Музей для ўсіх

Апублiкавана: 28 лiпеня 2024 Стужка Музеі Мінск Гранты

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Некаторым яшчэ нядаўна былі фізічна недаступнымі такія простыя рэчы, як паход у краму, бібліятэку ці музей. Дзяржава зрабіла шмат, каб розныя людзі атрымалі аднолькавыя магчымасці. Зрабіць жыццё асоб з інваліднасцю больш якасным і насычаным імкнуцца і супрацоўнікі нашай галіны. Прыклад таму — праект “Музей навобмацак”, які за кошт гранта Прэзідэнта ў сферы культуры рэалізуе намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Марыя Казакевіч.

Інклюзія — працэс уключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ў актыўнае грамадскае жыццё. Гэтай тэмай Дзяржаўны літаратурна- мемарыяльны музей Якуба Коласа займаецца з 2018 года. Ва ўстанове рэалізаваныя сталыя праекты “Тэрыторыя без меж” і “Адчуй музей”, да якіх прычынілася і Марыя Казакевіч. Знаёмства з досведам расійскіх калег дадало ёй разумення, як эфектыўна далучыць да культурных набыткаў людзей з пагоршаным зрокам. 

— Марыя Міраславаўна, чым ваш праект адрозніваецца ад таго, што ўжо зроблена ў музеі? 

— Для мяне інклюзія — пра стварэнне нагоды для паходу ў музей, а даступнасць — пра фізічную магчымасць уваходу і ўспрымання. Мы стараемся дбаць і пра тое, і пра другое. 

Раней ва ўстанове былі праекты для дзетак з парушэннямі слыху. Мы працавалі з выхаванцамі школы-інтэрната: знаёмілі іх з музеем і некаторымі экспанатамі, ладзілі майстар-класы. Цяпер наша мэта — людзі з парушэннямі зроку. Праект “Музей навобмацак” адкрывае шырокія магчымасці для ўсіх наведвальнікаў, бо дазваляе выкарыстоўваць усе органы пачуццяў. Гэта дапаможа заглыбіцца ў спадчыну Якуба Коласа і зведаць яго эпоху, а таксама адчуць па-новаму сам музей. 

Марыя Казакевіч

Хочацца адысці ад сітуацыі, калі мы, музейшчыкі, рыхтуем нешта адмыслова для людзей з інваліднасцю. Лепш паразважаць, як зрабіць установу больш адкрытай для кожнага. Прыйшло разуменне, што стварэнне спецыяльных зон — гэта від сегрэгацыі. Прыкладам, асобная прастора з тактыльнымі карцінамі і таблічкамі шрыфтам Брайля для невідушчых людзей. На маё разуменне, лепш знаходзіцца ў патоку наведвальнікаў, калі тактыльныя экспанаты даступныя на агульнай экспазіцыі. Прымаючы людзей з інваліднасцю, варта даваць ім свабоду выбару, куды пайсці і што паглядзець, а не адводзіць ім “зручны час” і “зручную залу”. 

— Якія працы па праекце выконваюцца цяпер? 

— Пакуль праект знаходзіцца на этапе распрацоўкі. Наша творчая каманда спрабуе на сабе адчуць праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, якія паўстаюць перад імі пры наведванні музеяў. Быў падрыхтаваны маршрут, абраныя залы літаратурна-дакументальнай і мемарыяльнай экспазіцый, самыя яркія аб’екты для знаёмства праз тактыльнае ўспрыманне, гук, нюх, маторыку. Мы паспрабавалі адказаць на шэраг пытанняў. Ці можна памацаць непасрэдна экспанаты або неабходна вырабіць іх тактыльныя мадэлі, ці выдае экспанат гукі, ці валодае ён нейкім адмысловым пахам? Мы завязвалі вочы і спрабавалі перамяшчацца па нашым будынку. У выніку зразумелі многія рэчы, на якія раней ніхто не звяртаў увагі. Акрамя таго, ідзе работа па стварэнні новай версіі сайта для людзей са слабым зрокам. 

— Вы згадалі, што праект дасць новыя магчымасці ўсім наведвальнікам, не толькі людзям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя... 

— Так, 3D-копіі экспанатаў будзем выкарыстоўваць і падчас агульных экскурсій. Адзначу, што некаторыя мадэлі будуць зробленыя з прадметаў, якіх няма ў пастаяннай экспазіцыі. Напрыклад, гэта срэбны партабак з гравіроўкай, падораны паэту на 60-годдзе ў Ташкенце падчас эвакуацыі. Гэта паддужны званок (элемент конскай збруі), якім Якуб Колас карыстаўся, калі настаўнічаў у Верхменскай школе. Тактыльная мадэль чарачак, якія класіку і яго жонцы Марыі на срэбранае вяселле падарылі Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч. Каб невідушчыя людзі змаглі ўявіць, як выглядаў народны паэт Беларусі, будуць прадстаўлены тактыльныя мадэлі бюстаў Якуба Коласа і яго жонкі. 

У музеі адпрацаваны маршрут, на якім самыя яркія аб’екты экспазіцый даступныя для знаёмства праз тактыльнае ўспрыманне, гук, нюх, маторыку

Плануем таксама дапоўніць мемарыяльную экспазіцыю тактыльнымі станцыямі. Напрыклад, пад палатном Галіны Гарэлавай “Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны” ў вялікай гасцёўні размесціцца тактыльная графіка самой карціны і подпіс шрыфтам Брайля: “Дарагому і любімаму Якубу Коласу ў дзень сямідзесяцігоддзя. Азгуры”, тактыльны плашчак з бярозы. Ля экспаната можна будзе адчуць і водар малой радзімы Песняра. 

— Якая доля людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя сярод агульнай колькасці наведвальнікаў музея? 

— Яна невялікая. Але запыт на музейнае абслугоўванне людзей з інваліднасцю ёсць. І ён даволі вялікі. Зараз, калі пра нашу дзейнасць па інклюзіі становіцца вядома, мы атрымліваем усё больш і больш замоў на такія экскурсіі. Будынак музея з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму ліфта на другі паверх няма. Але мы прапрацоўваем экскурсійныя маршруты так, каб людзі з асаблівымі патрэбамі не адчувалі нязручнасцей. 

Хочацца адзначыць, што вялікую цікавасць людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя выказваюць да нашага філіяла на Стаўбцоўшчыне. Таму сёлета музей плануе комплекс мерапрыемстваў, каб і там зрабіць магчымым экскурсійнае абслугоўванне для гэтай катэгорыі наведвальнікаў. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА