“Рамэа і Джульета” — тая п’еса Шэкспіра, змест якой ведаюць нават тыя, хто яе ніколі не чытаў і не глядзеў адпаведных спектакляў. А іх у сталіцы, між іншым, паболела: да балета Валянціна Елізар’ева ў Вялікім і спектакля Данііла Філіповіча ў Купалаўскім дадалася пастаноўка “Джульета. Рамэа. Шэкспір” Ганны Джамілашвілі ў ТЮГу.
Назва зменена зусім невыпадкова: менавіта Джульета тут — асноўны рухавік падзей. Атрымалася папраўдзе новае глыбока канцэпцыйнае прачытанне, якое, тым не менш, зыходзіць менавіта з Шэкспіра і адпавядае літаральна кожнаму ягонаму радку. Дарэчы, шэкспіраўскія радкі згаданы невыпадкова. Амаль нябачныя з залы, яны нанесены, прычым на мове арыгіналу, на пліты-камяні, раскіданыя і ўсталяваныя на сцэне (мастак-пастаноўшчык — Дар’я Волкава). Дзве каменныя груды з уторкнутымі рыцарскімі мячамі падобныя да надмагільных помнікаў з крыжамі. Але ж у тым ёсць яшчэ адзін сімвал: час раскідваць камяні мінуў, наспеў час іх збіраць, удумваючыся не толькі ў кожнае слова (а ў пачатку спектакля яны гучаць на рускай, беларускай, англійскай) — у кожную літару.
У спектаклі "Джульета. Рамэа. Шэкспір" Тэатра юнага гледача закранута і любоўная рамантыка, і даволі шчодра — гумар. Таксама надзвычай ярка прадстаўлена абагуленая філасофская лінія.
У шматлікіх спектаклях розных гадоў прасочваліся супрацьлеглыя тэндэнцыі. Адна з іх — прачытанне матэрыялу як гісторыі пра каханне, што мацнейшае за смерць. Другая — паднясенне п’есы як аповеду пра варожасць, пагібельную для ўсяго на зямлі, пачынаючы з кахання. Яшчэ адна варыятыўная пара тычыцца часу і месца дзеяння. Бо ў пастаноўцы можна пакінуць дзеянне ў Вероне ХVІ стагоддзя, а можна перанесці яго ў сучаснасць: у замежныя пякарні, што ваююць адна з адной; на кухню, дзе крышаць капусту і качаны нагадваюць пасечаныя галовы; у асяроддзе прадпрымальнікаў — гандляроў кветкамі. Сумясціць усё разам, узвёўшы сюжэт на філасофскі ўзровень, удалося Елізар’еву. У яго балеце, акрамя рамантычных сцэн кахання і жорсткіх боек, з’явіліся дадатковыя персанажы, што праз адметную пластыку ўвасаблялі ліпкае павуцінне Варожасці.
Цяперашняя версія ТЮГа — таксама ў лепшым сэнсе слова ўсёабдымная. Бо ў спектаклі закранута і любоўная рамантыка, і даволі шчодра — гумар, шэкспіраўскі і не (тут і прыкол з удыханнем паветра з шарыка, і Бенволіа Андрэіч, бо героя іграе Андрэй Каленікаў). Надзвычай ярка прадстаўлена абагульняючая філасофская лінія. Спектакль пачынаецца менавіта з яе: у слупе святла з’яўляецца манах Ларэнца (Андрэй Каламіец), пачынае круціцца на месцы, бы той дэрвіш, узнімае рукі ўверх, звяртаючыся да нябёсаў. У гэтай адной дэталі — і завядзёнка, паўторнасць падзей (у дадзеным кантэксце — смерцяў), і заклён, каб вырвацца з яе. А далей — бойка ў рапідзе, падобная да нейкага шаманскага дзеяння. Сцэнічныя строі вырашаны ў светлых, бела-шэра-крэмавых тонах (зірніце на афішу, што нагадвае “Закаханых” бельгійскага мастака Рэнэ Магрыта). Дэталі розных часоў яднаюць мінуўшчыну і сучаснасць, скіроўваюць у пазачасавае вымярэнне. Уся сцэнічная дзея, пазбаўленая залішняй пярэстасці, набывае тагасветнае, інфернальнае адценне. Гэта як мага лепей настройвае на сканцэнтраваны роздум над убачаным, дзе нішто не адцягвае ўвагі на знешняе, і тая цалкам скіравана на ўнутраныя “падводныя плыні” стану герояў, учынкаў, падзей.
