У Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Між іншага на ім былі ўхваленыя прапановы па ўключэнні новых пазіцый у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Традыцыі свята “Тры Каралі” на Гродзеншчыне сёння распаўсюджаныя ў Ваверцы, Мейрах, Мікутах, Міхнаўцах, Паперні, Серафінах, Сямейках і Чашэйках на Лідчыне, а таксама ў Больцішках, Трабах і Сціганях на Воранаўшчыне. Гэтая праява мясцовай каталіцкай каляднай абраднасці ўяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў і выкананнем калядных песень трыма каралямі-калядоўшчыкамі, на галаве якіх надзетыя блішчастыя кароны, а на плячах — накідкі чырвонага, сіняга і зялёнага колеру. У руках адзін з каралёў трымае калядную зорку. Традыцыя прымеркаваная да хрысціянскага свята Аб’яўлення Пана па каталіцкім календары ці, як яго называюць у народным календары, “Трох Каралёў”, што адзначаецца 6 студзеня. Тры каралі — гэта мужчыны ў ролі вешчуноў Каспара, Мельхіёра і Бальтазара, якія, паводле біблейскага сюжэта, ішлі на святло зоркі да месца, дзе нарадзіўся Хрыстос, каб пакланіцца яму і прынесці дары — золата, ладан і міру. Прыбыўшы ў Іерусалім, яны моцна напалохалі цара Ірада, які бачыў у іх прадказанні найперш з’яўленне прэтэндэнта на царскі пасад.
Абрад “Тры Каралі”
Пачынаецца абыход вёскі ў другой палове дня, бліжэй да вечара. Тры пераапранутыя мужчыны разам з дзецьмі зазвычай збіраюцца каля касцёла і ідуць па ўсіх вуліцах. Заходзячы ў хату, спяваюць велічальныя песні, за што гаспадары частуюць іх салодкімі прысмакамі. У 1930-я каралям-калядоўшчыкам давалі ў якасці падарункаў ялавічыну, пірагі, гарэлку, арэхі. Кожны гаспадар чакае прыходу каралёў як сімвалу Божай міласці і дабраслаўлення, надзеі на перамогу дабра над злом.
У дзевяці краінах Еўропы “Тры Каралі” святкуюць як дзяржаўнае свята, у тым ліку ў пратэстанцкіх Швецыі і Фінляндыі. Каталікі ў гэты дзень прыносяць у касцёл ахвяры Хрысту: кадзіла як сімвал Боства, золата як сімвал царскай улады і міру як сімвал чалавечай прыроды. Таксама асвячаюць крэйдай дзверы сваіх дамоў, крэслячы на іх крыжыкі і імёны трох каралёў: K+M+Б (Каспар, Мельхіёр, Бальтазар) або С+M+B (па-лацінску), і ставяць дату ад нараджэння Хрыста, тым самым аддаючы дом і ўсю сям’ю пад божую апеку на ўвесь год.
Будынак па праспекце Незалежнасці, 27а ў Мінску
Аднаўленню абраду з актыўным удзелам работнікаў культуры папярэднічаў шэраг экспедыцый. Сведчанні носьбітаў зафіксаваныя пісьмова, а таксама на відэа і аўдыя. З 2016 года абрад “Тры Каралі”, дзякуючы грунтоўнай даследчай рабоце супрацоўнікаў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, адноўлены і трывала захоўваецца ў жывой традыцыі вясковай супольнасці ў Ваверцы Лідскага раёна. Працягваецца дзейнасць клубных устаноў Лідчыны па адраджэнні і папулярызацыі абраду ў мясцовых вёсках. Для вывучэння і трансляцыі лакальных традыцый на базе Ваверскага дома культуры створана дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Спадчына”, у рамках якога вядзецца навучанне дзяцей спевам, танцам, абрадам і звычаям.
Дзякуючы праведзенай у 2022— 2023 гадах рабоце ўстаноў клубнага тыпу па рэалізацыі абласнога даследчага праекта “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны” сёння наладжаная праца па захаванні і пераемнасці традыцыі правядзення абраду “Тры Каралі” творчымі калектывамі Жырмунскага цэнтра культуры і вольнага часу, Больцішскага цэнтра культуры і вольнага часу, Радунскага цэнтра нацыянальных культур на Воранаўшчыне, а таксама аддзела культурна-масавай і асветнай работы ў Трабах на Івейшчыне.
Намінацыйны файл быў падрыхтаваны Лідскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці пры дапамозе Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і кансультатыўнай дапамозе вядучага спецыяліста Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алены Каліноўскай, а таксама экспертнай ацэнцы доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Таццяны Валодзінай.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — помнік архітэктуры ў стылі класіцызму, пабудаваны ў Дубраве Маладзечанскага раёна ў 1796—1805 гадах. У тыя часы вёска была ўласнасцю Адама Хмары, які зрабіў бліскучую кар’еру ад лоўчага да мінскага ваяводы, а пасля падзелу Рэчы Паспалітай, прысягнуўшы на вернасць Кацярыне ІІ, атрымаў тытул тайнага саветніка. Прамавугольны ў плане аб’ём храма быў падзелены на тры нефы роўнай вышыні чатырма парамі калон дарычнага ордару, якія захаваліся да нашых дзён.
Пасля паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў закрыты, а ў 1868-м перабудаваны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. У 1919 годзе будынак быў вернуты каталікам, а ў 1926—1929 гадах адбылася яго рэстаўрацыя. У 1948-м касцёл быў зноў закрыты і перададзены мясцоваму спіртзаводу пад склад. У 1990-х праз нядбайнасць тут здарыўся пажар, у выніку якога згарэў дах будынка. Сёння неабходна захаваць гэты помнік гісторыі і архітэктуры, не дапусціўшы яго далейшага разбурэння.
Будынак 27а па сталічным праспекце Незалежнасці гістарычна размяшчаўся на вуліцы Юр’еўскай, вядомай з XVІ стагоддзя, якая праходзіла паралельна сучаснаму праспекту Незалежнасці і Інтэрнацыянальнай вуліцы — на адрэзку ад цяперашняй вуліцы Леніна да Янкі Купалы. Частка дома, якая складае яго другі пад’езд, была ўзведзеная ў 1895—1897 гадах як асобны будынак з мураваным першым і драўляным другім паверхам, прычым да нашых дзён захаваўся толькі першы паверх, над якім у другой палове 1950-х былі надбудаваныя яшчэ два. Першы ж пад’езд — трохпавярховы, збудаваны ў 1900 годзе паводле праекта архітэктара Якава Гінзбурга, галавы дынастыі вядомых савецкіх і расійскіх архітэктараў. Яго сын Маісей Гінзбург (1892—1946), які нарадзіўся і скончыў гімназію ў Мінску, быў у 1920—1930-я адным з заснавальнікаў канструктывізму ў савецкай архітэктуры, а ўнук Уладзімір Гінзбург (1930—1997) — заслужаны архітэктар Расійскай Федэрацыі.
Руіны касцёла ў Дубраве
Забудова Юр’еўскай вуліцы моцна пацярпела ад бамбардзіровак першых дзён Вялікай Айчыннай, і ў адпаведнасці з пасляваеннымі планамі аднаўлення горада яе траса аказалася на ўнутрыквартальнай тэрыторыі. Такім чынам, будынкі па праспекце Незалежнасці, 27а — адзіныя, якія захаваліся на цалкам разбуранай колішняй вуліцы.
У сярэдзіне 1960-х на доме была ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар удзельнікаў мінскага антыфашысцкага падполля — маці і сына Вольгі і Уладзіміра Шчарбацэвічаў. Вольга Шчарбацэвіч кіравала падпольнай групай, якая ратавала параненых афіцэраў і салдат Чырвонай Арміі і дапамагала ім выйсці з горада да партызанаў. На жаль, адзін з такіх выратаваных аказаўся здраднікам, і ў выніку 26 кастрычніка 1941 года пасля допытаў і катаванняў Шчарбацэвічы былі павешаныя. Такім чынам, менавіта тут знаходзілася адна з першых явачных кватэр мінскага падполля, і будынак мае вялікае мемарыяльнае значэнне.
Антон РУДАК
Фота з прэзентацыі