Звязаць эпохі

Апублiкавана: 30 мая 2024 Стужка Тэатры Мінск Прэс-клуб

Аўтар: Аўтары

Мастацкія прысвячэнні 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рыхтуюць амаль усе творчыя калектывы. Не мог абмінуць знакавую дату і Вялікі тэатр Беларусі. У чэрвені трупа прэзентуе маштабную вакальна-харэаграфічную пастаноўку “Патэтычны дзённік памяці”. 

Стваральнікі спектакля паставілі перад сабой задачу саткаць унікальнае палатно, якое адлюструе сучасны погляд на трагічныя падзеі, што разгарнуліся на нашай зямлі дзесяцігоддзі таму. Каманда імкнецца не проста вярнуць гледача ў мінулае, а сцерці часавыя межы і звязаць эпохі. 

— Мастацтва мусіць бударажыць розум, выхоўваць чалавека, зберагаць важныя гуманістычныя кампаненты. І захаванне гістарычнай праўды я лічу абавязкам кожнага, у тым ліку творчых асоб. Таму ўсе сілы тэатра аб’ядналіся, каб адгукнуцца на такую важную тэму, — адзначае галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная. — Мы імкнёмся да цікавага, эмацыйнага, высокамастацкага прадукту, што падштурхне людзей розных пакаленняў да глыбокага перажывання, да роздуму аб тым, якім складаным і страшным быў шлях да вызвалення. 

Пастаноўка грунтуецца на шматлікіх дакументальных сведчаннях. Стваральнікі шчыльна супрацоўнічаюць з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вывучаюць новыя выданні аб генацыдзе беларускага народа, збіраюць успаміны відавочцаў крывавых падзей, даследуюць дзённікі. 

Кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Алег Хадоска і галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная

Кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Алег Хадоска і галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная

У аснову спектакля пакладзена музыка айчынных кампазітараў розных пакаленняў. Храналагічныя рамкі ўражваюць: ахоплены больш як пяцідзесяцігадовы адрэзак мастацкай гісторыі Беларусі. У адзінай партытуры сплеценыя работы цэлай плеяды славутых майстроў — Анатоля Багатырова, Генрыха Вагнера, Яўгена Цікоцкага, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка і іншых. Гэта не толькі оперныя ды балетныя творы, але і інструментальная музыка, песні. Манументальную мазаіку з мноства яркіх элементаў складвае кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Алег Хадоска. 

— У нашай краіне ўсе — ад малога да старога — ведаюць пра трагічныя старонкі мінулага. Памяць пра вайну жыве. Аднак без эмацыйнага перажывання тых падзей, якому спрыяе мастацтва, немагчыма да канца ўсвядоміць, праз што прайшлі нашы продкі. Мы хочам, каб гледачы з дапамогай музыкі прапусцілі праз сябе ўсе пачуцці, якія суправаджалі людзей падчас ліхалецця. А там было месца і страху, і лірыцы, і гумару, — падкрэслівае творца. 

Праект унікальны тым, што не толькі сілкуе памяць аб вайне, але і ажыўляе магутны пласт нашай музычнай спадчыны. У культурную прастору вяртаюцца творы, якія даволі рэдка можна пачуць на беларускай сцэне. Некаторыя кампазіцыі выконваліся толькі аднойчы. Пастаноўшчыкі “Патэтычнага дзённіка памяці” літаральна ратуюць іх ад забыцця, такім чынам аддаючы належнае выдатным папярэднікам. 

— Падобнай працай я ніколі раней не займаўся, і справа гэта даволі складаная. Неабходна было праслухаць вялікую колькасць твораў ад 1930 гадоў да сучаснасці. У працэсе адкрываюцца сапраўдныя жамчужыны. Прыкладам, вакальна-сімфанічная паэма “Вайна не патрэбна” Ігара Лучанка стаіць асабняком у спадчыне кампазітара. Тут майстар паўстае зусім іншым, чым мы прызвычаіліся яго бачыць. Уся музыка, да якой звяртаемся, вельмі жывая і не можа пакінуць нікога абыякавым. Верагодна таму, што аўтары зведалі на сабе жахі вайны, — дзеліцца асаблівасцямі працы над праектам Алег Хадоска.

У гэтым манументальным творы пакажуць, як вядомыя майстры адгукаліся на розныя старонкі Вялікай Айчыннай. Перад аўдыторыяй паўстане маштабная карціна музычнай гісторыі нашай краіны. 

— Ніводная з кампазіцый не пакіне публіку абыякавай, — запэўнівае Ганна Маторная. — Вакальна-сімфанічная паэма “Героям Брэста” Генрыха Вагнера — унікальная работа, надзвычай яркая ў эмацыянальным плане. Узрушае і вакальна-сімфанічная паэма “Вайна не патрэбна” Ігара Лучанка. Па сутнасці назва гэтага твора стала своеасаблівым лозунгам, канцэптуальным выказваннем: мы павінны зрабіць усё, каб трагедыя больш ніколі не паўтарылася. Нельга забыць мільёны забітых і закатаваных, нельга забыць спаленыя вёскі і разбураныя гарады.