Гранты Прэзідэнта ў сферы культуры дазваляюць ладзіць маштабныя праекты па захаванні і папулярызацыі нашай спадчыны. Адмысловая падтрымка Кіраўніка дзяржавы — прафесіяналам, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё сваёй галіны.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Дзмітрый Ліндзянкоў за кошт гранту рэалізуе выставачны праект “Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы”.
Дзмітрый Ліндзянкоў
Упершыню Дзмітрый Мікалаевіч атрымаў такую выплату ў 2019 годзе. Тады адмысловец працаваў над выставай “З нетраў зямных і часовых. Гомельшчына ў археалагічных артэфактах”, прысвечанай рэгіянальным помнікам археалогіі ад каменнага веку да ХVIII ст. Цяперашні праект “Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы” стаў натуральным развіццём папярэдняй дзейнасці па папулярызацыі і сістэматызацыі археалагічнай спадчыны рэгіёна. Назва праекта акрэслівае пэўныя прастору і час. Гэта перыяд станаўлення старажытнарускай дзяржаўнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
— Хочацца прадставіць малавядомыя звесткі аб той эпосе, — падкрэслівае даследчык, — паказаць культуру тых часоў ва ўсёй яе разнастайнасці. Раскрыем сацыяльную і рэлігійную дыферэнцыяцыю, мноства рамёстваў і пахавальных абрадаў, што суіснавалі. Пакажам, як яны развіваліся і мяняліся на працягу Х—ХІІ стагоддзяў. Дамо карціну таго, наколькі развітымі былі ўжо ў той час нашы продкі.
Дзмітрый Ліндзянкоў прафесійна займаецца археалагічнымі даследаваннямі больш за дзесяць гадоў. Ён сцвярджае, што апошнім часам адкрыта шмат матэрыялаў, якія патрабуюць асэнсавання з пункту гледжання сучаснай гістарычнай навукі. Напрыклад, раней па многіх прычынах знаходкі з аднаго археалагічнага помніка аказваліся раскіданыя па розных музеях. Тое ж і з навуковымі апісаннямі раскопак, што праводзіліся рознымі ўстановамі. Гэта не заўсёды дазваляла разгледзець канкрэтны аб’ект комплексна.
У праекце “Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы” ўпершыню будуць аб’яднаныя разрозненыя археалагічныя матэрыялы. Гэта дапаможа ўявіць дакладную карціну таго перыяду нашага мінулага.
— Мы прадставім прадметы з курганных могільнікаў, размешчаных на тэрыторыі Гомельскага Падняпроўя, — удакладняе Дзмітрый Ліндзянкоў. — З тэрыторый, на якіх у той час пражывалі пераважна радзімічы. Але ўжо цяпер можна казаць пра матэрыялы, што сведчаць аб прысутнасці на гэтай зямлі і крывічоў і дрыгавічоў. Значыць, ужо тады тут была пэўная этнаграфічная разнастайнасць.
Гомельскі палацава-паркавы ансамбль
Даследчык тлумачыць, што адметнасць праекта заключаецца ў падыходзе да інтэрпрэтацыі археалагічных матэрыялаў. Асаблівая ўвага надаецца спосабам прадстаўлення таго ці іншага экспаната і каментарыям экскурсаводаў. Выстава паказвае, што нават самая маленькая знаходка мае вялікае значэнне, паколькі нясе каштоўную інфармацыю і можа істотна паўплываць на канчатковую інтэрпрэтацыю ўсяго комплексу даследаванняў.
На выставе, якая рыхтуецца як фінальны пункт праекта, прэзентуюць багата цікавых адкрыццяў. Дзмітрый Ліндзянкоў, каб захаваць інтрыгу, пакуль падзяліўся толькі адным з іх. Гэта крыж-энкалпіён. Падчас даследаванняў старажытных гарадоў такія прадметы знаходзяць даволі часта, але ў курганах гэта рэдкасць.
— Наколькі вядома, на сёння гэта адзіная падобная знаходка ў курганных могільніках на тэрыторыі Беларусі, — кажа музейны адмысловец. — Энкалпіён — крыж з дзвюх палавінак, унутр якога закладвалі часціцы мошчаў. Гэта знакавы індыкатар распаўсюджвання хрысціянскага культу, таму яго прысутнасць у курганным пахаванні незвычайная і паказвае на паступовае ўзаемапранікненне розных культурных і рэлігійных традыцый.
Змена абраднасці адбывалася не за адзін раз, распаўсюджванне хрысціянства ішло паступова. Гэта адсочваецца па эвалюцыі курганнага абраду да моманту поўнага яго знікнення на тэрыторыі Гомельскага Падняпроўя ў XIII стагоддзі. Даследчык адзначае, што праект “Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы” акцэнтуе ўвагу на мясцовай матэрыяльнай культуры, па якой можна вылучыць і некаторыя элементы станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў X—XII стагоддзях.
Першы этап праекта ўжо завершаны. Дзмітрый Ліндзянкоў і яго калегі працавалі з архіўнымі крыніцамі і матэрыяламі з музейных фондаў, а зараз рыхтуюць комплекс прадметаў, якія плануецца ўключыць у экспазіцыю. Выніковая выстава адкрыецца ў снежні ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Яна пакажа разнастайнасць і каштоўнасць беларускай гістарычнай спадчыны на прыкладзе археалагічных матэрыялаў. Экспазіцыя дасць новую інтэрпрэтацыю знаходак на падставе іх комплекснага вывучэння і нарэшце зробіць наша ўяўленне пра мінуўшчыну болей праўдзівым.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва героя