакінуць усё ў ціхіх размовах паміж сабой.
— У кожным сваім фільме мне шмат што потым хацелася б зрабіць інакш, але “Я родам з дзяцінства” — адлюстраванне такога душэўнага стану, якое бывае толькі ў пэўную эру творчасці. Вялікі прафесійны вопыт наўрад ці дапамог бы выказаць тое, што мы са Шпалікавым адчувалі тады. Ургант і Высоцкі — таксама, — казаў Віктар Тураў.
Стрыманыя і сур’ёзныя героі-назіральнікі — дзеці, якія заспелі вайну і адчуваюць асаблівую адказнасць перад загінулымі роднымі. “Я родам з дзяцінства” — сур’ёзны псіхалагічны нарыс. Маленства і юнацтва сыходзяць, а дзіцем ты так і не пабыў. Мірнае жыццё палохае невядомасцю больш, чым вайна. Гэта не фільмплакат пра новае жыццё пасля Вялікай Перамогі, а вартавы памяці ўсіх, чыё дзяцінства забрала вайна.
Яўгенія ГАБЕЦ