Бялынічы: чарговы праект

У культурнай сталіцы Беларусі адкрылася выстава “Янка Купала ў маім сэрцы”. Прэзентацыю зладзіў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. 

Вернісаж разгарнуўся 16 ліпеня ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, філіяле Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава. 

Экспазіцыя прымеркавана адразу да некалькіх юбілейных дат. Найперш гэта 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама 80 гадоў таму быў заснаваны Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, а Вітольд Бялініцкі-Біруля атрымаў званне народнага мастака Беларусі. Праект прысвечаны памяці Янкі Раманоўскага (1928—1974) — пляменніка Купалы, мастака-графіка, юнацтва якога азмрочыла Вялікая Айчынная вайна. Яго дзяцінства прайшло ў доме паэта ў Мінску і на дачы ў Ляўках, куды дабіраліся, магчыма, і праз Бялынічы. 

Мастацкую адукацыю пачаў у 11-гадовым узросце ў Мінскай студыі юных дараванняў у Валянціна Волкава. У 1947-м паступіў у мастацкае вучылішча ў Мінску. З 1953 па 1959-ы быў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Большая частка мастацкай спадчыны Я. Раманоўскага была звязаная з адлюстраваннем жыццёвага і творчага шляху першага народнага паэта Беларусі. Дыпломная работа — серыя каляровых літаграфій “А хто там ідзе?” паводле аднайменнага верша Янкі Купалы — захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Сябра Беларускага саюза мастакоў, Янка Раманоўскі з 1969-га і да канца жыцця працаваў мастацкім рэдактарам часопіса “Маладосць”. 

У аснове выставы — гравюры юбілейнага альбома эстампаў “Янка Купала” (1971), які распачынаецца кранальнымі словамі мастака: “Янка Купала ў маім сэрцы з самых ранніх дзіцячых гадоў… Успамінаючы пра Янку Купалу, простага, абаяльнага чалавека і ў той жа час вялікага паэта, загарэўся я жаданнем паказаць яго такім, якім застаўся ён у маёй памяці. Так і нарадзіліся сабраныя тут аркушы пра жыццёвы і творчы шлях народнага песняра”. 

Экспазіцыя з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі працягнецца да 4 жніўня.