Роздум — пэўна, галоўнае слова ў азначэнні цяперашняй прэм’еры. Бо літаральна кожнае імгненне спектакля ўносіць нейкія карэктывы ва ўсім вядомы сюжэт. Змяняюцца характары персанажаў, развенчваюцца некаторыя станоўчыя ў нашым разуменні героі. І ад гэтай “дробязі” змяняецца ўсё, бо іншай становіцца матывацыя любога дзеяння, і тыя ж самыя факты набываюць зусім іншы сэнс. Сачыць за гэтым неверагодна цікава, быццам распутваеш нейкі закручаны дэтэктыў, які разбурае ўсе твае здагадкі і падкідвае ўсё новыя нечаканыя павароты. Меркуцыа (Генадзь Гаранскі) не проста такі сабе весялун: яго жарты часта жорсткія, правакуюць на адпор, які прысутныя прызвычаіліся рабіць выключна сапраўднай, а не размоўнай дуэллю. Парыс (Павел Церахаў) не проста нялюбы, ён глядзіць на нявесту як на сваю ўласнасць.
Сіньёр Капулеці (Андрэй Каралевіч) — тыповы хатні тыран, што на людзях трымаецца джэнтльменам. Становіцца зразумела, адкуль такая агрэсія ў Цібальта (Мікіта Клютко). Сіньёра Капулеці (Ала Паплаўская ці сама Ганна Джамілашвілі) нават не памятае, калі ў яе дачкі дзень народзінаў. Запытвае ў Карміліцы (Наталля Гарбаценка), схільнай да адкрытасці эмоцый з іх папраўдзе тэатральнай падачай. Таму і Джульета (Аліна Караткевіч ці, у іншым складзе, Настасся Крыштаповіч) — гарэза, што адразу вылучаецца сярод астатніх жывасцю, натуральнасцю: было ў каго павучыцца!
Пры ўваходзе на баль усе здаюць зброю, і Рамэа (Уладзіслаў Вінаградаў) аказваецца адзіным, каму здаваць няма чаго. Нават Цібальта ён забівае цалкам выпадкова: адкідвае кінжал ўбок, проста штурхае праціўніка, а той трапляе галавой аб камяні. А самай загадкавай аказваецца... герцагава Жонка (Настасся Крыштаповіч ці Аліна Караткевіч — так-так, тыя самыя, якія граюць Джульету, толькі ў іншых складах). Яе фігура ў розныя моманты асацыюецца то з Фемідай з шалямі ў руках, то са Смерцю, што магічнымі рухамі ўзнімае забітых і вядзе іх за сабой, то з феяй Маб, якая трымае ў руках ніці лёсаў (гэты вобраз быў цэнтральным у шэкспіраўскім балеце Тэатра Яўгена Панфілава з Пярмі): менавіта яна дае Рамэа бутэлечку з атрутай.
Але ж Рамэа зусім не рамантычны! Млявы, ніякаваты. У нейкі момант становіцца крыўдна за дзяўчыну: што ж яна ў ім знайшла? І толькі ў канцы другой дзеі, практычна ў фінальным маналогу, дзе пачуцці героя б’юць праз край, усё канчаткова ўстае на свае месцы. Бо Джульета куды раней за нас убачыла ў Рамэа блізкія сабе рысы, тую нескамянеласць, “незабранзавеласць”, адкрытасць да змен, развіцця. Таму і памірае яна не ад няспраўджанага кахання, а ад разумення адсутнасці перспектыў: другога такога чалавека ў яе атачэнні, які быў бы шчаслівы змяняцца-развівацца разам з ёй, няма. А пліты-камяні на сцэне набываюць яшчэ адзін сэнс — сімвал скамянелага царства як супрацьлегласці жывога жыцця. І ўзнікае пытанне, якое давядзецца вырашаць ужо пасля спектакля: пліты пабіліся ад боек, ад часу — ці ўсё ж іх парушыла Джульета і пачуцці закаханых?
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА