Кінарэжысёру і сцэнарысту Валерыю Рыбараву — 85!

Апублiкавана: 01 жнiўня 2024 Кiно Кіно Мінск Дата

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Кінарэжысёру і сцэнарысту, заслужанаму дзеячу мастацтваў БССР Валерыю Рыбараву — 85! Успомнім найбольш значныя старонкі біяграфіі і этапныя работы творцы.

Валерый Паўлавіч пачаў прафесійны шлях у 1959-м, калі прыйшоў на кінастудыю “Беларусьфільм” асістэнтам рэжысёра. Свае першыя карціны здымаў у дакументальнай форме. Ужо тады быў прыкметны почырк будучага мэтра: шчырасць, гарачае жаданне паказаць жыццё такім, якое яно ёсць. Пераломным момантам у фільмаграфіі рэжысёра стала неігравая стужка “Тонежскія бабы”, прысвечаная траім жыхаркам вёскі Тонеж на Гомельшчыне, якія захавалі ўнікальны абрад сустрэчы вясны. 

— Валерый Рыбараў — гэта цэлая эпоха беларускага кіно, частка таго залатога перыяду, калі экраннае мастацтва не цуралася інтанацый болю і пакуты, праяў суперажывальнай душы і адкрытага сэрца, — кажа кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава. — Кожная яго стужка — заўсёды мастацкая, сацыяльная, этычная з’ява. Карціны Рыбарава — гэта фільмы-адкрыцці, фільмы-дыягназы, фільмы-прагнозы. “Жывы зрэз” з’явіўся як сардэчны дакументальны водгук на ваенныя падзеі. “Тонежскія бабы” пазначылі пачатак новага кірунку візуальнай антрапалогіі — этнамузыкалагічнага кіно. 

“Тонежскія бабы” — дакументальны кароткаметражны фільм, які складаецца з навел пра трох жанчын беларускай вёскі Тонеж, спаленай нацысцкімі карнікамі зімой 1942-га.

Цалкам арганічна адбыўся пераход рэжысёра з дакументальнага рэгістра ў ігравы, дзе працягвала гучаць натуральная і шчырая інтанацыя. Творца імкнуўся да пранізлівага апавядання пра драматычныя і трагічныя рэаліі мінулага і сучаснасці. 

Валерый Рыбараў падчас здымачнага працэсу

Работы Рыбарава моцна адрозніваюцца ад стужак Турава, Дабралюбава, Пташука — майстроў, якія гаварылі ад імя пакалення, чыё дзяцінства было апалена вайной. У творчасці Валерыя Паўлавіча беларуская душэўнасць і асэнсаваная, нават дарослая жыццёвая пазіцыя саступаюць месца парывістым, паюнацку чыстым пошукам ісціны і справядлівасці.

— Карціна “Чужая бацькаўшчына” і да гэтага часу разам са стужкамі Юрыя Тарыча застаецца адным з камертонаў для аўтараў, якія спрабуюць адлюстраваць праблему нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэты фільм крытыкі назвалі праявай новага, суб’ектыўна-лірычнага эпасу. Ён прарос з аўтабіяграфічных ваенных стужак Віктара Турава, але Рыбараў пайшоў глыбей, у гісторыю 1930-х, і дасягнуў вяршыні ў асэнсаванні складанай гістарычнай сітуацыі, — падкрэслівае Антаніна Карпілава. 

ГЕРОЙ СВАЁЙ ЭПОХІ? 

Валерый Рыбараў — адзін з нямногіх беларускіх рэжысёраў, якому ўдалося агаліць рэальнасць на экране. Самым яркім дасягненнем майстра, што аказала вялікі ўплыў на айчынны кінематограф канца 1980-х, стала карціна “Мяне завуць Арлекіна”.

Фільм — “люстэрка эпохі” — у савецкіх кінатэатрах паглядзелі больш за 40 мільёнаў чалавек. Стужка атрымала званне самай касавай у гісторыі беларускага кіно. І нават больш чым праз 35 гадоў гісторыя “хлопца з Вагонкі” гучыць актуальна. На фоне сучасных павеваў яна набывае папулярнасць сярод маладога пакалення. 

“Мяне завуць Арлекіна” — моладзевая драма, знятая па матывах п'есы Юрыя Шчакачыхіна “Пастка 46, рост другі”. Фільм распавядае гісторыю канфлікту дзвюх субкультур.

У гэтай карціне рэжысёр пастараўся даць адказы на пытанні, якія хвалююць моладзь у любую эпоху. Ён зрабіў гэта ярка і вобразна, без маралізатарства. У фільме шмат сцэн, што для многіх гледачоў выглядаюць настальгічнымі: дыскатэкі ў цэнтрах культуры, прагляд замежных фільмаў, тусоўкі прыхільнікаў розных субкультур... Аднак за нявіннасцю заходніх ідалаў ужо тады хавалася пагроза для айчыннай культуры, якую ў хуткім часе накрыла замежная хваля. Але рэжысёр не толькі дакументаваў эпоху. Ён выступаў голасам розуму, звяртаючы ўвагу на тое, што моладзь гоніцца за моднымі павевамі, не задумваючыся пра іх сутнасць. 

Кадры з фільма "Мяне завуць Арлекіна"

Галоўнага персанажа — Арлекіна — майстар стварыў са шрамаў і боляў свайго часу. Выкарыстоўваючы цудоўную мову вобразаў і архетыпаў, Валерый Рыбараў прашыў увесь сюжэт чырвонымі ніткамі: Арлекіна не герой новай эпохі, а яе ахвяра. 

ГУЧАЦЬ СКРОЗЬ ПАКАЛЕННІ 

Фільмаграфія Валерыя Рыбарава — унікальны код часу. Стужкі “Чужая бацькаўшчына”, “Сведка”, “Мяне завуць Арлекіна”, “Прыкаваны” — гэта мастацкая хроніка, балючая ў сваёй праўдзе, а таму жывая. 

— Калі гаворыш пра Рыбарава, у памяці ўсплываюць сцэны з фільма “Сведка”: хлопчык, цудам ацалелы пасля расстрэлу, паўзе па выпаленым полі і грэецца ля вогнішча, дзе дымяцца косткі яго аднавяскоўцаў. Ніякія лічбы не дазволяць уявіць маштабы генацыду лепш за падобныя кадры, — дзеліцца Антаніна Карпілава. — “Мяне завуць Арлекіна” — аўтарскі прагноз лёсу тых маладых, якія павінны былі перабудаваць краіну, але не ўтрымалі яе ў сваіх руках. У карціне “Прыкаваны” перад намі афіцэр, які прайшоў Афган і Афрыку і не знаходзіць сябе ў мірным жыцці. Трэба сказаць, што Валерый Паўлавіч заўсёды абапіраўся на годную кінадраматургію і добрую літаратуру. І хоць рэжысёр зняў няшмат фільмаў, кожны з іх стаў падзеяй і ўчынкам. Віват, Майстар! 

Пазнаёміцца з творчасцю Валерыя Рыбарава можна ў рамках рэспубліканскага кінафестывалю “Кінавек”. Культавую стужку “Мяне завуць Арлекіна” пакажуць у кінатэатрах краіны ў кастрычніку. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з сайта кінастудыі