Сувенір ад сяброў

Апублiкавана: 03 жнiўня 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: Аўтары

З непаўторнай спадчынай Татарстана знаёміць выстава “Жывая нітка традыцый” у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыйны праект стаў чарговым крокам да ўмацавання культурнага дыялогу з гэтым суб’ектам Расійскай Федэрацыі.

Выстава падрыхтавана Нацыянальным музеем Рэспублікі Татарстан. На аснове прадметаў з калекцыі ўстановы створана разгорнутая панарама дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Увазе гледачоў — ганчарныя і ювелірныя вырабы, кераміка, узоры ткацтва, карункапляцення, вышыўкі. 

Сапраўднай перлінай экспазіцыі стала карта Татарстана, якую вышылі 200 майстрых з розных куткоў рэспублікі. Акрамя таго, дэманструюцца сюжэтныя і жанравыя фотаздымкі канца ХІХ — ХХ стагоддзя, рэканструяваныя строі розных народнасцей, што пражываюць на зямлі Татарстана. Паказаны рускі, удмурцкі, чувашскі, мардоўскі, марыйскі касцюмы. 

У мастацкім рашэнні выставы выкарыстаны чырвоныя і зялёныя ніткі. Гэтыя колеры прысутнічаюць у сцягах як Беларусі, так і Татарстана. 

— Для нас ваша краіна асаблівая, значная і даўно любімая. Нават родная. Адзін з нашых філіялаў — Музей Янкі Купалы ў сяле Пячышчы. Прыемна і правільна, што першая выстава Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан за мяжой праходзіць тут, у Беларусі, — падкрэсліла кіраўнік установы Аліса Вяткіна.