Усё вялікае пачынаецца з малога. Гэта аксіёма. Таму нядзіўна, што патрыятызм паходзіць з самых, здаецца, дробных дэталей, якія памяць зберагае з ранняга дзяцінства. Тое могуць быць сямейныя звычаі, пачутыя ў маленстве паданні і нават водар страў, што гатавала маці альбо бабуля. Супрацоўнікі Лісуноўскага сельскага Дома культуры на Аршаншчыне збіраюць і захоўваюць менавіта такія каштоўныя драбніцы.
Руплівіцы вядомыя далёка па-за роднай вёскай. Яны заснавалі клуб па інтарэсах “Лісуноўскі пачастунак”, які аб’яднаў аматарак традыцыйнай беларускай кухні. Жанчыны ўпэўнены, што нацыянальныя стравы лепш за ўсё даюць уяўленне пра лад жыцця нашых продкаў і адлюстроўваюць непарыўную сувязь тутэйшых з прыродным асяроддзем. Далучэнне да кулінарнай спадчыны фарміруе ў чалавеку глыбокае адчуванне сувязі з далёкімі папярэднікамі і роднымі мясцінамі.
— Мы зберагаем рэцэпты бабуль. Спадзяёмся, што і нашы дзеці пяроймуць гэтыя традыцыі, — гаворыць загадчыца Лісуноўскага сельскага Дома культуры Таццяна Прыбытка. — У клубе мы не толькі захоўваем спрадвечную мясцовую кухню, але і развіваем яе, робім неардынарныя рэчы з печыва. Напрыклад, ядомыя лапці і гаршкі розных памераў і формаў.
Удзельніцы кулінарнага клуба па інтарэсах "Лісуноўскі пачастунак"
Клуб удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах Аршанскага раённага Цэнтра культуры і прэзентуе гасцям традыцыйныя стравы рэгіёна. На пачатку гэтага года прыгожыя і смачныя лісуноўскія пачастункі нават паказвалі па беларускім тэлебачанні.
Адметнасць нашай кухні — шырокае распаўсюджанне страў з бульбы. Гэта дранікі, зразы, бабка, клёцкі. Але гераіні аддаюць перавагу выпечцы. У Лісунах у даўніну былі папулярныя бліны, хрушчыкі, скавароднікі, куханы.
Сёння мала хто ведае, што такое кухан. У тлумачальным слоўніку напісана, што гэта булка, начыненая цыбуляй. Але насамрэч кухан — невялікі салодкі коржык, даводзіў Максім Гарэцкі. Аб тым жа сведчаць удзельніцы клуба “Лісуноўскі пачастунак”. Калі вы належыце да старэйшага пакалення, памятаеце, напэўна, коржыкі па восем капеек са школьнай сталовай. Лісуноўскія куханы вельмі на іх падобныя.
Кулага больш вядомая. У інтэрнэце пра яе ёсць даволі падрабязныя звесткі. Мастацкі кіраўнік сельскага Дома культуры Святлана Дзюшкевіч распавядае, што ў Лісунах кулагу робяць па рэцэптах бабуль са ржаной мукі з любымі даступнымі дадаткамі. У даўнія часы гэта былі лясныя ягады, мёд і мята. Зараз таксама выкарыстоўваюць кукурузны альбо бульбяны крухмал, цукар. Атрымліваецца кісла-салодкая маса, падобная на густы вязкі мармелад, які можна рэзаць нажом. Падавалі такія прысмакі як самастойны дэсерт і ў спалучэнні з куханам. Кулагу рабілі ў якасці абрадавай стравы на Купалле і пачастунку для дзятвы.
Дзейнасць вясковай установы не абмяжоўваецца захаваннем традыцыйнай народнай кухні. Адмыслоўцы забяспечваюць культурнае жыццё ў Лісунах, Тумінічах, Барэйшаве, Мезенаве, Вярхоўі і Дзятлаве. Агулам там жыве 463 чалавекі.
Для школьнікаў па выхадных працуюць гурткі. Дарослыя бавяць час у клубе па інтарэсах “Сударушка” — рыхтуюць тэатралізаваныя сцэнкі і танцы, якія паказваюць на мерапрыемствах да знамянальных гадавін і юбілеяў. Ёсць у Лісунах брэндавае свята — Дзень калодзежа, якое мясцовыя спраўляюць штогод у жніўні. Па традыцыі на студні завязваюць блакітныя стужачкі, сімвалы вады, і загадваюць жаданні.
У Лісуноўскім сельскім Доме культуры рупліва вывучаюць гісторыю краю. Ёсць ва ўстанове і экспазіцыя, прысвечаная легендарнаму Рагвалодаваму каменю. Гэты манументальны старажытнарускі помнік эпіграфікі XII стагоддзя месціўся ў капліцы ля вёскі Дзятлава і стаў шырока вядомы ў 1790-я, пасля публікацый у пецярбургскіх выданнях.
Вялікі камень няправільнай формы важыў па разліках 24 тоны. На ім былі высечаны шасціканцовы крыж і надпіс: “В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову”. Па меркаваннях даследчыкаў, такім чынам на загад князя Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—1171 гадоў з надзеяй на ўраджай быў асвечаны паганскі абрадавы валун.
На працягу XIX стагоддзя гэты аб’ект неаднаразова даследавалі. Нарэшце вакол яго нават пабудавалі царкву Святых Барыса і Глеба. Захаваўся фотаздымак 1896 года з каменем ля алтарнай часткі.
Старыя людзі і сёння вераць, што першапачаткова валун стаяў на чатырох нагах і ўяўляў сабой нейкага звера. Між нагамі яго нібыта цякла крыніца з жывой вадой. Але аднойчы мясцовы млынар адбіў істоце галаву, каб зрабіць з яе жорны. Тыя жорны перамалолі ўшчэнт ўсю гаспадарку мужчыны, забралі здароўе і нават жыццё. Крыніца знікла, а камень стаў урастаць у зямлю.
На жаль, у 1930 годзе ўнікальны помнік узарвалі нібыта дзеля будаўніцтва шашы Мінск — Масква. У 1998-м да Дня беларускага пісьменства ў Оршы ўсталявалі паменшаную копію Рагвалодавага каменя. А ў Лісунах стварылі макет святыні і перадаюць нашчадкам звязаныя з каменем легенды.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара