Россып народных традыцый

Вопыт па захаванні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны абмеркавалі на рэспубліканскім семінары ў Жыткавіцкім раёне. Пленарнае пасяджэнне, фестываль, экскурсія, этнавечарына — змястоўная праграма разгарнулася на два дні. 

У ліку арганізатараў і ўдзельнікаў — прадстаўнікі Міністэрства культуры, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, спецыялісты з усіх рэгіёнаў нашай краіны, госці з Наўгародшчыны Расійскай Федэрацыі. Распачаўся семінар… фестывалем. 

ЮРАЎСКІ КАРАГОД 

Рэгіянальны фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Карагоднае кола” ладзіцца ў рамках рэалізацыі плана аховы вясновага абраду “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна пры фінансавай падтрымцы UNESCO. 

Абрад складаецца з дзеянняў, скіраваных на ўрадлівасць зямлі і дабрабыт людзей. У ім сканцэнтраваны ўзоры старажытных карагодаў, песень, а таксама адметныя матэрыяльныя праявы рэгіянальнай культуры — хлеб-“карагод”, народныя строі, ручнікі. Сёння гэтая традыцыя падтрымліваецца дзякуючы жыхарам вёскі Пагост і дзейнасці філіяла “Пагосцкі клуб-бібліятэка” Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва. 

Напярэдадні свята жанчыны выпякаюць пшанічны каравай пад назвай “карагод” і булачкі-перапечкі для пачастункаў. Зранку збіраюцца ў клубе: дзяўчаты плятуць вянкі з барвенку, а старэйшыя жанчыны рыхтуюць для ўпрыгажэння “карагода” тры галінкі пладовага дрэва з трыма разгалінаваннямі, аздобленыя цестам, зелянінай, папяровымі кветкамі і стужкамі. 

Пасля таго як “карагод” упрыгожаны, ладзіцца шэсце на жытнёвае поле. На чале — дзяўчаты з ручніком і мужчыны з іконай, зоркай, “карагодам” і граблямі, павязанымі фартухом. Астатнія крочаць за імі па вуліцах вёскі. На полі адбываюцца традыцыйныя рытуалы. Спяваюць песні, водзяць карагоды вакол мужчын, якія стаяць у цэнтры з рытуальнымі прадметамі. Калі ўдзельнікі абраду выходзяць з поля, усе зноў далучаюцца да шэсця і ідуць па вуліцах з песнямі і музыкай, спыняючыся і водзячы карагоды ля двароў. Пасля вяртання ў цэнтр вёскі на пляцоўцы ля клуба-бібліятэкі ладзіцца Юраўскае гулянне — танцы, спевы, гульні, выступленні фальклорных калектываў, іншыя забавы. Завяршаецца свята падзелам “карагода” і пачастункам. 

ЗГОДНА З ТРАДЫЦЫЯЙ 

Першы дзень фестывалю распачаўся абрадам “Юраўскі карагод”. Пазней адбыліся святочны канцэрт “Вясна-красна на ўвесь свет!”, канцэрт-прэзентацыя “Захавальнікі спадчыны”, творчая акцыя “Песні над Прыпяццю” і вечарына беларускіх традыцыйных танцаў з удзелам мясцовых музыкаў. 

Асобнай часткай фестывалю зрабіліся культурна-адукацыйныя праграмы па краязнаўстве Тураўшчыны і рэспубліканскі семінар “Захаванне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі: міжнародны і нацыянальны досвед”. Таксама ў фае Тураўскага гарадскога дома культуры размясцілася фотавыстава “Дакрануцца да спадчыны душой”, падрыхтаваная Міністэрствам культуры да 20-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. 

Сустрэча з удзельнікамі свята “Юр’я” — выдатная магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных супольнасцей носьбітаў фальклору Жыткавіцкага раёна, якія штогод далучаюцца да “Юраўскага карагода” ў вёсцы Пагост, а таксама аднаўляюць і захоўваюць традыцыйныя абрады і святы ў сваіх вёсках. Госці могуць далучыцца да майстар-класа, пагутарыць з мясцовымі і пазнаёміцца з этнаграфічнай экспазіцыяй цэнтра традыцый Пагосцкага клубабібліятэкі. 

ПАВАГА ДА НОСЬБІТАЎ 

Важнай умовай удзелу гасцей у свяце з’яўляецца выкананне патрабаванняў этычнага кодэкса стасункаў з носьбітамі нематэрыяльных культурных каштоўнасцей — адмысловай памяткі аб правілах паводзін. Да прыкладу, ажыццяўляць камунікацыю з носьбітамі можна толькі пры ўмове іх папярэдняй інфармаванай згоды аб мэтах і выніках такой камунікацыі. Трэба строга выконваць рэкамендацыі супрацоўнікаў мясцовых арганізацый культуры, якія дапамагаюць у правядзенні традыцыйных цырымоній, а таксама не ўмешвацца і не перашкаджаць выкананню прынятых у пэўнай мясцовасці форм правядзення абрадаў і свят. 

Пры жаданні далучыцца да абрадавых і творчых практык або пераймання традыцыі, веды і навыкі неабходна набываць загадзя ў непасрэдным узаемадзеянні і кансультацыях з носьбітамі, паважаючы іх маральныя, матэрыяльныя правы і прыватнае жыццё, а таксама пры дапамозе супрацоўнікаў мясцовых устаноў культуры ў межах запланаваных адукацыйных і культурных мерапрыемстваў. 

Больш за дзесяць фальклорных калектываў у Жыткавіцкім раёне падтрымліваюць жывыя традыцыі, увасобленыя ў святах каляндарнага і сямейнага цыклаў, захоўваюць музычную культуру і ўзоры вуснай народнай творчасці. Акрамя “Юраўскага карагода”, яшчэ пяць элементаў нематэрыяльнай спадчыны раёна ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці і Сцвігі, які захоўваюць удзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Дубравіца” ў аграгарадку Рычоў, традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна майстрамі вёскі Перароў, традыцыя прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы, мастацкія практыкі салома- пляцення і майстэрства выцінанкі. 

АКТУАЛЬНЫЯ ПЫТАННІ 

Падчас пленарнага пасяджэння з прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Аляксей Гардзіенка. 

Кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар выступіў з дакладам аб досведзе Рэспублікі Беларусь па рэалізацыі Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. 

Аб выніках рэалізацыі праекта па вясновым абрадзе “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва UNESCO распавяла вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Каліноўская. 

Дырэктар Наўгародскай дзіцячай музычнай школы, мастацкі кіраўнік Наўгародскага фальклорнага тэатра “Кудзесы” Марына Бур’як падзялілася асаблівасцямі работы дзіцячай музычнай школы рускага фальклору па захаванні традыцыйнай мастацкай культуры. Кіраўнік народнага калектыву “Скарбонка” Капыльскага раённага цэнтра культуры Галіна Гурло распавяла аб захаванні і папулярызацыі каляднага абраду “Цары”, а навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея народнай славы Аляксей Комалаў выступіў з дакладам аб захаванні і папулярызацыі элемента “Будслаўскі фэст”. 

Пра лясное бортніцтва Лельчыцкага раёна ў рамках папулярызацыі і захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO на прыкладзе свята пчалы “Мядовы фальварак” распавяла дырэктар Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Іна Некрашэвіч. Кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чароўная саломка” Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, народны майстар Беларусі Ірына Коваль падзялілася досведам папулярызацыі мастацкіх практык саломапляцення ў сістэме дадатковай адукацыі. Аб традыцыі беларускай выцінанкі ў сістэме дашкольнага выхавання распавяла кіраўнік гуртка па выцінанцы Івацэвіцкай раённай клубнай сеткі, народны майстар Беларусі Наталля Кулецкая. 

Вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Кацярына Ігнацюк распавяла аб практыцы культурна-асветніцкай дзейнасці па захаванні і папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, уключаных у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, ва ўстановах клубнага тыпу Брэсцкай вобласці. Начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Лапкова падзялілася досведам па выяўленні і зберажэнні элементаў нематэрыяльнай спадчыны рэгіёна. 

Аб рэсурсах нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, унесенай у спіс UNESCO, у дзейнасці клубных устаноў Гродзеншчы¬ ны распавяла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. З дакладам аб досведзе захавання і папулярызацыі саломапляцення, выцінанкі і культуры беларускай дуды выступілі прадстаўнікі Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы: начальнік аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Аніта Шчэрбіч і яе намесніца Алена Рулева. 

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Сафрановіч распавяла аб досведзе падрыхтоўкі дасье нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека, распрацаванай і прадстаўленай у арганізацыю UNESCO на прыкладзе неглюбскай тэкстыльнай традыцыі. Начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алена Сергадзеева звярнула ўвагу на асаблівасці падрыхтоўкі матэрыялаў дасье “Культура беларускай дуды” для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. 

Вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Сурба распавёў аб культуры беларускай дуды, а прарэктар Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Казловіч — аб некаторых асаблівасцях падрыхтоўкі для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс UNESCO на прыкладзе дасье “Культура беларускай дуды”. У сваю чаргу, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна выступіла з дакладам “Да пытання прэзентацыі традыцыйнай культуры: відовішча і нарматыў”. 

КОЛА ГАСЦЕЙ 

Адна з асноўных мэт фестывалю — падтрымаць носьбітаў і пераемнікаў вясновага абраду “Юраўскі карагод” у Пагосце і іншых навакольных вёсках, стварыць умовы, каб адметныя праявы нематэрыяльнай спадчыны аднаўляліся ў аўтэнтычнай форме, захоўвалі сваю жыццяздольнасць і былі даступнымі для шырокага кола зацікаўленых асоб з усёй краіны. Да таго ж падзея мусіць пашырыць практыку праводзіць Юраўскія святы на тэрыторыі старажытнай Тураўшчыны. Яшчэ адна важная мэта — ушанаваць памяць і творчыя дасягненні носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія здолелі пераняць лакальную традыцыю ў сваіх продкаў і перадаць веды і ўменні новаму пакаленню. 

Удзельнікамі фестывалю зрабіліся больш за 200 чалавек, сярод якіх сябры фальклорных аб’яднанняў Гомельшчыны і Міншчыны, носьбіты і пераемнікі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Тураўшчыны, а таксама спецыялісты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з ўсіх абласцей Беларусі. Цягам двух дзён госці змаглі абмяняцца досведам і знайсці рашэнні, як найбольш якасна захоўваць свае мясцовыя традыцыі.

У рэгіянальным фестывалі ўзялі ўдзел народныя фальклорныя калектывы Жыткавіцкага раёна “Абібок”, “Веціца”, “Дубравіца”, “Лянок”, “Міжрэчча”, “Спасаўка”, “Сцвіжанка”, “Хільчанка”, а таксама запрошаныя фальклорныя калектывы — “Каханачка” з Лельчыцкага, “Напарачка” з Любанскага і “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўскага раёна. Узорныя дзіцячыя фальклорныя калектывы “Вянок” і “Калыханка” прыехалі на фестываль з Валожынскага і Мінскага раёнаў адпаведна, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” — з Ракава, а спеўны гурт “Стажары” Студэнцкага этнаграфічнага таварыства — з Мінска. З Вялікага Ноўгарада на фестываль завітаў фальклорны тэатр “Кудзесы”, які ў мастацкай форме распавёў пра Юраўскія традыцыі свайго рэгіёна. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі свята зрабіліся таксама студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія вывучаюць традыцыйны спеў і іншыя фальклорныя напрамкі, у тым ліку дзякуючы цесным стасункам з носьбітамі традыцый Тураўшчыны. 

Антон РУДАК 

Фота з архіваў устаноў і сайта president.gov.by