Захавальніцы традыцыйных тэхналогій

Бялыніцкі край славіцца не толькі мастакаміпрафесіяналамі, але і народнымі майстрамівіртуозамі. У даўніну яны з дапамогай простых прыёмаў, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы, стваралі шэдэўры. Цяпер тэхналогіі самародкаў-папярэднікаў адраджаюць і перадаюць наступным пакаленням супрацоўнікі Свяцілавіцкага сельскага Дома рамёстваў. 

Літаральна за дзясятак кіламетраў ад райцэнтра, што сёлета носіць статус Культурнай сталіцы, рунее аазіс традыцыйнай культуры. Сілкуюць яго тры чароўныя майстрыхі. Кожная не проста рэалізоўвае творчыя амбіцыі, а служыць свайму краю, землякам, старанна захоўвае даўнія тэхналогіі ды дзеліцца іх сакрэтамі з ахвотнымі. Карункапляценне і вязанне, ткацтва і вышыўка, бісерапляценне і лапікавае шыццё, выцінанка і выраб лялек — любая справа ў гэтых жанчын ідзе спорна. 

ТЭКСТЫЛЬНЫЯ ПРЫГАЖУНІ 

Загадчыца Дома рамёстваў Ірына Цітаўцова стала асвойваць тонкасці рукадзелля ў маленстве. Бабуля ды цётка перадалі неабходныя веды па традыцыйных жаночых занятках. Атрымаўшы профільную адукацыю, спадарыня Ірына шчыравала ў сферы бытавых паслуг і на настаўніцкай ніве. Дапамагаючы школьніцам спасцігаць асновы дамаводства, педагог і сама ўдасканальвалася, вывучала новыя тэхналогіі. Так да спадчынных майстэрстваў шыцця, вязання і вышыўкі дабавіліся саломапляценне ды іншыя віды народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 

Ірына Цітаўцова

Ірына Цітаўцова

Арсенал Ірыны Міхайлаўны надзвычай багаты. Пачаўшы працаваць у Доме рамёстваў, рукадзельніца знайшла справу, у якой змагла скарыстаць усе назапашаныя ўменні. Жанчына захапілася стварэннем тэкстыльных лялек у народных строях. Адна з фігурак апранута па даўніх узорах — так, як спрадвеку павялося ў Бялыніцкім краі. Касцюм прыйшлося аднаўляць па крупінках на аснове экспедыцыйных матэрыялаў ды ўспамінаў старажылаў. Карпатлівую працу Ірыны Цітаўцовай высока цэняць у ваколіцах. Пра тое сведчаць узнагароды рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Свята лялькі” ў Круглым. Цяпер майстрыха рыхтуе новыя вырабы да чарговага форуму. 

З ЮВЕЛІРНАЙ ДАКЛАДНАСЦЮ 

Неверагоднай прыгажосці карункі пляце Ала Кунічнікава. Яна прызнаецца, што творчасцю захапляецца з дзяцінства. Пачала вязаць, пэўна, гадоў у шэсць. Каб зімовай парою не сумаваць, седзячы ў хаце, дзяўчынка паціху вучылася ў матулі, як трэба працаваць кручком. Так і бавіла сцюдзёныя вечары за рукадзеллем, грэючыся на печцы. Пасталеўшы, Ала Віктараўна не пакінула захапленне маленства, заўсёды знаходзіла пасля работы час для даўняга хобі. А пазней лёс распарадзіўся, каб педагог са стажам перайшла ў сферу культуры, — і вось ужо дзевяць гадоў патомная майстрыха дапамагае іншым авалодаць вязаннем. 

Ала Кунічнікава

Ала Кунічнікава

Хоць галоўнай крыніцай натхнення сталі матуліны ўзоры, нямала вобразаў ды ідэй Ала Кунічнікава пераняла ад свяцілавіцкіх старажылаў. Апірышчам у працы служаць і прадметы, прыдбаныя ў этнаграфічных экспедыцыях, і падарункі гурткоўцаў. Рэканструкцыі на першы погляд і не адрозніш ад арыгіналаў. 

Кожную работу Алы Віктараўны можна лічыць цудам, што ўражвае тэхнічнай дасканаласцю і крэатыўнасцю. Нельга не здзівіцца, з якой ювелірнай дакладнасцю майстрыха рэканструявала вясельны вянок — кручком са швейных нітак. За гэтае ўпрыгажэнне аўтарка ўдастоілася дыплома І ступені на міжнародным конкурсе “Таленты Расіі”. 

ТАЯМНІЦЫ АРНАМЕНТУ 

Самая маладая работніца Дар’я Гануленка шчыруе ў Доме рамёстваў чацвёрты год. Дзяўчына трапіла ў Свяцілавічы па размеркаванні і, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, засталася. Як і калегі, яна знітавана з рукадзеллем з самага маленства. Дзядзька, магілёўскі жывапісец Дзмітрый Пухоўскі, даволі рана прыкмеціў здольнасці пляменніцы і параіў запісацца ў мастацкую школу. Паціху Дар’я асвойвала розныя віды творчасці — і ў рэшце рэшт звязала прафесійнае жыццё з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. 

Дар’я Гануленка

Дар’я Гануленка

Хоць у вучэльні і ва ўніверсітэце давялося паспрабаваць сябе ў мностве кірункаў, майстрыха ўсё ж засяродзілася на ткацтве і вышыўцы. Цяпер Дар’я рэканструюе старадаўнія ручнікі, стварае аўтарскія працы на аснове аўтэнтычных узораў, вучыць дзяцей і дарослых упраўляцца з кроснамі. Невычэрпнай крыніцай натхнення дзяўчына лічыць рарытэтныя тканіны, колісь вырабленыя мясцовымі рукадзельніцамі. Разгадваць таямніцы арнаменту — асаблівае задавальненне для маладой рамесніцы. 

ПАДОЎЖЫЦЬ ЖЫЦЦЁ СПАДЧЫНЫ 

Свяцілавіцкія майстрыхі з радасцю дзеляцца сакрэтамі творчасці, распавядаюць ахвотным пра звычаі краю, таму не абмінаюць ніводнай магчымасці прычыніцца да імпрэз як у Бялыніцкім раёне, так і за яго межамі. Традыцыяй сталі паездкі на фестываль-кірмаш “Вясновы букет” у Мінску. Акрамя таго, свае набыткі рукадзельніцы прэзентавалі на рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, культурна-спартыўным фестывалі “Вытокі”, абласных “Дажынках” і іншых мерапрыемствах. 

Падчас майстар-класа

Нярэдка ў Доме рамёстваў збіраецца мясцовая дзятва. Хлопчыкі і дзяўчынкі захоплена слухаюць аповеды пра звычаі продкаў ды старанна вучацца вырабляць сувеніры сваімі рукамі: тэкстыльных лялек, упрыгажэнні і паясы з саломкі, цацкі з гліны і салёнага цеста. Пад Новы год юныя аўтары шчыруюць над паштоўкамі, аздобленымі выцінанкай. 

— Мы імкнёмся зберагаць традыцыі і ўплятаць іх у сучаснае жыццё. Важна, каб рамесныя вырабы станавіліся не толькі музейнымі экспанатамі, а служылі людзям, выконвалі, як і раней, утылітарныя і дэкаратыўныя функцыі, — лічыць загадчыца Дома рамёстваў Ірына Цітаўцова. — Творы паводле даўніх узораў да месца і ў цяперашні час, поўны вынаходстваў і тэхналогій. Менавіта культурная спадчына робіць людзей народам. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва ўстановы